Пэўна, Стась меў рацыю, калі казаў, што ёй нельга даручаць адказныя заданні.
Яна падышла да тэлефона і набрала нумар Стася.
— Ты не магла пазваніць раней? — адразу накінуўся той на яе, а калі даведаўся, што справаздача яшчэ не гатовая, ад абурэння нават не знайшоўся адразу, што сказаць. — Садзіся і пішы! — загадаў ён. — Што? Што хочаш. Дзе? Там, дзе сядзіш. Ну і работнічкі! Нічога даверыць нельга, — і ён кінуў трубку.
— I напішу, — сказала сама сабе Галіна. Але рэжысёра яна ўсё ж дачакаецца, тым больш што ён аддаў ёй ключы. I, зручна ўладкаваўшыся на тахце, яна пачала пісаць.
Прачнулася яна сярод ночы, знянацку, нібы нехта вырваў яе са сну. Плюскала вачамі, стараючыся зразумець, дзе яна, і ў цемры заўважыла нечы сілуэт, які нячутна рухаўся па пакоі.
«Які жах! — маланкай пранеслася ў галаве. — Заснуць у чужой кватэры, у незнаёмага мужчыны!» Яна рэзка села.
Ігар павярнуўся.
— Я вас разбудзіў? — Ён ізноў перайшоў на «вы».
— Якая зараз гадзіна? — ціха спытала Галіна, паціраючы рукой вочы.
— Нешта пасля трэцяй.
— Як?! — усклікнула яна і нахмурылася. — Прабачце, што так атрымалася. Я хацела пайсці, але не ведала, ці ёсць у вас запасныя ключы. I вось,— развяла рукамі, — заснула...
— Не турбуйцеся, гэта я павінен прасіць у вас прабачэння. Але ў мяне і ў думках не было, што мы так позна вернемся.
Абое замоўклі, адчуваючы няёмкасць.
— Я, відаць, пайду, — сказала Галіна і паднялася.
— Навошта, куды? Заставайцеся! — Ён разгублена і насуплена глядзеў на яе. Высокі, шыракаплечы, худы.
— Не. — Яна крутнула галавой.
— Заставайцеся, прашу вас, у мяне ёсць раскладушка, — настойліва вымавіў ён.
— Не,— паўтарыла Галіна і нахілілася, каб сабраць раскіданыя па ўсёй падлозе паперы.
— Застанься! — Ён ступіў да яе і схапіў за плечы.
Галіна інстынктыўна падалася назад, але на ягоным твары праступіла такая ўладарная мальба, што яна раптам застыла, не маючы сілы паварушыцца.
Колькі хвілін яны так стаялі? Тры, пяць, вечнасць?
Ён правёў рукой па яе валасах. Далонь у яго была шырокая і моцная. Гэтым жэстам ён нібы супакойваў і падпарадкоўваў яе сабе.
— Якія ў цябе мяккія, пушыстыя валасы,— ціха сказаў ён. — Цёмныя валасы і шэрыя вочы, матавая скура.
— А як вы ў цемры распазнаяце колер вачэй?
Ён рэзка выпрастаўся.
— Нічога я не распазнаю, але твае вочы... я проста іх запомніў. — I ён зноў моцна прытуліў яе да сябе...
Ціха шалясцеў фіранкамі вецер, блішчэлі за вокнамі зоркі, у начным спакоі растала штодзённая мітусня, боль, пакуты, расчараванні. Сон ператварыўся ў паўсон, пераплёўся з рэчаіснасцю, але не стаў ад гэтага менш цудоўным.
— Піць хочацца,— ціха прамовіла Галіна.
— Можа, кавы?
Галіна згодна кіўнула. Не запальваючы святла, ён узяў яе за руку і павёў за сабой на кухню. Прыхіліўшыся да сцяны, Галіна сачыла, як ён спрытна рухаецца ў цемры, уключае газ, ставіць на пліту чайнік, дастае кубачкі, насыпае ў іх растваральную каву. Ёй было спакойна і ўтульна, нібы нарэшце адбылося тое, чаго яна даўно чакала.
Ігар выцягнуў шуфлядку стала.
— Ніводнай чайнай лыжкі! — Вінавата зірнуў на яе. — I куды яны ўсе падзеліся? Купіў дзесяць шклянак па дванаццаць капеек, праз месяц — ніводнай. А цяпер лыжкі...
— Самі б’яце ці сябры? — пацікавілася Галіна.
— Сябры, вядома,— хмура адказаў Ігар.
Галіна падышла да ракавіны, знайшла паміж нямытых талерак дзве чайныя лыжкі, апаласнула іх гарачай вадой і падала Ігару. Чайнік тым часам ужо закіпеў, і Ігар заліў гарачай вадой каву. Галіна ўзяла кубачкі, паставіла іх на газетны столік, села ў фатэль. Ігар таксама сеў, выцягнуў ногі, запаліў цыгарэту.
— Што ж, інтэрв’ю напісана,— задумліва сказаў ён. — Пытанні пастаўлены, адказы атрыманы. Гэта зразумела, гэта ў кадры. А што па-за кадрам?
— Вы хочаце сказаць, што зараз ваша чарга браць у мяне інтэрв’ю?
— Ты замужам? — замест адказу спытаў ён.
— Не.
— Дзіўна.
— Чаму?
— Проста дзіўна. Хацелася б паглядзець, каго ты выбераш сабе за мужа.
— Я ўсё ж такі пайду. — Галіна рашуча паднялася.
— Сядай, калі ласка, — сказаў ён.
Галіне раптам захацелася шпурнуць у яго чым-небудзь цяжкім.
— Мне здаецца, я тут не дзеля таго, каб абмяркоўваць праблемы майго замужжа.
— Вось ты і пакрыўдзілася. Але табе гэта толькі пасуе. Так ты яшчэ больш прыгожая.
Галіна рушыла да дзвярэй. Ён ускочыў з фатэля і схапіў яе за руку.