— Гэта добра, што вы моладзь вучыце, пра настрой у кароў дбаеце, — з’едліва сказаў Ігар, — адно незразумела: чаму ж вы такое возера загубілі? Ужо добры адстойнік вы маглі б пабудаваць ці хоць апаражняць яго своечасова. Мы гэтую ферму з гадзіну здымалі, потым ніхто есці не мог. А як жа ў вас там старыя ўсё жыццё працуюць? Дзіва што моладзь будзе ўцякаць з вёскі. Жыць на беразе возера і не мець магчымасці ні пакупацца, ні рыбу павудзіць. Вы не крыўдуйце, але я лічу, што за такія справы судзіць трэба. Бо невядома яшчэ, што мае большую каштоўнасць: малако ці возера? Ды я на вашым месцы гэту ферму зруйнаваў бы, а замест яе пабудаваў невялічкі рыбзавод. Умомант разбагацеў бы.
— Так,— хмура згадзіўся старшыня, — з возерам і сапраўды бяда. I ферму зруйнаваць даўно трэба, і ўсіх старых з хутароў перасяліць, і ўсё трэба, трэба, трэба, а я тут з вамі языком малачу, —Ён зірнуў на гадзіннік, суха развітаўся і пайшоў да сябе ў кантору.
«Уцёк ад крытыкі», — усміхнуўся Ігар.
Скардзіўся не толькі старшыня, скардзіліся і калгаснікі. Яны нібы знайшлі ў асобе Ігара вышэйшую ўладу і ішлі да яго са сваімі бедамі, і кожны раз прапаноўвалі што-небудзь зняць.
— А вы да нас завітайце, у нашу вёску,— зычным голасам казала рослая жанчына з агрубелымі, моцнымі рукамі, — на наша кармасховішча паглядзіце! Здыміце, як праз дах дождж лье, як кароў гніллю кормім!
— А вы б над кожнай каровай парасон паставілі б, і праблемы з дахам не было б, — пажартаваў Ігар.
— Вясной прыязджайце, калі шчупак ідзе, — апіраючыся на кій, прашамкаў бяззубым ротам маленькі дзядок. — Здыміце, як раённыя начальнікі па рыбах са стрэльбаў паляць.
— Гэта не да мяне трэба звяртацца,— развёў рукамі Ігар, — а да пракурора.
— Дык і пракурор з імі, — сумнымі вачыма паглядзеў на Ігара дзядок.
Скардзіліся калгаснікі і на побыт: магазін толькі на цэнтральнай сядзібе, бальніца — у раённым цэнтры, а калі захварэеш, асабліва восенню ці зімой, дык лепей адразу ж памерці, каб не мучыцца, бо з-за дарог у бальніцу тую ўсё роўна не трапіш. Вунь Яўхім тры дні гарэлкай ад страўніка лячыўся, і калі б у бальніцу яго не павезлі, дык жыў бы і жыў. А ў той час мароз на двары стаяў трыццаць градусаў, ён па дарозе запаленне лёгкіх атрымаў і памёр.
Ну а як магутны, нібы волат, ляснічы дзядзька Сымон сам сабе зуб ірваў, Ігар бачыў уласнымі вачыма. Узлез на табурэтку, прывязаў тоўстую нітку адным канцом да зуба, а другім да крука і саскочыў на падлогу. Потым выпіў шклянку гарэлкі і пайшоў працаваць.
Цікавы гэты дзядзька Сымон. У калгасе сапраўдны гаспадар ён, бо ў яго руках лес, а лес — гэта і будаўнічы матэрыял, і дровы. Хоча — дасць дазвол на высечку, а хоча — не дасць. Усё залежыць ад таго, у якіх ты з ім адносінах. Кажуць, і хабарам дзядзька Сымон не грэбуе. Але калі іншыя вяскоўцы разлічваюцца паміж сабой гарэлкай, дзядзька Сымон аддае перавагу грашам. У яго тры дачкі, і кожнай ён па машыне справіў. Зараз малодшай на кааператыў збірае. Гаспадарка ў дзядзькі Сымона добрая: і свіней, і карову, і каня трымае. Неяк частаваў вэнджаным салам. Смачнае! Але што самае смачнае ў дзядзькі Сымона, дык гэта гарэлка. П’ецца, нібы вада, і галава пасля не баліць.
— Вы, пэўна, дзядзька Сымон, сакрэт нейкі ведаеце? — спытаўся аднойчы Ігар.
Дзядзька Сымон задаволена зарагатаў.
— Я, братка, гарэлку нават у канцлагеры гнаў. I таксама была добрая.
У вайну трапіў дзядзька Сымон да немцаў у палон, два гады ў канцлагеры на мяжы з Францыяй сядзеў, потым на радзіму вярнуўся. Але як яго рэпрэсіі мінулі, пра гэта дзядзька Сымон ніколі не кажа. Можа, таксама адкупіўся гарэлкай.
Багата цікавага тут у вёсцы і багата чаго, праз што душа баліць. Бо жыццё гэтых людзей у поўным сэнсе слова і жыццём нельга назваць. Рабы на ўласнай зямлі, што бачаць яны акрамя гарэлкі і знясільваючай працы? I ці іх у гэтым віна? Калі дзяржава забылася пра вёску, ці мае яна права хоць што-небудзь патрабаваць ад гэтых людзей?!
«Галіну б сюды, — думаў Irap. — Хай напісала б некалькі нарысаў. Не пра культуру і ўраджаі, а пра лёсы людскія. Напісала б пра васьмідзесяцігадовую старую, у якой пасярод зімы скончыліся дровы, і яна паліла печ шпалерамі, пакуль суседзі не забралі яе да сябе. Ці пра дэбільных дзяцей — пладоў бацькоўскай любові ў п’яным запале. Хаця не, Галіне прапаноўваць пісаць пра гэта нельга. Напіша добра, па-жаночаму, так, што ў чытача з вушэй слёзы пацякуць, але потым чакай непрыемнасцей. Яшчэ хто-небудзь з высокіх кіраўнікоў на яе апалчыцца. Хай працуе ў сваім аддзеле культуры. Так і мне і ёй спакайней».