Выбрать главу

— Няўжо ніхто не заступіўся? — здзівілася Галіна.

— А каму трэба? Звяжашся — сам у няміласць трапіш.

— Што праўда, то праўда, — згадзілася Галіна.

— Пайду я ўсё ж гляну, мабыць, у майго што-небудзь засталося,— усхамянулася Леся.

— Не трэба, — Галіна паспрабавала яе ўтрымаць, але Леся пайшла ў пакой і праз колькі хвілін вярнулася з пачатай бутэлькай віна.

— Вось так, нальём па чарачцы, ён і не заўважыць, — прымаўляла яна, разліваючы віно.

— Не, Леся, я не буду, мне яшчэ працаваць трэба, — сказала Галіна і паднялася.

— Як сабе хочаш, — безуважна прамовіла Леся. — Заходзь часцей. A Ігара не шукай, сам паявіцца.

Але Галіна Лесі не паслухалася і ў той жа дзень паехала да Ігара. Ён быў дома, і калі яна ўбачыла яго апухлы, палінялы твар, у ёй закіпела такая злосць, што яна з усёй сілы дала яму поўху. А ён балюча схапіў яе за плечы і, як кацянё, шпурнуў на тахту..

— Зусім ашалела! — прашыпеў ён і паказаў на дзверы. — Усё, можаш ісці. Канец камедыі, канец каханню.

Галіна паволі паднялася. Яна глядзела на яго панылую фігуру, на злыя насцярожаныя вочы і калацілася ад ярасці. I гэтага чалавека, гэтага алкаголіка яна кахала! Праз яго не спала тры начы, шукала па ўсяму гораду, сапсавала сабе ўсе нервы! I ён яе яшчэ выганяе! Дрыжачымі рукамі намацала ў сумцы ключы, шпурнула яму ў твар і кінулася за дзверы.

Яна бегла па вуліцы і нічога не бачыла перад сабой. Ногі правальваліся ў раскіслы снег, ляцелі ва ўсе бакі пырскі, здзіўленыя прахожыя саступалі з дарогі. I толькі ля тэлефона-аўтамата затрымалася, адубелымі рукамі — пальчаткі пакінула ў яго — набрала нумар Алены Русаковіч і, калі тая адказала, расплакалася.

Пазней, калі яна трохі супакоілася, яны сядзелі з Аленай на кухні, пілі чай і абмяркоўвалі гэтую гісторыю.

— Далі хлопчыку па галаве, — з’едліва казала Алена, — сцэнарый адабралі. I гэта цяпер мужчына называецца! Яго абышлі — і ён за бутэльку! Чаму мы з табой сваё гора віном не заліваем? Думаеш, у яго гэта першы зрыў? Пры табе — першы. I заўваж, так будзе і далей. Сёння — сцэнарый перахапілі, заўтра — творчы спад, паслязаўтра — не тую катэгорыю за фільм атрымаў. А акрамя няўдач яшчэ і святы будуць. I ведаеш, дзе ён скончыць са сваёй чулай псіхікай? У горшым выпадку — пад плотам, а ў лепшым — у прывілеяванай лячэбніцы.

Галіна слухала, апусціўшы галаву, і маўчала.

— I не надумай яму дараваць! — суровым тонам казала Алена. — Ты і так занадта чуллівая. Паглядзі, на каго падобная стала! Твар жоўты, пад вачыма сінякі. I гэта ўсяго за паўгода!

— Зіма, сонейка мала, — няўпэўнена адказала Галіна.

— Зіма, — перадражніла Алена. — Ты калі свае матэрыялы пішаш? Па начах?

— Бывае, — кіўнула Галіна.

— Дык чаго ж ты хочаш? Разрывацца паміж ім, работай, домам і яшчэ добра выглядаць?! I заўваж, усё гэта дарэмна. Бо ён тваіх намаганняў не ацэніць, а сінякі пад вачыма заўважыць. I калі сустрэне прыгожанькую дзяўчынку, хай пустышку, але свежанькую ды з паўднёвым загарам, гала­ву дам на адсячэнне — пабяжыць за ёю. — Алена ўстала, прайшлася па кухні і пераканаўча сказала: — Мужчыны любяць жанчын у квецені і робяць усё, каб тыя хутчэй завялі.

— Але чаму, чаму? — спыталася Галіна.

— Акуль я ведаю? — Алена падліла ў шклянкі чаю і зноў села. — Таму што так усё жыццё ідзе, пачынаючы з матрыярхату. Жанчына нясе ў сабе станоўчы, устойлівы пачатак. Паглядзі, нават у мове ўсе асноўныя, фундаментальныя паняцці — жаночага роду. Зямля, радзіма, любоў, вернасць. А алкагалізм, дарэчы, мужчынскага. — Яна задумалася. — Вось ты жывеш толькі ім, забылася пра сябе. За некалькі месяцаў спазнала ўсю кіношную кухню. А ён? Ці многа ён ведае пра цябе? Цікавіцца тваёй работай?

— Часам ён мне вельмі дапамагае, — запярэчыла Галіна. — Разумееш, ён можа зрабіць усяго адну заўвагу — і ўсё адразу праясняецца. Ён — мас­так, і чуццё ў яго беспамылковае. I потым, з ім робішся багацейшай. Ён жа пра ўсё на свеце ведае, ва ўсім разбіраецца: у жывапісе, музыцы, літаратуры.

— Пра ўсё на свеце ведае! Мастак! — перадражніла Алена. — Варэння пакладзі сабе. Цукар для мазгоў карысны — прачышчае. Калі ён мастак, ча­му ж цябе не адчувае?

— Можа, і адчувае, — нахмурылася Галіна. — Толькі ён слабы, а хоча здавацца моцным. I яшчэ самалюбства...

— Во-во, ты ўжо шукаеш яму апраўданні, — усміхнулася Алена. — Ну што ты яго ідэалізуеш? Паглядзі на яго збоку, паглядзі маімі вачыма! Самаўзвышэнне і эгаізм! Я разумею, табе зараз цяжка. Але ты яго не пераробіш. Гэта спецыфіка характару, якая ідзе ад спецыфікі работы. Вялізнай работы мозгу, вялізнага напружання. I хоць да такога стану яны прызвычайваюцца, але знаходзідца ў ім пастаянна, дзень пры дні, з году ў год, немагчыма. Звар’яцееш. Патрэбна разрадка. I яны разраджаюцца. Хто як: п’юць, гуляюць. Але ізноў не як усе, а нібы падключаныя да высокага напружання. Максімалізм ва ўсім: у побыце, рабоце, каханні і нянавісці. Сярэдзіны не бывае. Гэта цікава... Да нейкага моманту. А далей што? Ці ёсць у цябе ўпэўненасць, што ўсё гэта вытрымаеш, што, выкупаўшыся ў гэтым бурным вадаёме, не апынешся аднойчы на беразе, спустошаная і нікому больш не патрэбная? Кінь яго, кінь цяпер! Інакш, паўтараю, напакутуешся.