Калі Галіна вярнулася дамоў, бацькі ўжо спалі. Яна запаліла ў пакоі святло і доўга разглядала сябе ў люстэрку. Так, Алена мае рацыю. Трэба заняцца сабою: пайсці ў цырульню, да касметолага. Спярша свае справы і толькі потым — яго. Яго? А ці будзе ён наогул пасля ўсяго, што здарылася? I няўжо яна яму даравала?
Назаўтра ён патэлефанаваў у рэдакцыю.
— Прабач, — сказаў ён, — я быў вінаваты.
Яна паклала трубку. Рука па-здрадніцку дрыжала. Ён патэлефанаваў зноў.
— Ты забыла ў мяне свае пальчаткі.
— Пакінь іх сабе на ўспамін. — I яна зноў паклала трубку.
Ён патэлефанаваў у трэці раз:
— Сустрэнемся пасля работы.
...Яны стаялі побач, блізкія і чужыя, і вельмі адзінокія. Маўчалі, чакалі, але першага кроку ніхто не рабіў. Уздыхнуўшы, ён дастае з кішэні яе пальчаткі.
«Які ўпарты твар! — кідаецца ёй у вочы. — Але ў вачах мальба».
Ён падае пальчаткі. Яна павольна нацягвае іх. Ну вось і ўсё. Бела-шэры ўзор стракаціць перад вачыма. Зараз ён пойдзе... Яна марудна паварочваецца, але раптоўны парыў кідае яе да яго.
— Галіна, Галіна, — узрадавана шэпча ён, тулячы яе да сябе, а з яе вачэй павольна, адна за адной, коцяцца слёзы.
Гэтая сварка ўскалыхнула яго, але апатыя не праходзіла. Цэлымі днямі ён ляжаў на тахце, шмат чытаў, амаль не выходзіў з дому, не падыходзіў да тэлефона. Яна бачыла, што ён пакутуе, пакутавала сама, але дапамагчы нічым не магла.
Яе аптымізм здаваўся яму няшчырым, ад пустых падбадзёрванняў ён толькі злаваў, ды і сама яна адчувала, што ўсе яе словы былі вымучаныя, легкаважныя.
— Пасля добрай карціны ад цябе чакаюць яшчэ лепшай, — з прыкрасцю казаў ён. — А я змогся. I ведаю, што ні на што ўжо больш не варты.
Гэта гучала як прысуд. Абвінавачаны і суддзя зліліся ў адной асобе. На яе вачах чалавек гінуў, а яна нічога не магла зрабіць і баялася аднаго, каб ён зноў не запіў. Бо колькі ўжо бачыла алкаголікаў сярод акцёраў, якіх ніхто не здымаў, колькі счарсцвелых душ сустрэла сярод рэжысёраў і аператараў, якія па некалькі гадоў сядзелі без працы, перабіваючыся выпадковымі заробкамі. I што за бязлітасны свет, дзе не кожны талент знаходзіць сабе выйсце, дзе ўсё звязана паміж сабою і нішто ні ад чаго не залежыць! Вытворчасць, дзе нельга запланаваць удачу і дзе ўсё вісіць на валаску. Цікавы сцэнарый, які можа загубіць дрэнны рэжысёр, таленавіты рэжысёр, які не можа праявіць сябе, маючы на руках дрэнны сцэнарый. Працаваць дзеля грошай ці дзеля таго, каб працаваць? I апускацца, наперад ведаючы, што з тваёй працы нічога добрага не атрымаецца?
Уласны вопыт і інтуіцыя ёй падказвалі, што, калі ў чалавека творчы спад ці дэпрэсія, яму неабходна змяніць абстаноўку. Нездарма ж мастакі мінулага столькі падарожнічалі. Але Ігар пра адпачынак і слухаць не хацеў. I тады яна патэлефанавала ў Вільню Уладасу. Уладас, разважлівы, спакойны, нібы выключэнне з усёй кіношнай браціі, што-небудзь прыдумае, дапаможа.
I сапраўды, праз некалькі дзён Ігар сказаў, што званіў Уладас, відаць, нешта здарылася, бо той прасіў, каб ён прыехаў.
Ігар вярнуўся праз тыдзень, прывёз ёй падарунак — бурштынавыя завушніцы. Настрой у яго быў прыўзняты, бадзёры. Вочы па-добраму ззялі, а твар, здалося, пакруглеў.
— Але ж цябе там і адкармілі! — здзівілася Галіна.
— Калі ты навучышся гатаваць, як Уладасава жонка, дык я адразу з табою ажанюся.
— Калі ты будзеш паводзіць сябе, як Уладас, дык я магу кінуць работу і скончыць дзеля цябе кулінарны тэхнікум, — парыравала Галіна.
Пасля вячэры, калі яна прыбірала са стала, Ігар раптам сказаў:
— Але ты і хітруга.
Потым падышоў да яе, абняў і сур’ёзна прамовіў:
— Ведаеш, жыццё доўгае, усякае можа здарыцца. Але дзе б я ні быў, у якіх адносінах мы б ні былі, памятай: ты заўсёды можаш разлічваць на мяне.
«...Вось і разлічвай, — падумала Галіна. — Людзі ўжо вяртаюцца з работы, а яна ўсё чакае. Ведаў жа, што выхаднога не будзе, але знарок не сказаў! Эгаіст! Карыстаецца ёю, як мэбляй. Хоча — паставіць у адзін кут, хоча — перасуне ў другі. Не, трэба з гэтым канчаць! Грошы і ежу прывезла, сваю місію выканала! Бывай, любоў мая!»