— Цябе «мадам» выклікае, — сказала яна.
Калі галоўны рэдактар выклікала супрацоўнікаў праз сакратарку, гэта азначала толькі адно — чакай непрыемнасцей.
— Навошта? Не ведаеш? — спыталася Галіна.
— He, але, здаецца, не дзеля таго, каб прапанаваць дармавую пуцёўку на Паўднёвы бераг Крыма, — паціснула плячыма Ніначка.
Галоўны рэдактар працавала ў іх газеце два гады, але за гэты час настроіла супраць сябе ўвесь калектыў. Атрымаўшы ў сорак пяць гадоў рэдактарскае крэсла, «мадам» больш усяго на свеце баялася яго згубіць. «Вы ведаеце, як цяжка размаўляць з Пятром Пятровічам», — звычайна казала яна, калі не прымала той ці іншы крытычны артыкул. На планёрках яна заяўляла: «У нас не Азія, не Узбекістан, на нашу рэспубліку раўняецца ўся краіна, дык і пакажыце, як трэба жыць і працаваць».
Калі Галіна зайшла ў кабінет, «мадам» засяроджана чытала нейкі ліст. Выгляд у яе быў хмурны. Губы сціснуты, вадзяністыя вочы з-пад вялікіх акуляраў нядобра паблісквалі. На стале з недапітай шклянкі чаю падымалася лёгкая пара.
— Сядайце, Муравіна,— прамовіла рэдактар і працягнула некалькі машынапісных лістоў. Галіна пазнала свой матэрыял, — Што гэта такое? — металічным голасам спыталася яна.
— Мой водгук на артыкул, — спакойна адказала Галіна.
— Вы ведаеце, хто напісаў той артыкул? — спытала рэдактар.
— Так.
— Вы супраць беларускай мовы?
— Я супраць таго, каб у адну кучу валілі замежную і беларускую мову. Самы надзейны шлях — спачатку давесці ідэю да абсурду, а потым загубіць яе. Як можна сур’ёзна сцвярджаць, што дзеці, якія вывучаюць замежную мову з першага класа, з’яўляюцца праваднікамі буржуазнай маралі ў нашым грамадстве?! Я таксама вучылася ў спецшколе...
— А я не пытаюся, дзе вы вучыліся! — закрычала рэдактар. — I пра вашу думку ніхто не пытаецца! Не вам павучаць кандыдата навук, дачку вядомага пісьменніка!
— Ах, вось у чым справа, — паблажліва паківала галавою Галіна.— Ну што ж, калі вы лічыце, што мой артыкул перакрые дарогу ў Саюз пісьменнікаў вашаму мужу...
— Вон! — закрычала рэдактар і так стукнула кулаком па стале, што ледзь не перакуліла шклянку з чаем.
Ну вось і ўсё. Трохмесячнае перамір’е скончылася. «Мадам» гэтай выхадкі ёй не даруе. Можна падвесці вынік: у перспектыве — развод і звальненне. Поўны жыццёвы крах. Прыйдзецца пайсці ў які-небудзь кааператыў пячы піражкі. Хоць галава ні пра што не будзе балець. Галіна зноў разгарнула газету. Інтэрв’ю з урачом-алерголагам.
«Праяўленні алергіі носяць самы незвычайны характар, — прачытала яна. — Аднойчы да нас звярнулася дзяўчына, у якой пры сустрэчы з жаніхом адразу ж пачынаўся галаўны боль. Вяселле магло і не атрымацца. Аднак абследаванне паказала, што ў дзяўчыны алергія на французскі адэкалон, якім карыстаўся яе жаніх».
Добра жывём! Галіна адкінула газету. Алергія на французскі адэкалон! Анекдот з доктарскай практыкі. Можа, ёй таксама звярнуцца да дактароў? Можа, і ў яе алергія? Можа, ва ўсіх алергія? Можа, усе канфлікты тлумачацца простай алергіяй? Дарэчы, Ігар таксама цярпець не мог ні французскія духі, ні французскі адэкалон. «Самы лепшы пах — гэта пах чыстага цела», — казаў ён.
Галіна ўспомніла, як упершыню, збіраючыся да яго на спатканне, надушылася «Мажы нуар», і як ён адразу ж прымусіў яе памыць шыю. А яна адчувала сябе так, быццам яе прымусілі адмыцца ад паху кароўніка. Але алергіі ў яго не было. Проста ён адразу ж падпарадкоўваў чалавека, прымушаючы пераймаць свой густ, звычкі, погляды. Ці ты ідзеш разам з ім, ці...
— Чаму ты такі ўзурпатар? — аднойчы спыталася яна.
Яны сядзелі на кухні, вячэралі, і Ігар з абурэннем распавядаў, як нейкі рэдактар прапанаваў яму замяніць аднаго з акцёраў. Маўляў, той не пацягне. I як ён трыма словамі адбіў у яго ахвоту лезці ў чужыя справы.
— А можа, гэта ты памыляешся? — уступілася Галіна за рэдактара.— Можа, ён табе раіў ад шчырага сэрца? Урэшце, кіно — калектыўная творчасць, і твая думка не ісціна ў апошняй інстанцыі.
— Па-першае, — Ігар спахмурнеў, — работа можа быць калектыўнай, а творчасць — ніколі. А ў нас чамусьці лічаць, што калі ў рабоце прымаюць удзел хоць бы тры чалавекі, дык гэта ўжо калектыў, дзе ўсе аднолькавыя творцы. I таму кожны чыноўнік, трапіўшы працаваць на кінастудыю, механічна прылічвае сябе да творцаў і сваімі ідыёцкімі парадамі пачынае перашкаджаць рабоце. Але за вынік пытаюцца з аднаго — з рэжысёра. I таму, калі я адзін нясу адказнасць, дык і тварыць я таксама хачу адзін. Хай будуць памылкі, але гэта мае памылкі, і за іх я таксама адказваю адзін. I, па-другое, я нікога не узурпірую. Я стаўлю задачы, якія ўсе павінны выконваць. Я дазваляю спрэчкі і абмеркаванні на падрыхтоўчым этапе, але ў час здымак — прабач. Ніякай балбатні. Усё павінна падпарадкоўвацца адной ідэі.