Выбрать главу

Флігель, у якім жыў Отчык, быў у кутку двара каля студні. Раніцамі Іван мог назіраць, як Отчык абліваецца сцюдзёнай вадой. Ён вельмі глядзеў сябе, пільна сачыў за сваім нібыта слабым здароўем. Хударлявы, паро­дзісты, з рыжай шавялюрай і бакенбардамі, нечым ён нагадваў паджарага мускулістага льва. Калі-небудзь Іван лавіў на сабе яго позірк, хуткі, з-пад ілба, і, халадзеючы, думаў, што леў, прыходзячы ў чужы прайд, першай справаю перадушвае ільвянят мужчынкага полу. І праўда, калі да сястрычак Отчык ставіўся абыякава, да маці – нязменна з павагай, мо нават больш, чым з павагаю, дык з Іванам у іх агульнай мовы не было. Часам Отчык, калі ніхто не бачыў, клаў цяжкую руку яму на плячо і абмацваў худзенькую ключыцу.

– Ну што, Іван Лагун, удовін сын, – казаў, заўсёды ставячы прозвішча разам з іменем. У голасе чулася насмешка. – Як табе без бацькі?

Лішне казаць, што Іван не любіў, а яшчэ больш баяўся яго. Таму можна ўявіць, чаго каштавала яму аднойчы набрацца смеласці і спытаць, ці сапраўды яны, Отчык і бацька, так ужо сябравалі.

– Не скажу, што моцна, – адказаў Отчык. – Але ў душы мы былі як Хмяльніцкі з Чапліцкім.

Сэнс гэтага дзіўнага параўнання Іван зразумее пазней. А пакуль, прыблізна ў той жа час, у яго з’явілася тайна. Праз некалькі месяцаў пасля гібелі бацькі, калі боль страты аціх, Іван залез на гарышча, каб патрымаць у руках, перабраць бацькавы рэчы, складзеныя ў кардоннай скрынцы, і раптам звярнуў увагу на яго смартфон. Пакруціў у руках, заўважыў, што на ім з’явіліся чорныя плямы і ўвогуле ён нейкі як бы абпалены, а з аднаго боку нават аплаўлены.

Іван глядзеў на гэты пакалечаны тэлефон, і яму здавалася, што ён працягвае здымацца ў кіно. Здагадка была наколькі простая, настолькі ж неверагодная – бацькава гібель магла быць не няшчасным выпадкам, а спланаваным забойствам. Ён толькі падзівіўся, чаму нікому з дарослых гэта не прыйшло ў галаву. У кампутары запэўнівалі, што немагчыма такое, не рэагуе маланка на ўключаны тэлефон. І адразу ж: “нядаўна было паведамленне пра гібель дарадчыка Мінаховы здароўя РФ у Крыме – яго ўдарыла маланка, калі зазваніў мабільнік”.

Канечне, самае лепшае было б расказаць каму-небудзь, падзяліцца. Але Іван быў вельмі адзінокі. Сяброў не меў. Сёстры цураліся старэйшага брата, ім хапала адна адной. А маці – яна змянілася з таго часу, нібыта і па ёй прайшлася краем тая чорная маланка і абвугліла частку душы. І без таго маўклівая, цяпер яна зусім замкнулася ў сабе. Лагуну было нават крыўдна, што маці стала такой і не заўважае, не хоча бачыць, які гэты Отчык хітры, хлуслівы, небяспечны. Да ўсяго ў ім самім прысутнічаў страх. Калі Отчык сапраўды датычны да бацькавай гібелі, дык і яму, Івану, пагражае небяспека як адзінаму сведку. Таму ён вырашыў пакуль маўчаць і самому ва ўсім разабрацца.

На той час ён ужо вучыўся ў іншай школе, звычайнай, не ў цэнтры, а на другім канцы горада. Пра элітную гімназію, як і пра машыну, якой падвозіў яго бацька, давялося забыць. Отчык ні разу не падвёз яго, шкадаваў бензін і час, не кажучы пра кішэнныя грошы, якіх Іван меў роўна на два талончыкі. Машыну замяніў веласіпед. Іван даязджаў да ўскраіны горада, ставіў яго ў двары, перасядаў на аўтобус да школы, гэтаксама вяртаўся назад. Дарога дамоў, на якой ён адпачываў, стала нібы ўдвая даўжэйшай. Яна няспешна вяла ўздоўж берага возера, таго самага, некалі іхняга, а цяпер чужога. Высокі цупкі бераг. Палянка, парослая мяккай травой, на якой, калі суха, адпачываў, прывыкаў да адзіноты. Глядзеў на водную роўнядзь, такую падманна-ласкавую, ціхамірную. А то, лежачы на спіне ці на жываце, з травінкай у роце – марыў.

Ён і раней любіў гэты занятак. Але тады мары былі беспрадметныя – так, нічога цікавага, хутчэй фантазіі, а не мары: пра вялікі горад, новы айфон, моднае адзенне, дарагую машыну. Ён так і ўяўляў гэта – прыезд на дарагой машыне ў сям’ю, з падарункамі. Каля школы спыніцца. Ранейшыя мары нікуды не зніклі, жаданне разбагацець так і было асноўным, але з’явілася ў іх больш практычнага рэалізму, і яны прынялі накірунак, звязаны з Отчыкам, з жаданнем разблытаць яго цёмныя справы, і тады – помста яму, знішчэнне яго; напрыклад, выкупіць назад зямлю, а Отчыка давесці да галечы, а то і да турмы.

Яшчэ Іван зразумеў, што, каб мары збыліся, яму трэба вывучыцца. Не залежаць ад сям’і. Стаць славутым. Весці лёгкае, паспяховае жыццё. Пажадана нічога не рабіць, а ўсё атрымліваць, – каб грошы капалі самі сабой кожны дзень рэгулярна.