Выбрать главу

І ўсё гэта ў думках-марах давала яму – кіно. Толькі з ім ён звязваў свой лёс і будучы поспех. Кажуць жа людзі, аднакласнікі, настаўнікі, што ён падобны да нейкага кінаакцёра. І ўвогуле ён часта ўспамінаў тое лета, калі прыязджала кінабрыгада. Хаця насамрэч нічога рамантычнага там не было. Для здымкаў іх, хлопцаў-падлеткаў, пастрыглі «пад нуль», прычым гэта была абавязковая ўмова. Яны гралі навабранцаў, радавых. Рэжысёр з’яўляўся на здымках вельмі рэдка, памяты і злы выкульваўся бліжэй да абеду са свайго студыйнага буса, лаяўся на памочніка, які, па-сутнасці, і быў сапраўдным рэжысёрам, і некуды знікаў. Адну і тую ж сцэну – капанне акопа – пераздымалі разоў дваццаць, пастраенне і кароткі дыялог паміж галоўным героем і яго таварышам – разоў пятнаццаць. Калі Іван пасля глядзеў серыял (цалкам так і не адолеў), то адзначыў, што сцэны з іх удзелам занялі ў васьмісерыйным фільме ўсяго хвілін мо восем. За адзін дзень плацілі 10 даляраў. Хлопец-кіношнік, што займаўся рэквізітам, на пытанне, колькі плацяць за масоўку ў Расіі, па сакрэце распавёў, што расіянам вельмі выгадна здымаць ваенныя фільмы ў Беларусі, бо, напрыклад, масоўку тут можна наймаць ці не ў 5 разоў танней. Увогуле, было спякотна, лысую галаву напякло сонцам, у Івана на другі дзень здарылася нешта накшталт цеплавога ўдару.

Але дзіўная рэч! Усё забылася пасля, адфільтравалася. Простае азіранне ў мінулае ахутвала ўсё мілай, светлай журбой і жаданнем апынуцца там зноў. Іван успамінаў тыя дні з настальгіяй. Кіношнае жыццё здавалася яму прыгожым, цікавым, лёгкім, бязбедным; кіношныя людзі – людзьмі з іншага свету. Для таго, каб жыць такім жыццём, трэба было дабіцца поспеху і разбагацець. Зрабіць гэта можна толькі вывучыўшыся. А на вучобу трэба грошы. Хаця б першапачатковы капітал – мінімум тысяча даляраў. Узяць іх можна толькі ў сквапнага Отчыка. А ён добраахвотна, па сваёй волі ніколі іх не дасць.

Замкнутае кола, якое і спадзяваўся разарваць Іван. План яго будзе просты: калі спраўдзіцца гісторыя з трагічным, злачынным званком, ён прапануе Отчыку сваё маўчанне ў абмен на грошы.

А тым часам Отчык, счакаўшы роўна год, зрабіў удаве афіцыйную прапанову, атрымаў згоду і ажаніўся з ёю. У высакародным парыве ён нават змяніў прозвішча – з Отчыка на Лагуна, як ён растлумачыў, каб не прападаў раскручаны брэнд. Так чалавек, не заплаціўшы ні капейкі, за год прыбраў да рук жаданы ўчастак зямлі разам з возерам, лесам, з усімі пабудовамі, прысвоіў бізнес нябожчыка, а таксама атрымаў у дадатак яго жонку, трох бясплатных парабкаў і новае прозвішча – словам, цалкам замяніў сябра, як бы пачаў жыць замест яго.

Пасля гэтага падазрэнні Лагуна, што ўсё было задумана і спланавана Отчыкам, а цяпер толькі рэалізоўваецца, перараслі ў цвёрдую перакана­насць. Ён ужо не сумняваўся, што Отчык падстроіў забойства, што званок ад яго на бацькаў тэлефон супадзе з ударам маланкі. На пытанне, як узнавіць уваходныя/зыходныя званкі ў тэлефоне без сім-карты, сябра-гугл без запінкі адказаў: прыйсці з пашпартам і пасведчаннем аб смерці блізкага чалавека ў офіс і папрасіць у сотавага аператара раздрукоўку. Нарэшце Іван выправіўся туды. Ён запомніў, на форуме пісалі, што атрымаць раздрукоўку гадавой даўніны з чужога (хай нават і роднага бацькі) тэлефона зусім не лёгка, і многае будзе залежаць ад аператара, у яго выпадку – аператаркі, таму паспрабаваў спадабацца ёй. Трэба зазначыць, што да таго часу ён змяніўся знешне. Фізічная праца, свежае паветра, здаровая ежа, добрыя гены як бы паскорылі яго сталенне: у свае шаснаццаць выглядаў на ўсе васямнаццаць. Акрамя таго, была за душой у яго тайна, якая накладала свой адбітак і на характар, і нават на знешнасць. Высокі, сімпатычны малады чалавек з загадкавым тварам – такім паўстаў ён перад маладзенькай аператаркай. А калі загаварыў, дык з’явіліся – чырвань на шчоках, сціплая ўсмешка, зазвінеў ціхі, з замінкаю голас.

“Разумееце… Бацька трагічна загінуў. Я, як сірата… Ці можна, калі ласка, раздрукоўку званкоў за год назад? Хто яму званіў, і каму ён, у апошнія хвіліны. Мне гэта патрэбна як памяць”.

“Ну што ж. Дзеля памяці пра бацьку”, – прамовіла добрая аператарка, усміхнуўшыся ледзь-ледзь у адказ (“З-за вушэй?” – падумаў ён).

І вось ён трымае жаданую, каштоўную паперчыну. Не адыходзячы ад вакенца, упіўся ў яе вачамі. Так і ёсць. Апошні званок з незнаёмага нумара. Але не з Отчыкавага. Тады – з чыйго? Хто мог пазваніць так “своечасова”? Отчык з іншага тэлефона? Пазваніць, а потым памяняць сімку? Але бог мой, такія складанасці! – гэта занадта. Доўга не адважваўся ён набраць чужыя, страшнаватыя лічбы. У лепшым выпадку чакаў пачуць: “набраны вамі нумар не існуе”, а ў горшым… Ён не мог уявіць, што ў горшым, але наперад млеў ад страху. Нарэшце набраў, заплюшчыў вочы – і пачуў жаночы прыемны грудны голас. Ён прамармытаў, што памылка, прабачце, і адключыўся.