Выбрать главу

— Даўно трэба было гэта зрабіць, — суха адказаў Ігар.

Асмаловіч узяў Ігара пад локаць, адвёў да акна і зашаптаў:

— А новы — мужык нішто сабе, амерыканскага тыпу, усё ўсміхаецца. Кабеты па ім млеюць. На маю думку, у нашай справе ён мала цяміць, але да парад прыслухоўваецца. Баюся толькі, што акружыць ён сябе не тымі дарадчыкамі. Нам зараз трэба трымацца адзін аднаго. Разам пачыналі, ра­зам і працягваць.

Ігар выслабаніў руку, усміхнуўся.

— А ты прапануй яму сябе на пасаду галоўнага дарадчыка.

Вочы ў Асмаловіча сталі жорсткія.

— Ты ўсё яшчэ плаваеш, Ігарок. А на беразе жывуць па іншых зако­нах. I ты гэта хутка, вельмі хутка адчуеш. Мне што, мне зараз прапанавалі разам з палякамі карціну здымаць, так што я сябе на два гады наперад ра­ботай забяспечыў. А ты глядзі, каб не затрапятаўся, як твае русалчыны хвасты.

— Клапаціўся б ты лепш пра сябе, — рэзка сказаў Ігар.

А на наступны дзень у мантажную завітаў галоўны рэдактар. Паглядзеў зняты матэрыял, пакурыў разам з усімі, пажартаваў і, ужо калі збіраўся пайсці, запрасіў Ігара да сябе.

Ігар зайшоў да яго перад самым канцом работы.

— Хачу даць вам пачытаць адзін сцэнарый, — сказаў галоўны рэдак­тар.— А потым пагаворым. Сцэнарыст наш, Мігуля. Здымаць думаем сумесна з палякамі.

Ігар здзіўлена ўзняў на яго вочы. Ледзь не вырвалася: «А Асмаловіч?» Але змоўчаў, не стаў пытацца. Можа, Асмаловіч хлусіць, а можа, у галоўнага такая тактыка — дражніць усіх адной цукеркай?

— Чаго насупіліся? — спытаўся галоўны рэдактар, — Ці ў вас іншыя планы?

— Няма ў мяне ніякіх планаў,—хмура адказаў Ігар і больш лагодна дадаў: — Стаміўся.

Ён узяў са стала папку са сцэнарыем, пагартаў. Галоўны добразычліва назіраў за ім.

— Вы толькі не марудзьце. Тыдні праз два мы плануем паслаць рэжысёра і сцэнарыста ў Польшчу.

Ігар падняўся.

— Зразумеў. Праз тры дні зайду.

Ён выйшаў на вуліцу, вырашыў прайсціся да дому пешшу. Павольна церушыліся з неба сняжынкі, ветру не было, і мароз амаль не адчуваўся. На прыпынку тоўпіліся людзі, жанчыны нароўні з мужчынамі штурмавалі транспарт.

Навошта, падумаў Ігар. Навошта давіцца ў такое цудоўнае надвор’е? Куды спяшацца? Да каго? Бедныя жанчыны, ды кіньце вы вашы дяжкія сумкі, спыніцеся на імгненне, павыпроствайце плечы, падыміце галовы, адчуйце, як растаюць на вашых стомленых тварах гэтыя сняжынкі, як змываюць вашу касметыку і вяртаюць вам натуральнасць і прыгажосць!

Але на яго маўклівы заклік ніхто не адгукнуўся, і ён рушыў далей, здзіўляючыся свайму настрою.

Сцэнарый Ігар прачытаў тым жа вечарам і быў ашаломлены. Так, гэта матэрыял! Жудасны матэрыял! Але які можа атрымацца фільм! Зараз ужо ён баяўся, што сцэнарый аддадуць Асмаловічу. Хацеў адразу ж ісці да галоўнага рэдактара і ставіць кропкі над «і», але, памеркаваўшы, вырашыў не спяшацца. Сказаў: праз тры дні, значыць, праз тры. Заўтра ён да яго і завітае. Заўтра... Што будзе заўтра?

Ігар закурыў апошнюю цыгарэту. А галава ўсё роўна баліць, трашчыць, нібы пераспелы кавун. Ён падняўся, падышоў да тэлефона, набраў нумар свайго памочніка Сярожы.

— Вось што, Сяргей, прывязеш цыгарэты і лякарства.

— Ігар Сяргеевіч, — заныў Сярожа, — у такое надвор’е ў чарзе стаяць...

— Тады заедзеш да Пашкі.

— У Пашкі скандал з жонкай, яна мяне на парог не пусціць.

— Добра, — уздыхнуў Ігар, — піва купі. I давай хутчэй.

Ён павесіў трубку. Прайшоўся па пакоі, паглядзеў у акно. Мяце і мяце. Якое сёння чысло? Трынаццатае?! Ігар адчуў нейкі ўнутраны штуршок, і ў галаве раптам праяснілася. Гадавіна іх з Галкай вяселля. Ён сеў на тахту. Рукі дрыжалі. Забыў! Пра ўсё забыў! Раней у гэты дзень ён заўсёды дарыў ёй ружы. Ружы ўзімку, у гэтым быў асаблівы шарм. А сёння нават званіць не хацелася. Занадта цяжкай павінна была атрымацца ў іх размова, і ён яе ўвесь час адкладаў. Разумеў, што апошні канфлікт зацягнуўся, перарос у нешта большае, стаў прынцыповым. У такіх абставінах Галіна можа пайсці і на развод. А ён разводзіцца не хацеў, але і ўгаворваць яе таксама не збіраўся. Паўгода —дастатковы тэрмін, каб кожны абдумаў свае паводзіны. Колькі разоў казаў: не падабаецца што — скажы. Дык не, затоіцца, маўчыць. ці зачыніцца ў кухні і паўночы стукае на машынцы. Шклянку чаю выпіць няможна.

Ну, засталіся сябры ў яго начаваць! Ну і што?! Ці ў першы раз? Ёсць. жа, нарэшце, традыцыі, і не яму іх адмяняць! Раней у такіх выпадках не скандаліла. Кемлівая была. А цяпер... Што ён, кожны дзень п’е?! Ну, завітаюць часам сябры, прынясуць сухача ці піва. Ну дык што?! Алкаголікам адразу ж абражаць?! I наогул, папярэджваць трэба, калі з камандзіровак вяртаешся. Хоць бы сустрэў, а то бадзяецца па начах адна. А калі здарыцца што, хто будзе вінаваты? Вядома, ён. Як жа, жонку не сустрэў.