Выбрать главу

«Так далей не пойдзе, — вырашыў Ігар. Акрамя расходу, стужкі мы нічога не даб’ёмся. Трэба яшчэ раз усё добра абдумаць».

Ён угледзеўся ў апатычную фігуру Яршова, і раптам яму здалося, што ён пачынае разумець, чаму не атрымліваецца кульмінацыйны эпізод.

— Стоп, стоп! — пляснуў ён у далоні.

Усе недаўменна паглядзелі на яго, але ніхто нічога не сказаў, толькі два ці тры чалавекі вялай паходкай падаліся да ручая.

Ігар адклікаў убок аператара і Яршова. Як растлумачыць, чаго ён ад іх хоча, калі думка, што хвіліну назад нарадзілася ў яго, была яшчэ блытанай, невыразнай?

— Ты калі-небудзь жыў у вёсцы? — спытаўся ён у Яршова.

— Жыць не жыў, але ездзіў на бульбу з інстытутам колькі раз.

— Ты, мусіць, хочаш яго ў вёску перасяліць, вясковага жыцця адведаць? — са з’едлівай усмешкай спытаўся аператар.

— Я хачу, каб ён разумеў свайго героя. I ты таксама, — адказаў Irap. — У кожнай сацыяльнай групы свае законы, свая псіхалогія. Праблема актуальная: гарадскі жыхар ірвецца ў вёску, а прыехаўшы, не мо­жа там ужыцца. Чаму? Я пытаю: «Чаму?» Чаму мы цяпер, калі гаворым пра народ, неапраўдана звужваем гэтае ёмістае паняцце, зводзім яго да аднаго класа? Чаму ў нас лічаць, што «народ» жыве выключна ў вёсках, а да шматлікага насельніцтва гарадоў не мае ніякага дачынення? Чаму мы ў канцы дваццатага стагоддзя, вывучыўшы гістмат і дыямат, ва ўсіх гаворках, дыскусіях аб адлюстраванні сельскага жыцця ў кіно і ў літаратуры выглядаем падобнымі да народнікаў, бо ўбіваем у галовы тых, хто нас чытае і слухае, што толькі сярод вяскоўцаў захоўваюцца маральныя нормы, традыцыі, што пакінулі нам продкі? Адкуль гэты крэн? I хто, нарэшце, у нас носьбіт перадавой маралі? Мы ж гэтымі тэорыямі зневажаем інтэлігенцыю, наспее час, і будучыня нам адпомсціць. — Ён змоўк, потым рэзка павярнуўся да Яршова, — Вось ты, напрыклад, разумеет, ча­му твой герой зламаўся?

— Слабак быў, — паціснуў плячыма Яршоў.

— Баба памагла, — скрозь зубы прамовіў аператар, які ляжаў на зямлі і пакусваў травінку.

— Баба была ў горадзе, — хмура сказаў Ігар. — У вёсцы ў яго прыгод няма.

— Слабак усюды слабак, — паўтарыў Яршоў.

— Э не, ён не слабак, — задумліва пакруціў галавой Ігар. — Ён наогул не слабак. Адважыцца ўсё кінуць і паехаць у вёску — на гэта не кож­ны здольны. I зламаўся ён не ад самой барацьбы, а таму, што не быў да яе падрыхтаваны. — Ігар адчуваў, што ён на верным шляху, і, спрабуючы знайсці больш дакладныя словы, разважаў далей: — Ён, гарадскі жыхар, стварыў сабе ідэал вёскі, як вяскоўцы шукаюць сабе ідэал у горадзе. Толькі яны ўцякаюць ад неўладкаванага быту ў пошуках матэрыяльнага камфорту, а ён уцёк ад уладкаванага быту ў пошуках душэўнага камфорту. А цяпер уявіце, як ён выглядае ў вачах вяскоўцаў. Уяві сабе, — Irap кіўнуў аператару, — што ты, чалавек мастацтва, сёння здымаеш фільм на вачах усёй вёскі, а назаўтра прыходзіш да старшыні і сур’ёзна заяўляеш, што табе ўсё абрыдла і ты хацеў бы тут застацца. Што табе скажа той жа старшыня?

— 3 глузду з’ехаў, — не задумваючыся, адказаў аператар, выплюнуў травінку і сеў.

— Во-во, з глузду з’ехаў. А ці не гэтак жа выглядае наш герой? Яго псіхалогіі, яго намаганняў ніхто не разумее. Яны ўсё жыццё працуюць без выхадных, без летніх адпачынкаў і мараць пра адно — як лепш уладкаваць сваіх дзяцей у горадзе. Яны гадуюць гэтых свіней, кароў, рачкуюць на сваіх сотках дзеля чаго? Каб даць дзецям грошы на кааператыў, каб дапамагчы ім звіць утульныя гняздзечкі ў горадзе. Яны жывуць гэтымі марамі! I раптам гэты чалавек, добраахвотньг ізгой, які з пагардай глядзіць на ўсе іх імкненні. Ды яны яго не проста не разумеюць, ён для іх — чужаніца. Ён пасяляе ў іх душах сумненне. Ён, равеснік іхніх дарослых дзяцей, нібы насмешка над іх ідэаламі. Жывы прыклад няўдалага гарадскога лесу. Чаму ён тут? Дзеля чаго? Але пра яго мінулае ім нічога не вядома...

— А як бы хацелася ведаць! — іранічна ўставіў аператар.

— Чакайце, чакайце! — усклікнуў Яршоў. — Гэткае чужароднае це­ла, невядома для чаго яно тут з’явілася.

— Так-так, — згадзіўся Ігар,— чужароднае цела. А калгас не з моцных. Парадку няма, дысцыпліны таксама. Бухгалтар дом на калгасныя сродкі пабудаваў — у АБКСМ ананімкі пасыпаліся.

— А можа, ён камісар Мегрэ? — хітравата прыжмурыў вочы апера­тар.— Во было б цікава! I як гэта мы раней да гэтага не дадумаліся?!

Але Ігар так зірнуў на яго, што той адразу асекся.

— I ўсё ж такі ён змагаўся, — разважаў далей Ігар. — Змагаўся, каб не страціць веру ў сябе. Толькі нашто яму гэтая барацьба, калі ён прыехаў у калгас у пошуках спакою?! Спакою! — спатыкнуўся на гэтым слове Ігар. — Вось у чым сакрэт! Герой наш — ідэаліст, які, выхоўваючы іншых, выхоўваецца сам.