Галіна сумна паглядзела на тэлефон, потым узяла фотакарткі, пачала складаць іх у канверт. Думкі зноў вярнуліся да мужа.
...Пасля гэтых здымак у Ігара пачаліся непрыемнасці на кінастудыі. Галоўнага рэдактара ледзь удар не хапіў, калі ён убачыў кадр, дзе даяркі ў цяжкіх гумавых ботах прабіраліся пасля дажджу да кароўніка праз разлітую метраў на сто гнаявую жыжку.
— Дзе вы гэта здымалі? — зароў ён.
— На натуры, — агрызнуўся Ігар.
Потым на мастацкім савеце яго абвінавацілі ў тым, што ён вырашыў паказаць у адной карціне ўсе асобныя недахопы, якія яшчэ ёсць у некаторых калгасах, што ў калгаснікаў пустыя, забітыя твары, а дзеці падобны на сірот, якія ніколі не ведалі матчынай ласкі. Урэшце адзін з прысутных падвёў вынік і сказаў, што ў сцэнарыі была зусім іншая ідэя. I замест таго, каб прапагандаваць цяжкае, але высакароднае жыццё сялян, ён паказаў непраглядную цемру, умовы працы, якія нельга назваць чалавечымі.
— Што і каму вы хочаце даказаць, калі паказваеце буйным планам распухлыя рукі даярак? — казаў прамоўца. — Ваш фільм — ідэалагічная дыверсія.
Потым паступіла прапанова ці перазняць некаторыя сцэны, ці «пакласці» фільм на паліцу, а рэжысёру аб’явіць вымову. Ігар пераздымаць што-небудзь адмовіўся. У выніку фільм на экраны не выйшаў, а творчая група не атрымала пастановачныя.
Ігар спачатку трымаўся, хадзіў героем, казаў, што павязе фільм у Маскву, а потым запіў. I гэта быў кашмар, які доўжыўся некалькі месяцаў. I нічога няможна было зрабіць. Галіна разумела, што ён сам павінен выйсці з гэтага стану, і, як магла, падтрымлівала яго. Пасварыўшыся з-за Ігара з бацькамі, пераехала да яго. Яна не падлагоджвалася пад яго настрой, проста жыла разам з ім, жыла яго болем, гатавала, прыбірала. У яе хапіла вытрымкі і розуму не грызці яго ўвесь час, не дакучаць натацыямі. I ён ацаніў гэта. Самае дзіўнае, што ўсе гэтыя нягоды толькі зблізілі іх, і ўзімку яны пажаніліся. Жылі без грошай, на адну яе зарплату, і весела рагаталі, калі Ігар вырашыў зарабляць на жыццё набойкамі. I нават зараз той год здаецца ў іх жыцці самым шчаслівым. Вядома, гэта было не бязвоблачнае шчасце. Былі і крыўды, і сваркі. Але было і нешта іншае, нейкая ўнутраная патрэбнасць, якая надзейна звязвала іх.
I нечакана ўсё абарвалася. Ці, можа, не так ужо і нечакана? Ці разрыў наспяваў ужо даўно, а яна не хацела гэтага заўважаць? I калі ў яе душы нарадзілася стомленасць, што перарасла ў пачуццё палёгкі, з якім яна ў апошні раз бегла па лесвіцы, поўная нянавісці да таго, каго зусім нядаўна так кахала?
Што здарылася? 3 ім? 3 ёю? Цяпер? Даўно? I не гэтая ж п’янка выклікала ў ёй пачуццё непрымірымасці, паслужыла прычынай іх разрыву?
Хоць дзверы ix дома i не зачыняліся, але такія зборышчы бывалі вельмі рэдка. Не, справа не ў гэтым. Справа ў ёй самой. Чаго яна чакала і ў чым расчаравалася?
Галіна ўспомніла, як тлумачыла сяброўцы, чаму пайшла ад мужа.
— Разумеет, мне ўсё абрыдла! Чалавек, якому аддаеш сябе без астатку, увесь час плюе табе ў душу. Колькі можна жыць толькі ім, яго клопатамі, яго інтарэсамі, жыць і нічога не атрымліваць узамен?
Нічога не атрымліваць узамен... А што, уласна кажучы, яна хацела атрымаць? Каханне ж не рынак, дзе кожны можа патаргавацца, перш чым заключыць здзелку: пачуцці на пачуцці, пачуцці на грошы, пачуцці на ўдзячнасць. I ці не тут хаваюцца вытокі яе стомленасці, яе расчаравання? Спачатку растварыцца ў каханым чалавеку, прынесці сябе ў ахвяру, адчуваючы пры гэтым бязмежнае шчасце, а потым патрабаваць удзячнасці?! Але за што? За свае каханне? За сваю бескарыслівасць? За тое, што несвядома ішло з глыбіні душы і што цяпер цвяроза пераацэньваецца? I вось у душы прачынаецца рыначная гандлярка, і замест ахвярнага алтара з’яўляецца вага з гіркамі, і пачынаецца халодны падлік: туды-сюды, туды-сюды. Аргументы, аргументы... Хісткія спачатку, яны нябачна набіраюць вагу і сыплюцца самі па сабе, як каменні з гары, завальваючы ўсё, што было добрага, жыццесцвярджальнага. I ўсё ж нішто не забываецца. Памяць падманлівая і наравістая. Яна, як мора ў час шторму, іграе, нібы каменьчыкамі, успамінамі. Усё раней ці пазней усплывае на паверхню. Часцей тады, калі паправіць ужо нічога немагчыма. Вядома, мінулае не вяртаецца. Але ёсць сённяшні дзень, і ёсць будучае. I нехта павінен паклікаць другога туды. Вось толькі хто?
Божа! Як змрочна ў гэтым пакоі! I калі нарэшце скончыцца гэтая жахлівая зіма?! Галіна шчоўкнула выключальнікам. Ружовае святло разлілося па пакоі. Ніколі яшчэ не адчувала такой раздвоенасці: кахаць чалавека і ўсё ж выкрэсліваць яго з свайго жыцця. А потым што? Бязрадаснае і бязмэтнае існаванне, якім яно было гэтыя шэсць месяцаў? А можа, усё было б інакш, калі б у іх нарадзілася дзіця?