Ігар намацаў у кішэні апошнюю цыгарэту, закурыў. Шафёры ўсё яшчэ корпаліся ў маторы. Колькі ж яны будуць тут марнавацца? Ён устаў і падаўся да шафёраў.
13
Эгаістка, пакутніца! Подзвіг зрабіла — на багажнай лаўцы праехала! Ён працуе суткамі, а ты? Прамову рэпеціруеш. Калі любіш — цярпі. Любоў — гэта цярпенне. Цярпенне і спачуванне. Здольнасць адчуваць другога. Другога, а не сябе.
Галіна хадзіла з кута ў кут і пры кожным шолаху аўтамабіля кідалася на балкон. Галава расколвалася.
«Нешта здарылася, нешта здарылася,— без канца паўтарала яна.— Дванаццатая гадзіна, а іх усё няма. Але чаму я сяджу, чаму не званю ў міліцыю? Недзе падзеліся два аўтобусы. Два аўтобусы з людзьмі. Трэба ўсё кінуць, імчацца на дапамогу. Але куды? Куды?»
Галіна знясілена апусцілася ў крэсла, абхапіла галаву рукамі і заплакала.
Ігар сядзеў на пярэднім сядзенні побач з Наташай і сачыў, як за вокнамі праносіцца цемра. Нервовае напружанне, у якім ён знаходзіўся ўвесь дзень, адступіла, і ўсё цела нібы запаланіў бяздумны вакуум. Карцела толькі аднаго: хутчэй дабрацца да пасцелі, упасці і заснуць. I нікога не бачыць. Тым больш Галіну.
Ён заплюшчыў вочы, паспрабаваў адключыцца, але не змог. Мозг, як нявыключаны магнітафон, працягваў працаваць, пракручваючы будучую сварку з Галінай.
— Гэй, ты спіш? — Ігар нахіліўся да Наташы, якая нарэшце стамілася і цяпер драмала. — Ведаеш, мяне ў гасцініцы жанчына чакае, — даверліва паведаміў ён.
— Ведаю, — кіўнула ў адказ галавой сонная Наташа.— Усе ведаюць. А што?
— Яна не дачакаецца, яна не даруе.
— Даруе. Усе жанчыны даруюць.
— Не, я вінаваты. Я больш вінаваты, чым ты сабе ўяўляеш. — Ён змоўк. — Наташа, я стаміўся. Я вельмі стаміўся. У мяне няма сіл яшчэ нешта тлумачыць... Я пайду да хлопцаў. А ты падыміся да яе і скажы: «Выбачайце, ён спіць. Ён вельмі стаміўся».
— Не, так няможна! — запярэчыла Наташа. — Тады яна вам сапраўды не даруе. Ніколі не даруе. Вы лепш вазьміце букет чырвоных ружаў... Не! Вы вазьміце ўсяго адну ружу, моўчкі працягніце ёй, а тады пагасіце святло... I вы будзеце стаяць сярод ночы, і яна будзе слухаць, што ёй шэпча чырвоная ружа.
— Прыгожа гаворыш, — задумаўся Ігар, — Можа, і сапраўды яно так і лепш. Але дзе я знайду ўначы чырвоную ружу?
— Як дзе? — шчыра здзівілася Наташа.— На клумбе перад гасцініцай. Іх там вельмі багата. Ды вы не хвалюйцеся, Ігар Сяргеевіч, — мякка сказала яна. — Мы вам усе паможам.
Галіна выцерла слёзы. Здаецца, нейкі шум? Яна выбегла на балкон. Слава богу! Прыехалі! Цэлыя і здаровыя! Але чаму ніхто не ідзе ў гасцініцу? Тоўпяцца... Зусім звар’яцелі! Ходзяць кругамі па клумбе... А гэта яшчэ што? Міліцыя пад’ехала... У яе перахапіла дыханне. Так і ведала, трапілі ў аварыю... Ігар з міліцыянерам стаіць на ганку гасцініцы. Нешта тлумачыць, размахвае рукамі. Усе ідуць у гасцініцу. Можа, спусціцца?
Галіна вярнулася ў пакой, нерашуча спынілася, прыслухоўваючыся да крокаў у калідоры. Раптам дзверы адчыніліся, Ігар з пахмурым выглядам наблізіўся да яе.
— У цябе грошы ёсць?
— Ёсць, — здзіўлена паглядзела на яго Галіна.
— Колькі?
— Пяцьдзесят рублёў.
— Давай сюды.
Нічога не разумеючы, Галіна дастала з сумкі пяцьдзесят рублёў, працягнула іх Ігару.
— А нашто? — спыталася, калі ён ужо быў у дзвярах.
— Штраф заплаціць, — злосна кінуў ён, — за ружу! —I, нядобра бліснуўшы вачыма, дадаў: — Я гэтую малую з яе рамантыкай заўтра ж у Мінск адпраўлю!
«Здаецца, усе звар’яцелі, — падумала Галіна. — Якая ружа? Які штраф? Якая малая?»
Яна разгублена паціснула плячыма і села ў крэсла чакаць Ігара.
...Тэлефонны званок раптам вярнуў Галіну да рэчаіснасці. Яна ашалела страсянула галавой, падышла да стала, зняла трубку.
— Слухаю.
Але ў трубцы было маўчанне, потым раздаліся кароткія гудкі. Галіна некалькі хвілін пастаяла ля тэлефона, чакаючы паўторнага званка, але ананімны абанент больш не званіў. Чаму? Ці памыліўся нумарам, ці не чакаў пачуць яе голас? А можа, гэта быў Ігар? Сярожа, напэўна, ужо паведаміў, што яна тут. Шкада, што з ёй не захацелі размаўляць. Мабыць, гэты званок што-небудзь праясніў бы. I чаму людзям не хапае шчырасці? Адзін нешта тоіць пра сябе, другі пра гэта і не здагадваецца. У выніку — канфлікт, сапсаваныя адносіны. Багата яна б зараз дала, каб даведацца, што ў Ігара на душы.