Ён, пэўна, мог гаварыць яшчэ вельмі доўга, але ў гэты час святло ў зале патухла і на экране з’явіліся першыя тытры.
Дзеянне разгортвалася нетаропка, спакойна. Камера ўвесь час фіксавала дэталі, дакладна паказвала быт, атмасферу. Дзевяцігадовы хлопчык трапляе ў бальніцу з-за цяжкай нервовай хваробы. Урач-псіхіятр, каб зразумець, што прывяло яго да гэтага стану, пачынае неафіцыйнае даследаванне яго жыцця. Няма яркіх колераў, няма нічога павучальнага. Проста цячэ жыццё ў сям’і, дзе маці — кандыдат педагагічных навук. Гадоў пяць таму яна разышлася з мужам і з таго часу не дазваляе яму сустракацца з сынам. Ёй яшчэ няма сарака, у яе халодны твар, аргументаваная мова.
— Якую якасць вы лічыце галоўнай у педагога? — пытаецца ўрач.
— Вядома, добразычлівасць.
I наступны кадр. Хлопчык адзін у кватэры. Сядзіць на падлозе, нешта канструюе. Адчыняюцца дзверы, уваходзіць маці. Гэта ўжо не тая жанчына, якая, усміхаючыся, гутарыла з урачом. Твар ганарысты, халодны, выгляд вартавога. Hi слова не кажучы, яна спыняецца ля канапы, на якой ляжыць школьная вопратка. Камера паказвае на ўвесь экран разгублена-засмучаныя вочы хлопчыка.
Яны за сталом. Снедаюць. Худзенькая рука цягнецца да талеркі з каўбасой. Хлоп па руцэ! Хлопчык спалохана ўздрыгвае. Маці моўчкі дае яму відэлец.
Дробязі, дробязі, але ці не з іх складаецца жыццё?
Сонечны летні дзень. Хлопчык ідзе па вуліцы. На ім — чорныя штаны, дзявочая трыкатажная майка, чорныя чаравікі з чырвонымі шнуркамі. Цок-цок, адстуквае ён імі па асфальту, нібы вязень.
Апошняя размова з маці. Збянтэжана і нерашуча ўваходзіць яна ў кабінет урача.
— Хвароба вашага дзіцяці, — кажа псіхіятр, — гэта яго ўнутраны пратэст супраць таго ладу жыцця, у якім вы жывяце. Вы пазбавілі яго свабоды рухацца, думаць, развівацца. Вы не давалі выйсця яго энергіі, пачуццям. Вы і толькі вы прывялі яго да нервовага зрыву. Ён яшчэ маленькі, у яго ўсё наперадзе. Шмат пра што ён забудзецца, але якім ён вырасце, залежыць толькі ад вас.
I заключны эпізод. Маці з сынам ідуць па сцежцы праз бальнічны парк. Аператар здымаў іх са спіны. Дзве фігуркі, якія паволі аддаляюцца, расплываюцца на сонечным фоне і зліваюцца ў адну цёмную кропку.
— Ну як? — павярнуўся да Галіны мужчына.
— Цудоўна! — толькі і здолела вымавіць яна.
— А хлопчык, які слаўны хлопчык! Як тонка і натуральна трымаецца! — захапляўся мужчына.
Раптам Галіне прыйшла ў галаву думка, што гэты мужчына і мог бы пазнаёміць яе з рэжысёрам.
— Скажыце, калі ласка, а вы рэжысёра добра ведаеце?
— Дзіва што, гэта ж мой сябар. У мяне на студыі ўсе сябры. Дарэчы, магу вас запэўніць: вельмі таленавіты хлопец.
«Хлопец, — падумала Галіна. — Нішто сабе, у трыццаць два гады ўсё яшчэ хлопец».
— А вы не маглі б мяне з ім пазнаёміць? —асмелілася яна.
— Што за пытанне! — Ён закруціў галавою.— Зараз усё і арганізуем. Вас як зваць?
— Галіна.
— А мяне Алесь Яўменавіч.
Яны ўсталі і падаліся да выхаду.
Рэжысёра яны ўбачылі ў бары. Ён сядзеў за столікам з двума мужчымамі, і па іх узбуджаных тварах Галіна зразумела, што яны пра нешта спрачаліся. Шырока ўсміхаючыся, Алесь Яўменавіч рушыў да століка.
— Віншую, Ігар, віншую! — Алесь Яўменавіч паціснуў рэжысёру руку.— Вось пабачыш, прыз забяспечаны. Павер майму слову. А ты ведаеш, мае словы і мая інтуіцыя... — Тут ён асекся, успомніўшы пра Галіну, што стаяла ў яго за спіной. — Але сёння маю для цябе нешта іншае, чым прыз. Паглядзі, якая дзяўчына! — Ён павярнуўся да Галіны, якая пачырванела ад абурэння і была гатова праваліцца скрозь зямлю. — Журналістка! Так што глядзі, — ён дурасліва паківаў пальцам, — не крыўдзі маю пратэжэ, спавядайся як на духу. — I ён галантна раскланяўся.
Мужчыны таксама ўсталі, вызваляючы месца.
Галіна села ў крэсла, пачала гартаць блакнот. Яна ўсё яшчэ не магла апамятацца пасля дзівацкай рэкамендацыі і таму марудзіла, стараючыся сабрацца з думкамі. Ігар з сумам у вачах назіраў за ёю. У яго быў адкрыты твар, важкі, валявы падбародак, сумныя вочы.