— Прашу цябе, заставайся! — У яго голасе чуўся такі адчай, што Галіна міжвольна спынілася. I зноў іх вочы сустрэліся, і яго позірк здзівіў яе сваёй бездапаможнасцю.
Што за дзіўны чалавек, крыху супакойваючыся, падумала яна. Чаго ён хоча? Ад каго ці ад чаго абараняецца?
— Я сапраўды не хацеў цябе пакрыўдзіць. — Ён усміхнуўся, і Галіна зноў адчула сябе нібы ў палоне. — Я, відаць, стаміўся. Не зважай. Сядай, калі ласка. Так, што я хацеў сказаць?.. — Ён наморшчыў лоб. — Чорт, вылецела. Дарэчы, — ён здзіўлена паглядзеў на яе,— ты першая жанчына, якая наведала гэты забыты богам прытулак.
— Я гэта зразумела.
— Праўда? А ты, відаць, кемлівая. — I раптам яго твар зноў зрабіўся адчужаным. — Паўгода таму назад у мяне была іншая кватэра. Светлая, чыстая, вялікая. А тут... тут я толькі начую.
— Гэта я таксама зразумела.
Ён зірнуў на яе з цікаўнасцю:
— Ты і сапраўды кемлівая?
— Гэта ад прафесіі.
— Добрая ў цябе прафесія. Хадзем на балкон.
Яна ўстала і пайшла за ім. Абапёршыся на парэнчы, ён задумёна ўзіраўся ўдалечыню.
— Запомні гэтую ноч. Яна кароткая. Хутка світанак. Наступіць цвярозасць, як пасля выпітага шампанскага. Любіш шампанскае?
— Люблю.
— Усе жанчыны аднолькавыя. — I зноў ён быццам аддаліўся, замкнуўся. — Раніцай ты будзеш іншая. Чужая, незразумелая. Будзеш належаць усім. I я пра цябе, магчыма, забудуся. А можа, і не. Буду сядзець у гэтай хаціне і чакаць, калі надыдзе ноч, буду чакаць цябе. I ты прыйдзеш... I будзеш толькі мая... — Ён рэзка павярнуўся і абняў яе за плечы.—Але ўсё роўна мы ніколі не пажэнімся.
— Зноў усё спачатку? — Галіна гнеўна ўскінула на яго вочы і тут жа адчула востры жаль. Здалося, што яна размаўляе з хворым, цяжка траўміраваным чалавекам. Хацелася сказаць яму што-небудзь ласкавае, добрае, але патрэбных слоў не было. А можа, яно так і лепш? Бываюць сітуацыі, калі словы лішнія.
— Глядзіце, глядзіце! — усклікнула яна, — Світае.
Неба святлела на вачах. Шэрая імгла разлівалася ў паветры, запаўняючы сабой усю прастору. У прыродзе адбывалася найвялікшая, неверагодная таямніца. I такімі ж неверагоднымі здаліся ёй гэтая сустрэча, гэты чалавек, што зараз абдымаў яе, іх незвычайны настрой. Няўжо і праўда з надыходам ночы ўсё пераменіцца?
Яна палажыла галаву яму на плячо.
— Ну вось, світае, а мы ўсё тыя ж. Хіба час вінаваты ў тым, што залежыць толькі ад нас? Ці не мы самі распараджаемся сваім лёсам?
— Маўчы! — Ён правёў пальцамі па яе твары і пацалаваў яе. Яна не адхілілася. Ён цалаваў яе ласкава, асцярожна, як цалуюць дзіця, але ёй здавалася, што ён сам шукае ў яе падтрымкі. Яна пагладзіла яго па галаве, і ён яшчэ мацней прытуліў яе да сябе.
— Сёння я адкрыў нешта незвычайнае... Незвычайнае для сябе. Нібы у гэты дом уварваўся водар дзяцінства ці... Не, не ведаю, не буду гаварыць. Сёння я вельмі стаміўся і, можа, заўтра ні пра што не ўспомню... Але я хачу, каб ты ведала: такога ў мяне не было з ніводнай жанчынай.
Яна слухала, не перапыняючы. У глыбіні душы ведала, што зараз ён кажа праўду. I баялася варухнуцца, парушыць гэтую зачараванасць. Ёй хацелася запомніць кожнае імгненне, кожны яго рух, кожнае слова. Раптам ён адхіліўся. Яго цёмныя вочы сталі на дзіва халоднымі, і ён сапраўды здаўся ей зусім стомленым.
— Вам трэба паспаць, — сказала Галіна.
— Бадай што... — згадзіўся ён.
Яны вярнуліся ў пакой. Галіна завесіла шторы, пакінуўшы адчыненымі балконныя дзверы, узяла кубачкі і падалася на кухню, каб памыць іх. Калі яна вярнулася, Ігар ляжаў у вопратцы на тахце і спаў. Некалькі хвілін яна глядзела на яго. Зараз твар у яго быў ясны, спакойны. Уздыхнуўшы, Галіна лягла побач, заплюшчыла вочы...
Раніцай, калі яна прачнулася, Ігар яшчэ спаў. Густыя чорныя валасы збіліся ў яго на лбе.
«Колькі ў іх сівізны!» — здзівілася Галіна.
Яна асцярожна ўстала, сабрала паперы. Восем гадзін. За паўгадзіны яна паспее дабрацца да Стася. Дзіўна, але пасля амаль бяссоннай ночы яна адчувала сябе зусім бадзёрай. Зірнуўшы ў апошні раз на Ігара, Галіна рушыла да дзвярэй. I ў гэты момант ён расплюшчыў вочы.
— Гэй, журналістка! — гукнуў ён. — Я паслязаўтра еду. Можа, на тыдзень, можа, на два. Вярнуся — пазваню. Цябе дзе шукаць?
Яго самаўпэўнены тон абурыў яе, і яна ўжо збіралася сказаць у адказ што-небудзь колкае, крыўднае, але штосьці ў ягоным позірку зноў спыніла яе.
— На рабоце, — суха адказала яна і плечуком зачыніла за сабою дзверы.
3
Ігар прачнуўся ў дрэнным настроі, з адчуваннем, што праспаў не болей дзвюх гадзін. Цела ламала, галава расколвалася. Ці ён учора занадта выпіў, ці пачынаўся грып. Прыслухаўся. За вокнамі скавытаў вецер. Здаецца, на вуліцы зноў завея. Расплюшчыў вочы. Так, завея. Цёмна, быццам ужо вечар. А можа, і сапраўды вечар? Ён прыпадняўся, паглядзеў на гадзіннік. Не, толькі палова першай. Зноў апусціў галаву на падушку і заплюшчыў вочы. Калі ён учора лёг? А трэцяй гадзіне, чацвёртай? Поўны правал.