— Павінен вас засмуціць, — раптам сказаў ён, — але ў мяне вельмі мала часу. Праз дваццаць хвілін трэба ехаць у Стайкі на закрыты прагляд французскага фільма. Потым — паездка па калгасах. Як бачыце, удзельнікам фестывалю сумаваць не даводзіцца.
— Але хоць на некалькі пытанняў вы адкажаце? — узмалілася Галіна.
— Добра, адкажу. — Ён усміхнуўся, і твар яго адразу расслабіўся, стаў больш лагодным.
Усмешка ў Ігара была вельмі прыемная, і ад усяго яго аблічча ішла такая ўпэўненасць, што Галіна раптам супакоілася, але спытаць нічога не паспела. Нечакана да іх падляцеў высокі хлопец з чорнай бародкай, у цёмных акулярах.
— Машына чакае! Давай хутчэй!
Да такога павароту Галіна не была гатова і ад разгубленасці ледзь не расплакалася. Ігар паглядзеў на яе і нахмурыўся.
— А заўтра?
— Заўтра матэрыял павінен быць на машынцы.
Ён на момант задумаўся.
— А ведаеце што? Паехалі з намі. А пагаворым па дарозе.
У машыне яе пасадзілі чацвёртай на задняе сядзенне, і пагаварыць ім ізноў не давялося. I толькі калі прыехалі ў Стайкі, Ігар за кароткі час, што заставаўся да прагляду, крыху расказаў пра сваю карціну.
Сказаў, што ў аснове сцэнарыя — сапраўдная гісторыя, хоць у жыцці, вядома, многае было інакш. Ён жа хацеў паказаць тып жанчыны-тырана, тырана ў сям’і. Але ўжо ў час здымак яны вырашылі пакінуць маці нейкую надзею. I тады фільм набыў іншую афарбоўку. Гераіня паказана ва ўсіх сваіх супярэчнасцях і павінна выклікаць складаныя пачуцці ў гледача. Ва ўсякім выпадку яны да гэтага імкнуліся. Па сутнасці, няшчасная жанчына, вельмі адзінокая. Яна, здавалася б, прызвычаілася да сваёй адзіноты і нават перастала яе заўважаць. Але ў душы яна ўвесь час пакутуе. Пакутуе больш, чым яе дзіця.
— Памятаеце, недзе ў сярэдзіне фільма ў псіхіятра ўзнікае пытанне: ці цалавала яна калі-небудзь свайго сына? Але ён не адважваецца спытаць, і пытанне застаецца адкрытым. Мы імкнуліся паказаць не проста прыватны выпадак, калі чалавек абмяжоўвае сябе рамкамі фармальнай маралі. Мы хацелі закрануць праблему выхавання. Выхавання дабра, душы чалавека. Памятаеце, ён пабіўся з хлопчыкамі і яму адарвалі ад кашулі ўсе гузікі. I ён поўзае па асфальце, шукае гэтыя гузікі, а потым ідзе да суседкі і просіць іх прышыць. Заўважце, не да маці, якая павінна пашкадаваць яго, а да суседкі. Сказаць вам шчыра? — ён моцна сціснуў яе руку. — Цяжка было здымаць гэты фільм. Самому цяжка.
Галіна з жалем выключыла дыктафон, бо пачаўся прагляд.
Калі фільм скончыўся, яны выйшлі на вуліцу.
— Зараз будзе аўтобус, — сказаў Ігар.— Паедзеш у горад.— Пасля фільма ён неяк непрыкметна перайшоў на «ты».
— А інтэрв’ю? Пра сябе? — спытала Галіна.
Ён паціснуў плячыма, насупіў лоб, нешта абдумваючы. Потым дастаў з кішэні ключы.
— Трымай. Гэта ад маёй кватэры. — Ён назваў адрас. — Запомніла? Прыйдзеш гадзін у дзевяць. Калі мяне яшчэ не будзе, пачакаеш. Але думаю, мы ўжо вернемся.
У дзевяць Ігара яшчэ не было. Галіна адамкнула ягоным ключом дзверы і прайшла ў пакой. Часам рэчы гавораць пра чалавека больш, чым ён сам. А ў гэтай кватэры яе ўразіла неўладкаванасць. Невялікі паліраваны гарнітур меў бы прыстойны выгляд, калі б з яго хоць раз у тыдзень сціралі пыл. Дзверы на балкон былі адчынены, і вецер ганяў па дыване таполевы пух. Каля газетнага століка рассыпаны попел, каля тахты на падлозе — маянэзны слоік з недакуркамі. На сценах — выцвілыя, абшарпаныя шпалеры. Галіна прайшла на кухню. I там не лепей.
Здавалася, у такой кватэры мог жыць хіба што чалавек, якому ў жыцці ўсё абрыдла. Ігар жа не рабіў такога ўражання. Тады што гэта? Звычайная неахайнасць? Ці ён да сваёй кватэры ставіцца як да берлагу, куды часам заходзіць пераначаваць? Няўжо ў яго няма жанчыны? Але чаму? Ён жа прывабны мужчына, адзін з тых, хто захапляе сваёй унутранай сілай. Галіне раптам захацелася ўзяць венік, змесці пыл, прыбраць усю кватэру, каб ён, вярнуўшыся дадому, мог расслабіцца, адпачыць.
I тут Галіна зразумела ўсю недарэчнасць свайго становішча. Што гэта з ёю? Аб чым яна марыць? Галіна з сілай страсянула галавой, нiбы намагаючыся пазбыцца нейкага вельмі прыемнага, але недарэчнага сну. Марная спроба: адчуванне чагосьці новага, захапляючага асталявалася у ёй міжволі. Чорныя стрэлкі на жоўтым цыферблаце насценнага гадзінніка зліліся ў адну на лічбе дзесяць. Прайшла амаль гадзіна, а Ігара ўсё няма. Галіна паглядзела ў акно. Неба было светлае-светлае, амаль празрыстае, надыходу вечара зусім не адчувалася. У канцы вясны, у пачатку лета дн! заўсёды здаюцца доўгімі-доўгімі, а жыццё бясконцым, падумала яна. Падман прыроды, самападман людзей... Колькі яшчэ яго чакаць? Якая недарэчная сітуацыя!