Выбрать главу

Зноў яны маўчаць. Ён невялічкімі глыткамі п’е піва. Яна малюе паль­цам на паліраванай паверхні стала нейкія ўзоры. Сэнс іх сустрэчы хоць і павольна, але даходзіць да яго.

— У цябе нехта ёсць? — нарэшце пытаецца ён.

«Нехта ёсць». Да чаго ж зручная формула! Варта толькі з ёю пагадзіцца, і ўсё — сутнасць канфлікту ўмомант мяняецца. Прычына знойдзена, прычына — не ён, прычына — трэцяя асоба.

Галіна адмоўна круціць галавою. Не, мой мілы, прычына — у нас саміх, холькі наўрад ці ты яе дашукаешся. Гэта ж не фільм, дзе ты не супакоішся, пакуль не раскрыеш збольшага душы сваіх герояў, гэта ж канкрэтная сітуацыя. Ты і я, як тыя двое, на якіх ты нават не зірнуў.

— Ну што ж, калі ты вырашыла... — сказаў ён.

Бач: яна вырашыла! А ён убаку, ён — чужы чалавек.

— Я не вырашыла, а падвяла рысу пад тым, што ў нас з табой адбываецца, — павольна прамовіла яна, — Мы нібы за падвойным шклом — і разам, І паасобку. У кожнага сваё жыццёвае поле, а тое, што адбываецца на суседнім, нікога не цікавіць, дакладней кажучы, не нікога, а цябе. Стукается, стукается, і ніякага адказу. Я не патрэбна табе. Лялька, якую трымаюць у кватэры дзеля інтэр’еру.

Ігар здзіўлена паціснуў плячыма.

— Зусім звар’яцела! Калі гэта я ставіўся да цябе як да лялькі? Праўду кажуць, бабы ўсе аднолькавыя. Абы валіць з хворай галавы на здаровую! — Ён стомлена адкінуўся на спінку крэсла, — Ды да цябе не ведаеш, як падступіцца. Усё на нерве, з ранку да вечара ў сваей рэдакцыі, дадому прыйшла — адразу на тэлефон. Разагнала ўсіх маіх сяброў...

— Няўжо ўсіх? — пакпіла Галіна.

— Цяпер жа ў нас з Сярожам спакойна, а абед я і сам як-небудзь згатую.

— Дык Сярожа зноў жыве ў цябе? —не стрымалася Галіна.

— У яго з бацькамі новы канфлікт, — неахвотна адказаў Ігар.

— Ну ведаеш, ад тваёй дабрыні звар’яцець можна...

Дагаварыліся! А яна ж не хацела, каб іх размова ператварылася ў сямейную спрэчку.

Галіна паднесла да рота кубачак з астылай кавай і зноў сустрэлася позіркам з мужчынам у дымчатых акулярах. Той ужо даўно скончыў снедаць, але пайсці не спяшаўся, знарок марудзіў.

«Можа, пакакетнічаць? — падумала Галіна. — Папсаваць нервы мужу на развітанне?» I Галіна нібы неўпрыкмет кіўнула мужчыну галавой.

Ігар павярнуўся, запытальна паглядзеў на мужчыну, потым моцна сціснуў Галіне руку.

— Здаецца, мы з табою яшчэ не разышліся! А гэтаму тыпу я хутка паб’ю акуляры.

Галіна, іранічна пасміхаючыся, вызваліла руку. Як заўсёды! Толькі ў такія хвіліны яна адчувала, што ён не зусім раўнадушна ставіцца да яе. Але хіба рэўнасць доказ кахання? Зняважанае пачуццё ўласнай годнасці, толькі ўсяго.

— Ты так і не адказаў: згодзен ці не? — зноў спыталася яна.

— Ты ж усё вырашыла. Ты ж разумная. Гэта ў цябе ад прафесіі,— згадаў ён словы, якія яна сказала ў першы вечар іхняга знаёмства, і з іроніяй паглядзеў на яе.

— Не будзем пачынаць усё спачатку, — ціха прамовіла яна.

— Спачатку ўжо нічога не пачнеш. — Твар у яго зрабіўся сур’ёзным. — Толькі даруй, ні ў які загс ці суд я не пайду.

— Як сабе хочаш. Але мне патрэбна пасведчанне. А яно ў цябе.

— У мяне? — здзівіўся Ігар.

— У тваёй кватэры, — удакладніла Галіна.

— Я заўтра еду ў камандзіроўку.

— Тады дай мне ключы, я сама яго знайду.

Ігар дастаў з кішэні нізку ключоў, аддзяліў адзін з іх і кінуў на стол. Галіна міжволі ўсміхнулася.

— Як заўсёды, носіш запасны пры сабе?

Але ён не адказаў. Падышоў да афіцыянткі, разлічыўся і выйшаў, моцна штурхнуўшы плячом дзверы.

Вось і ўсё, з сумам падумала Галіна. Яна ўявіла, як ён ідзе зараз па вуліцы, пад снегам, без шапкі, адзінокі, спустошаны, і ёй да слёз стала шкада яго, сябе. I каб не расплакацца, яна абхапіла галаву рукамі, моцна сціснула далонямі скроні і зажмурылася. Усё добра, усё правільна, усё мінецца, забудзецца. Лепей перахварэць каханнем адзін раз, чым пакутаваць усё жыцдё. Раптам адчула, як нехта крануў яе за плячо. Расплюшчыла вочы. На месцы Ігара сядзеў мужчына ў дымчатых акулярах, і гэта ёй зараз здалося ледзь не кашчунствам.

— Пасварыліся? — спачувальна спытаўся ён.

— Што вам трэба? — Яна ўжо забылася, як перамігвалася з ім.

— Я магу вам чым-небудзь памагчы?

— Ды адчапіцеся ад мяне! — выгукнула яна, схапіла сумку і пабегла да выхаду.

5

Да Ігара Галіна паехала праз некалькі дзён. Падняўшыся на ліфце на сёмы паверх, яна падышла да дзвярэй, прыслухалася. Музыка. Значыць, Ігар дома. Можа, і не адзін. Сустракацца з ім яшчэ раз не хацелася, але і адступаць было позна.