Выбрать главу

Афіцыянтка прынесла піва, каўнік, цукеркі і два пірожныя. Адкаркавала адну бутэльку, паставіла перад Ігарам.

— Табе наліць? — спытаўся Ігар.

— Паўбакала.

Ён асцярожна напоўніў яе бакал па самыя берагі пушыстай белай пенай, потым наліў сабе.

— За сустрэчу, — сказала Галіна.

— За сустрэчу, — задумліва паўтарыў ён.

Яны моўчкі пілі, не гледзячы адно на аднаго. Размова не клеілася.

— А зуб ты часам не ў сутычцы з кітом страціў? — нявесела пажартавала Галіна.

— Ды не, разбалеўся, лячыць не было калі...

Галіна адставіла пусты бакал, наліла ў кубачак кавы.

— Цудоўны нацюрморт: піва, кава, цукеркі, пірожныя, — сказала яна, абы нешта сказаць, абы абарваць гэтае шчымлівае маўчанне.

Але ён прамаўчаў. Галіна паглядзела на немаладую пару: абое нетаропка пілі чай.

— Хочаш, падкажу тэму для невялікай навелы? Назавеш яе «Двухгалоссе». У ёй будзе зусім мала слоў, адны рухі, жэсты і міміка. I Каханне — з вялікай літары. Вялікае каханне.

— Не трэба. Каханне, жанчыны — усё гэта мінулася. Справай, справай займацца трэба.

— Як хочаш. А дарэмна, было б цікава.

Кафэ паволі запаўнялася. I пачуццё адарванасці ад свету таксама паволі знікала. Новыя людзі, афіцыянткі, якія ўжо снавалі сюды-туды, пахі ежы парушалі нядаўнюю атмасферу інтымнасці.

— Скажы, — Галіна ўся напружылася, — ты хоць зрэдку ўспамінаў пра мяне?

Ігар падліў сабе піва ў бакал.

— Не, не было калі. Працаваў шмат.

На вуліцы пачалася завіруха. I ад павеваў ветру цёмна-вішнёвыя што­ры на вокнах надзімаліся і рабіліся падобнымі на ветразі. Пунсовыя ветразі. Але ўсё роўна за вокнамі было ўжо не мора.

Галіна кінула ў каву драбок цукру, маленькай лыжачкай пачала расціскаць яго, пакуль не адчула, як цукар мякчэе і растае.

— Праз дзесяць дзён ад’язджаю ў Польшчу. Будзем здымаць сумесны фільм. Мігуля натрапіў у архівах на такія дакументы аб вайне, пра якія наогул ніхто не ведае. Жудасныя...

Галіна прыўзняла галаву і заўважыла, што мужчына ў дымчатых акулярах уважліва глядзіць на яе. Яна не адвяла вачэй, і ён па-змоўніцку ўсміхнуўся. Зубы ў яго былі белыя і роўныя, нібы ўстаўныя. Галіне зрабілася смешна, і яна ўсміхнулася ў адказ. Ігар змоўк, здзіўлена назіраючы за ёй.

— 3 чаго ты смяешся?

— Я не смяюся, а ўсміхаюся.

Ёй раптам стала ўсё абыякава: і гэтая недарэчная сустрэча, і пустая размова, і Ігар, які сядзеў перад ёй, — муж па дакументах і невядома хто напраўдзе. Чалавек, праз якога яна сапсавала сабе столькі нерваў, што пра гэта было страшна ўспамінаць.

— Ігар,— стараючыся ўсё ж здавацца спакойнай, сказала яна, — я лічу, што нам трэба аформіць развод.

Рука, што трымала бакал, міжволі ўздрыгнула, і Ігар паставіў бакал на стол.

— А я табе краба прывёз. Маленечкага. — Ён палез у адну кішэню пінжака, потым у другую. — Чорт! Відаць, у куртцы пакінуў. I цыгарэты так­сама.

— Тут усё роўна не кураць.

Але ён хапатліва працягваў корпацца ў кішэнях. Потым пачаў выкладаць з іх на стол усялякую драбязу. Галіна заўважыла валідол і заклапочана зірнула на Ігара. Раней ён ніколі не скардзіўся на сэрца, а прыняць таб­летку для яго было немагчыма. Яна прыгадала, што некалькі месяцаў на­зад памёр ад сэрца адзін з яго лепшых сяброў, аператар-пастаноўшчык. Паехаў на здымкі і там... Колькі ж яму было? Гадоў сорак пяць. Жонка потым казала, што на сэрца ён ніколі не скардзіўся. А можа, утойваў хваробу? Гэта быў у яго трэці шлюб, і жонка стала ўдавою зусім маладзенькая. Напэўна, ён спадзяваўся жыць доўга. Доўга і шчасліва. А ці бывае шчасце доўгім?

Завіруха, што ўсё мацней усходжвалася за вокнамі, паглынула ўсё святло, і ў кафэ зрабілася зусім цёмна. Ігар, так і не знайшоўшы краба, пачаў распіхваць па кішэнях свае дакументы, блакноты, паперкі з нейкімі запісамі, нумарамі тэлефонаў. Твар яго быў задумлівы, засяроджаны — звычайны твар, з якім, бывала, ён браўся за работу. I калі б не гэтая хлапатлівасць, яна б ніколі не здагадалася, што ён хвалюецца. Хвалюецца! Але, пэўна ж, не ад таго, што можа страціць яе, а ад нечаканасці. Ён настолькі звыкся з яе каханнем, з яе адданасцю...

Чаму ён, рэжысёр, думала Галіна, чалавек, які патрабаваў ад акцёраў дакладнай логікі ў паводзінах, чаму ён ніколі не імкнуўся зразумець яе? I што прываблівала яе да гэтага чалавека, якога цяжка назваць прыгожым, але ў якім столькі незалежнасці, упэўненасці, што часам карцела заплюшчыць вочы, адчуць сябе проста слабай жанчынай і пайсці за ім услед. Услед за сапраўдным мужчынам. Сапраўдным? Галіна нявесела ўсміхнулаюя. Хто, як не яна, ведаў, якім слабым мог быць гэты сапраўдны мужчы­на. Але нават гэтым ён толькі мацней прывабліваў. I ўсё ж жыць, як раней, яна болей не магла.