Выбрать главу

12

Гэта ўжо не іронія лесу, а нешта горшае, думаў Ігар, назіраючы, як два шафёры корпаюцца пад капотам. Засесці на дарозе за пяцьдзесят кіламетраў ад горада...

Змораныя і галодныя акцёры наламалі сушняку, распалілі вогнішча і цяпер смажылі сала з хлебам. Ад зямлі ўзнімалася цёплая пара і шараватым мроівам слалася над скошаным лугам, змешвалася з дымам ад вогнішча. Ружавата-блакітнымі палосамі раскідаўся па небе захад. Узняўся свежы ветрык і прыгнаў з-за лесу невялічкія аблокі, якія то рассоўваліся, то зноў збіваліся разам, утвараючы вычварныя фігуры. I ад гэтага неба здавалася фантастычна размаляваным.

— Якое неба! Вы толькі паглядзіце, якое неба! Сапраўдная колерамузыка!— захаплялася Наташа. Яна першы раз працавала на карціне і ўсе непрыемнасці лічыла за цікавыя прыгоды.

— Ігар Сяргеевіч! Здыміце неба! Вось пабачыце, такога больш не бу­дзе! — не сунімалася яна.

— Зусім ачмурэла дзяўчына! — абурыўся аператар-пастаноўшчык.— Засталося пяць цыгарэт, а ёй — неба здымай. Зараз пойдзеш на шашу цыгарэты страляць.

Наташа, пакрыўджаная, адышла ўбок.

У кожнага свае праблемы, падумаў Ігар.

— А ты чаго мардуешся? — накінуўся на яго аператар. — Лаві машыну, гані ў горад!

Але Ігар толькі пакруціў галавой. Вядома, частка групы магла паехаць і на адным аўтобусе, але, каб быць салідарнымі, усе вырашылі застацца. Ён адышоў ад аўтобуса і прысеў на броўку.

Што будзе з гэтым фільмам, калі яго ўбачыць кіраўніцтва студыі? Ці прымуць яго версію, ці будзе скандал? Тым больш, што канчатковы варыянт сцэнарыя ён не ўзгадніў з галоўным рэдактарам. Знарок утаіў, што ў чацвёрты раз перапісалі сцэнарый, бо адчуваў, што не атрымае падтрымкі і будзе вымушаны здымаць фільм пра кінакалгас. А ён хацеў паказаць тое, што засталося ад некалі здаровага сялянства — затузаных вяскоўцаў, якія нават да жывёл і да зямлі ставяцца як чужакі.

Гэтая задума зарадзілася ў яго некалькі гадоў таму, калі ён выпадкова стаў сведкам таго, як на ферме сапсаваўся даільны апарат, а механік валяўся недзе п’яны, і ўвесь статак нядоеных кароў роў ад болю, пакуль даяркі шукалі па ўсяму сялу якога мужыка, які б адрамантаваў гэты апарат. А Ігару тады хацелася раўці разам з тымі каровамі.

I зараз, калі пабыў тут, пакруціўся сярод вяскоўцаў, яшчэ больш упэўніўся ў слушнасці сваёй думкі. Неяк сядзелі са старшынёй на ганку сельсавета, палілі цыгарэту за цыгарэтай, размаўляючы пра цяжкасці вясковага жыцця. Высока ў небе ззяла праменнае сонейка, сляпіла вочы. Весела шчабяталі на дрэвах ластаўкі. Горда ўзняўшы галаву, прагульваўся па пыльнай дарозе карычневы певень. У траве, пад плотам, кудахталі куры. Мірнае, вальготнае сялянскае жыццё, а старшыня ўсё скардзіўся і скардзіўся.

— Няма ў людзей сумлення, — асуджальна казаў ён.— Толькі пра ся­бе, пра сваю скаціну і дбаюць. У мінулым годзе патравілі ўсе пасевы. I што я толькі не рабіў! I сам бычкоў тых лавіў, і штрафы браў, і на сходзе рашэнне прымалі. I што? Як кармілася тая жывёла з калгасных палёў, так і корміцца. Разбэсціўся народ. Працаваць няма з кім. Моладзь паўцякала, старыя яшчэ робяць, але колькі іх засталося, тых старых? Ды і на сучасную моладзь спадзявацца нельга — несумленна да працы ставіцца. Во, бачылі ў нас дзве фермы? Адна — на цэнтральнай сядзібе, новая, мадэрнізаваная, а другая — старая, на беразе возера.

— Так, бачыў, — сказаў Ігар, згадаўшы цудоўнае возера з гладкай ціхай вадой, у якую, нібы ў люстэрка, глядзеліся ніцыя вербы. Метрах у двустах ад яго тулілася пачарнелая, абымшэлая ад даўнасці, спарахнелая ферма, да якой нават у пякучы летні дзень без гумавых ботаў немагчыма было падысці, бо двор быў забруджаны гноем. I ў дадатак да ўсяго — цяжкі, смярдзючы пах, які разносіўся па наваколлю. Успомніўшы гэты пах, Ігар міжволі скрывіў вусны і перасмыкнуў плячыма. Вар’яты! Такое возера загубіць! Hi сабе, ні людзям. I як душа не баліць?

Але старшыня зразумеў яго жэст па-свойму.

— Вы, пэўна, думаеце, што там каровы недагледжаныя, і памыляецеся. Бо там каровы здаравейшыя і малака ў паўтара раза больш даюць. А ведаеце чаму? — старшыня запытальна паглядзеў на Ігара. — Даяркі ўсе старыя, спрактыкаваныя, ведаюць, як з жывёлай абыходзіцца трэба. Каро­ва,— ён павучальна паківаў пальцам, — гэта тая ж жанчына. I хваробы ў яе жаноцкія: то мастыт, то саскі трэскаюцца. I характар таксама жаночы — любіць, калі яе песцяць. 3 каровай і пагаварыць іншы раз трэба, і настрой яе зразумець. Можа, хварэць пачынае. А маладыя ўсё бягом, з крыкам, лаянкай, а то і пугаю кароў хвошчуць. Колькі разоў казаў: «Не псуйце каровам настрой! Вас бы гэтаю пугаю!» А яны смяюцца: «Які ў кароў на­строй? Жывёла, нічога не разумее». Нібы і не ў вёсцы выхоўваліся. Мая матка, тая інакш як з ласкальнай мянушкай да каровы не звярталася. Цяжка працаваць стала, цяжка.