11
Галіна ляжала на ложку і невідушчымі вачыма глядзела на столь. Вокны былі па-ранейшаму заштораны, і ў пакоі было душнавата і змрочна. Па столі, па сценах слізгалі яркія сонечныя палоскі, адбіткі доўгага летняга дня, з сумятні якога яна гэтак недарэчна аказалася выкінутай.
I навошта было прыязджаць? Везці сумку ежы і грошы? Хіба ў яе няма спраў, хіба ў яе не творчая работа? I абяцаў жа, што доўга не затрымаецца! А сам... Нябось, загарае дзе-небудзь са сваімі акцёрамі! Не, усё можна зразумець, дараваць, калі ведаеш, што ў чалавека ёсць пачуццё адказнасці. А ў яго? Hi пра што не дбае, нічым не даражыць. I яна яму патрэбна толькі дзеля таго, каб загойваць яго душэўныя раны.
...Пасля ўдачы на фестывалі Ігар вырашыў, што цяпер сцэнарыі паплывуць да яго, як рыба — касяком. А ён будзе сядзець з вудаю на беразе, нядбайна закідваць яе ў ваду, вылоўліваць рыбку і крытычна ацэньваць — падыходзіць яна яму ці не. Але сцэнарыяў не было. Ніякіх. Спачатку, месяц-другі, ён не турбаваўся. На студыі бываў рэдка, потым пачаў хадзіць часцей і часцей, званіў камусьці па тэлефоне, падоўгу нешта высвятляў, над кімсьці смяяўся, камусьці спачуваў, кагосьці падбадзёрваў.
Ёй нічога не казаў. Але яна заўважыла, што ў яго не ўсё ў парадку, па яго тоне, раздражнёнасці, па яго доўгіх адлучках, дзелавых сустрэчах. Аднойчы вярнуўся ўсхваляваны і з парога абвясціў, што знайшоў надзвычайны сцэнарый. Расказаў яго змест, меркаваў, якога ўзяць аператара, якіх запрасіць акцёраў. Яго прыўзнятага настрою хапіла на два тыдні. А потым пазваніў ёй днём у рэдакцыю і нейкім гулліва-бесклапотным тонам, ці быў п’яны, ці хаваў свой сапраўдны настрой, сказаў, што сцэнарый перахапілі і што сёння яны не сустрэнуцца, бо яму трэба кагосьці пабачыць. I ўсё. Знік, нібы скрозь зямлю праваліўся.
Ігара не было чатыры дні. На пяты Галіна абзваніла ўсіх яго сяброў і, не ведаючы, што рабіць далей, пайшла да Лeci.
Леся была дома адна, і яе выгляд Галіну ўразіў. Твар ў Лесі быў блеклы, нездаровы, валасы прылізаны. Шэрая самавязаная сукенка ўвесь час расхіналася, і з-пад яе было відаць брудную кашулю. Але яшчэ больш уразіла Галіну кватэра. У вялікім пакоі з адной сцяны былі садраны амаль усе шпалеры.
— Вы што, збіраецеся рабіць рамонт? — спыталася Галіна.
— Рамонт! — хмыкнула Леся і даверліва сказала: — Гэта я сама паздзірала.
— Навошта? — здзівілася Галіна.
— Разумееш, вяртаюся неяк з камандзіроўкі...
— Ты ўжо працуеш?
— Ды не, часова ўладкавалася. Дык вось, вяртаюся дамоў, нікога няма, а на крэсле ляжыць вязаная кофтачка. Дык я гэтую кофтачку распусціла, потым шпалеры садрала і брыгаду выклікала.
Галіна адчула, як ад жаху па целе пабеглі мурашкі.
— Нічога, падлячылі, — вяла сказала Леся. — Месяц пракачалася. Зараз зноў не працую.
— А Кастусь? — спыталася Галіна.
— Што Кастусь?! У бальніцу кожны дзень бегаў, прабачэння прасіў. Зараз з адным тыпам сцэнарый піша. Слухай, рубель не пазычыш, а то хлеба няма на што купіць, — папрасіла Леся.
Галіна дастала кашалёк і пакорліва працягнула тры рублі.
— А я зараз зусім не п’ю, — сказала Леся. — Кастусь не дазваляе. Дарэчы, пайду пагляджу, можа, у яго што-небудзь ёсць.
— Не трэба, — сказала Галіна. — Лепей чаю.
Леся паставіла на пліту чайнік.
— Леся, ты не ведаеш, дзе Ігар? — спыталася Галіна.
— Учора быў тут, а ўранку пайшоў, быццам бы дамоў.
— Я званіла, ніхто не падыходзіць.
— Мусіць, адключыў. Гэтым мужыкам усім лячыцца трэба. Справы той, сцэнарый перахапілі. Асмаловіча работа. А ён, бач, ганарысты! Да начальства не пайшоў, з Асмаловічам пачаў адносіны высвятляць, ледзь разнялі. Сабе ж горш зрабіў. Ты яго зараз не чапай, — параіла Леся. — Супакоіцца, сам пазвоніць. Мужыкі, яны любяць быць на кані. А ён, нябось, ужо і павыхваляўся?
— Павыхваляўся,— уздыхнула Галіна.
— Ну вось, усе яны аднолькавыя, нібы тыя дзеці, — па-мацярынску сказала Леся. — А мой з усім кіраўніцтвам палаяўся. Нехта на яго ананімку напісаў, што ён у час здымак п’е, і яго з карціны знялі. Звяругі! Ён жа тады ні кроплі ў рот не браў, хварэў, з тэмпературай на работу хадзіў, радаваўся, што працаваць пачаў. Парторг зайшоў, паглядзеў на яго, а твар у Кастуся аж гарэў увесь, вядома, чалавек хворы. I што? Знялі. Нават разбірацца не сталі.