Галоўны герой развёўся з жонкай, кінуў горад, кватэру, пасяліўся ў вёсцы. I вось мінуў год. Цяжкі для яго год. Іншы лад жыцця, іншыя праблемы. Вайна са старшынёю, з калектывам, п’янствам, марнатраўствам, з уласнымі сумненнямі. I калі, нарэшце, лёд зрушыўся, калі большасць людзей усвядоміла, што не пра сябе, не пра сваю кар’еру клапоціцца ён, змагаючыся з безгаспадарчасцю, герой раптам адчуў, што стаміўся і ніколі тут не прыжывецца. Бо адзін ён не здолее перайначыць тое, што складалася дзесяцігоддзямі, перадавалася з пакалення ў пакаленне, усмоктвалася з малаком маці, — псіхалогію дробнага ўласніка.
Ён ідзе па лузе. Адзінокі чалавек, сам па сабе, які пацярпеў у жыцці яшчэ адно фіяска. Над ім — незвычайна яркае сіняе неба. Пад нагамі — маладая, сакавітая трава, што сцелецца па зямлі зялёнымі хвалямі. Але ён нічога гэтага не заўважае. Вера, надзея, любоў — усё гэта ў мінулым. А наперадзе што?
Раптам ён спыняецца — пад нагамі параненая ластаўка. Ён асцярожна бярэ яе, кладзе на далонь, азіраецца. Як апынулася яна тут? Маленькая, галодная, бездапаможная, з перабітай лапкай. Ён ласкава гладзіць яе, падыходзіць да ручая, дае ёй напіцца, сядае на адхон, глядзіць на празрыстую імклівую ваду. Побач, кульгаючы на адну лапку, скача птушка і весела шчабеча. Дзіўна, але ён адчувае, што нягледзячы ні на што ўсё ж любіць гэтае неба, і гэты ручай, і гэтую ластаўку. Ён узнімае галаву і зажмурваецца.
Застанецца ён у вёсцы ці вернецца ў горад? Справа не ў гэтым. Галоўнае — поле душэўнага напружання, што стварылася вакол яго, пэўны паварот у грамадскай свядомасці. Зламаны чалавек і жыццесцвярджальны матыў, які павінен гучаць у гэтай сцэне, як звон, як набат. Але ж як гэтага дамагчыся?
Можна, вядома, пайсці па правераным шляху: даць патрэбную музыку, эфектны пейзаж. Можна закрануць найбольш чуллівыя струны ў душы гледача. Можна ўсіх падмануць. Але падмануць сябе?! Ад сябе ж не схаваеш сваёй бездапаможнасці.
Ігар прыўзняўся на локцях і агледзеўся. Усе яшчэ адпачывалі. Узгорак, на якім сядзелі калгаснікі, апусцеў. Цішыня, што зараз панавала на здымачнай пляцоўцы, здавалася нязвыклай. Ігар зноў лёг на спіну і заплюшчыў вочы. Рашэнне не прыходзіла. Нешта разладзілася. А спачатку ўсё ішло як па масле. Працавалі на адной хвалі, і мізансцэны ўсе атрымліваліся ледзь не з першага разу. Нехта нават пажартаваў наконт прэміі за эканомію стужкі. А ён падумаў: «Усё вельмі проста: Галіна прыехала». I ўсё, нібы сурочыў. Палаяліся з аператарам. А ў гэты час Алка, якая іграла былую жонку героя, спусцілася ў белых джынсах да ручая і вярнулася ў гразі па калені. Ён, не стрымаўшыся, сказаў некалькі рэзкіх слоў. Алка расплакалася. Дык што, здымаць яе ў кожным кадры ў новым адзенні? Потым яшчэ гэты кот, расфарбаваныя дзяўчаты. I ўсё. 3-за нейкіх дробязей здымка спынілася, і тая прыўзнятасць, з якой працавалі зранку, у адзін момант знікла і наўрад ці цяпер узновіцца.
Можа, трэба кідаць усё і вяртацца? Тым больш, што Галіна чакае. Недарэчна ўсё атрымалася. Зранку праспаў — забыў завесці будзільнік. Напярэдадні працавалі дванаццаць гадзін, прыехалі зусім стомленыя. Каб не тыя дажджы, усё ішло б нармальна, а то сядзелі, марнаваліся, чакалі сонца. Ды яшчэ гэты ёлуп, Вадзім. Паслалі ў Мінск праявіць стужку, а ён замест Мінска ў Ленінград заехаў. Паязды пераблытаў. Знарок не прыдумаеш... А Галка адно пытае: «Навошта мяне зваў? Грошы мог і па пошце атрымаць».
Якія грошы? Пры чым тут грошы? Што яна, жартаў не разумев? Проста шукаў зачэпку, каб прыехала. Ён усміхнуўся, раптам успомніўшы, як у паўзмрочнай зале яна брала ў яго інтэрв’ю. А ён назіраў, як яна паварочвае галаву, як смяецца, як ззяюць ад захаплення яе вочы. Спачатку ён назіраў за ёю. як прафесіянал, але недзе на сярэдзіне фільма скоса зірнуў на яе і адчуў, як у душы нешта зрушылася, сэрца сціснула і адпусціла, а па целе прабеглі лёгкія дрыжыкі. I потым, калі ездзілі па калгасах, увесь час успамінаў пра яе, і пачуццё чагосьці прыемнага, нейкай прыўзнятасці не пакідала яго.
Замест двух саўгасаў яны наведалі чатыры. I ў кожным іх так бурна прымалі, з такой шчырасцю і захапленнем, што абысціся кароткімі выступленнямі, як спачатку планавалі, было проста няёмка. Дадому вярнуліся каля трох гадзін ночы. Ён адамкнуў дзверы сваім ключом і вельмі здзівіўся, убачыўшы ў кватэры святло. Увайшоў у пакой. На тахце, скруціўшыся, як дзіця, спала Галіна. На падлозе валялася ручка і спісаныя аркушы паперы. Ён падняў адзін з іх, паспрабаваў чытаць, але почырк быў неразборлівы — некаторыя словы даводзілася адгадваць.
«Гэтая бязлітасная да іншых жанчын, па сутнасці, вельмі няшчасная. Яе аўтарытарнасць агрэсіўная. Але гэтую агрэсіўнасць можна параўнаць з агрэсіўнасцю двухгадовага дзіцяці, якое не ўсведамляе яшчэ, што ёсць нехта, дужэйшы за яго, і таму бясстрашна, з шырока расплюшчанымі вачыма, ідзе на любога ворага».