Галіна задумалася, села ў фатэль, утаропілася ў столь.
Якія слушныя думкі прыходзяць у галаву, калі ты адна! Як усё цудоўна разумееш, аналізуеш, ацэньваеш! I якой бездапаможнай робішся пры сутыкненні з рэчаіснасцю. Думаеш адно, гаворыш другое, робіш трэцяе і ніяк не можаш прымірыцца сама з сабой, а яшчэ замахваешся на другога чалавека. Не, усё не так, усё няправільна!
Яна рашуча паднялася, прынесла з кладоўкі прасавальную дошку, уключыла прас. Трэба прывесці да ладу Ігаравы кашулі.
Можа, маці і мае рацыю, можа, з творчымі людзьмі добра толькі ў кампаніях. Можа, з кім іншым і яе жыццё склалася б інакш. Яна ўзяла ў шафе скамечаныя кашулі. Можа, ёсць сотні мужчын больш разумных, прыгожых, высакародных. Але ёй патрэбен ён, толькі ён, з яго няроўным характарам, з яго творчымі спадамі і ўздымамі, з яго дабратой, рэзкасцю, з яго неардынарнасцю. Галіна адпрасавала адну кашулю, павесіла яе на крэсла, узяла другую. I пакуль у яе ёсць хоць адзін толькі шанц, яна будзе змагацца. Трэцяя кашуля, чацвёртая, пятая... Можа, ён вернецца і ўсё зразумее, і яе маленькае паражэнне абернецца вялікай перамогай! Сёмая, восьмая... А калі не? Калі яна яму ўсё ж не патрэбна і ў яго душы даўно ўсё перагарэла? Дзевятая, дзесятая... Ну што ж, ва ўсякім выпадку яна развітаецца з ім з чыстым сумленнем.
Галіна выключыла прас, склала дошку, зноў паставіла пласцінку Джо Дасэна і, стаміўшыся, прылегла на тахту.
Яна ляжала, прыжмурыўшы вочы, прыслухоўвалася да прыемнага, праніклівага голасу Дасэна і здзіўлена думала, што яшчэ нешта памятае з французскай мовы.
«Салют! Гэта зноў я. Салют! Ну як ты тут? — перакладала яна знаёмыя словы, — Звары мне кубачак добрай кавы, мне столькі ёсць пра што расказаць».
Яна слухала песню і добра ўяўляла сабе адзінокага, стомленага мужчыну, які пасля доўгіх вандраванняў па морах нарэшце вяртаецца да каханай жанчыны. Яна слухала яго споведзь, і ёй здавалася, што ён гаворыць менавіта тыя простыя словы, якія павінен быў сказаць ёй Ігар, але так і не сказаў.
I калі песня скончылася, яна паставіла яе зноў, узмацніла гук, каб лепей разбіраць словы, і не адразу зразумела, што нехта за яе спіной таксама папрасіў кавы.