Выбрать главу

I не таму ж п’юць, што грошы з усіх кішэняў сыплюцца. У Ігара наогул грошай няма. За апошнюю карціну атрымаў — з даўгамі разлічыўся, бо, калі з жонкай разыходзіўся, паўтары тысячы пазычыў, каб кватэру размяняць. Зараз ізноў у доўг жыве. I «пашанцавала» ж яму з першай жонкай! Бацькоўскую хату праз яе страціў, з паўгода ў прыяцеля Кастуся Кудрэйкі жыў. Кастусёва жонка Леся казала, што Ігар тады адно што на леках трымаўся, не мог сабе дараваць, што як дурань папаўся ў лапы васемнаццацігадовай пачвары і зараз павінен з бацькоўскага дома з’язджаць. А на выгляд, кажуць, Ігарава жонка была прыгожая! Рускі сувенір. Шчокі румяныя, вочы вялізныя, сінія, валасы белыя, доўгія, ледзь не да пят. «Як мужчына ўбачыць, — па сакрэту расказвала Леся, — унутры нібы полымя загараецца. Вось Ігар і спакусіўся. Ды і не ён адзін. 3 кім яе толькі не бачылі, нават з арабамі. A Ігар, як любы мужчына, занадта ўпэўнены ў сабе, вядома, нічога не ведаў. Яшчэ і па магазінах хадзіў, ежу гатаваў, бо яна нічога рабіць не ўмела ці не хацела». Такім чынам Галіна даведалася, чаму Ігар ніколі не расказвае пра першую жонку.

Леся з Кастусём таксама былі дзіўнай парай. Кастусь — рэжысёр, аднагодак Ігара. Леся — былая акцёрка тэатра, на восем гадоў старэйшая за Кастуся. Маленькая, худзенькая, з кароткай стрыжкай, — жанчына без узросту. Дзяцей у іх не было, хоць жанаты яны былі даўно. Галіна веда­ла, што Кастусь здраджвае Лесі, а Леся Кастусю. Але на людзях яны ніколі не сварыліся і нават клапаціліся адно пра аднаго. Кастусь ужо два гады нічога не здымаў — быў не ў ладах з кіраўніцтвам студыі, Леся так­сама не працавала, бо ў тэатр яе не бралі праз маленькі рост і, акрамя таго, яна часта хварэла. На якія сродкі яны жылі, ніхто не ведаў. У двухпакаёвай кватэры мэблі амаль не было: тахта, пісьмовы стол, фатэлі і некалькі крэслаў. Тыя, хто прыходзіў да іх, прыносілі ежу: пельмені, сасіскі, хлеб, каўбасу. Абое пілі, але ўпотай. Кастусь звычайна хаваў бутэльку з гарэлкай за кнігамі на паліцы, Леся — на кухні на антрэсолі. Але самае дзіўнае, што гасцей у іх заўсёды быў поўны дом. Ігар лічыў сябе ім вельмі абавязаным і першае, што зрабіў, калі пазнаёміўся з Галінай, павёў яе да Лесі ў госці. На агледзіны, як потым зразумела Галіна. Ле­ся Ігараў выбар адобрыла і, калі развітваліся, шапнула Галіне: «Вось пабачыш, ён з табой ажэніцца». Але Лесіна прароцтва ўсё яшчэ не споўнілася. Ігар жаніцца не збіраўся.

Перад ад’ездам у экспедыцыю ў іх выпадкова адбылася непрыемная размова на гэтую тэму.

Ігар складаў свае рэчы ў вялізную сумку, яна прасавала яго кашулі. Настрой у яе быў панылы. Першы раз яны расставаліся на некалькі месяцаў, і ад думкі, што ўжо праз дзень яна не ўбачыць яго, шчымела сэрца, валілася ўсё з рук, хацелася, як у дзяцінстве, сесці на падлогу і ціха плакаць, плакаць, плакаць ад жалю да самой сябе. I, каб саўладаць са сваёй нервовасцю, Галіна з нейкай злосцю вадзіла прасам па кашулі. Але Ігар заўважыў яе слязлівы настрой. Падышоў ззаду, абняў за плечы.

— Ну чаго, чаго ты хвалюешся? Я ж не на ўсё жыццё еду. Прыедзеш да мяне.

— У якасці каго? — раптам спыталася Галіна.

— Любімай жанчыны, — адказаў ён.

Галіна адставіла прас, павярнулася.

— Ігар, мне абрыдла быць проста любімай жанчынай.

Ён зноў паклаў рукі ёй на плечы, паспрабаваў пажартаваць.

— Хочаш страціць любімую жанчыну — ажаніся з ёй. А я цябе страчваць не збіраюся.

— Так ты мяне хутчэй страціш, — хмура адказала Галіна. — Я ж вольная жанчына, без якіх-небудзь абавязкаў.

Ігар спахмурнеў, цёмныя вочы зрабіліся жорсткімі.

— Хіба пачуццё — гэта абавязак? Хіба з дапамогай шлюбу мужчына можа ўтрымаць жанчыну ці наадварот? Пра якія абавязкі ты гаворыш? Я кахаю цябе, ты — мяне. Што трэба яшчэ?

— Трываласць, будучае, — Галіна рэзка скінула з плячэй яго рукі, адвярнулася, каб ён не бачыў яе выразу твару. Яна адчувала сябе бездапаможнай і адзінокай. Пяць хвілін таму ёй здавалася, што ў яе жыцці ёсць апора, а зараз... зараз яна разумела, што мужчына ніколі не пераступіць праз свой эгаізм. Яна падышла да акна, колькі хвілін глядзела, як хлапчукі ганяюць у футбол, потым ціха загаварыла: — Я стамілася жыць у дзвюх кватэрах, разрывацца паміж табой і бацькамі. Ты хочаш, каб я ўвесь час была пры табе, а мама патрабуе, каб я была дома. I каб вас усіх задаволіць, я павінна лгаць, выкручвацца! Я стамілася! Стамілася! А ты не разумеет, не хочаш разумець, што значыць быць жанчынай! — Яна стомлена правяла рукой па твары, цяжка ўздыхнула.

Ігар уважліва назіраў за ёй.

— Колькі табе гадоў, Галіна? — Тон у яго быў міралюбны, але сухі. — Дарослая жанчына, а ўсё жывеш з аглядкай на маму.