“Тысяча”, – смялей сказаў Лагун.
Сам здзіўляўся, адкуль бралася смеласць. Отчык, хутчэй за ўсё, гатовы быў ужо даць. Але Івана, падбадзёранага поспехам, панесла. Словы паліліся з яго, як плаціну прарвала. Усе прадуманыя ім пункты змяшаліся ў кучу.
“Інакш я буду вымушаны… я звярнуся да сябра… а сябар ведае, куды вы ходзіце… бо вы датычныя да гібелі майго бацькі… калі не дасце разлік за лета…”
Кажучы ўсё гэта, Лагун пільнасці не губляў, стаяў напаўпаварота, кожнае імгненне гатовы даць драпака.
Тут адбылося тое, чаго ён не чакаў. У вачах у Отчыка адбіўся самы сапраўдны страх. Дык вунь яно што! Меў рацыю здагадлівы матацыкліст-псіхолаг: страшны монстр з крывавай тайнай аказваўся ўсяго толькі дробным аферыстам, жаночых спраў майстрам і баязліўцам у дадатак. Отчык адвёў вочы, адвярнуўся, дастаў з кішэні грошы, не паварочваючыся, кінуў на стол. Лагун адразу згроб іх.
“Дык вось ты які, Іван, удовін сын”.
Ён сказаў яшчэ нешта пра яблык і яблыню. Але Лагун ужо не чуў, бо быў далёка. Яго ўразіла, наколькі ўсё лёгка і проста вырашылася. Аж да расчаравання. У далоні храбусцелі жаданыя купюры. Аб адным толькі ён шкадаваў – што не папрасіў больш.
8
Лагун з такой лёгкасцю патрапіў у ВНУ, што думаў: унутраныя іспыты здаць – таксама раз плюнуць. Але гэтак жа лёгка заваліў першую сесію і апынуўся на мяжы адлічэння “ў сувязі з акадэмічнай непаспяховасцю”. Неяк надта хутка пачало збывацца прадказанне Отчыка. Ён ужо хацеў вяртацца. І куды? – зноў да Отчыка ў парабкі. Ён быў упэўнены, што калі вернецца, там і загіне. У дэканаце ён пачаў мямліць звыклае: сірата, няма куды вяртацца – і зноў падзейнічала. Гэтае яго спадзяванне на невядома што, на цуд, ужо столькі разоў спраўджвалася, што стала ледзь не заканамернасцю. Яго пашкадавалі, махнулі рукою і пакінулі з умовай – толькі на паўгода, да летняй сесіі, а там і армія.
Самае непрыемнае, што скончыліся грошы. Пакуль яны былі, Лагун гуляў па сталіцы, апранаўся, ад’ядаўся. Грошы раставалі, і разам з імі канчалася надзея дзе-небудзь іх зарабіць. Ні пра якую дапамогу ніадкуль не магло быць гаворкі. Ён гатовы быў на ўсё, акрамя як прасіць у сваіх. Ды і не пройдзе ў другі раз такое з Отчыкам.
Ён ляжаў у пакоі на ложку, слухаў чырыканне хвалістага жоўтага папугайчыка з бурштынавай дзюбкай, які, як лімон, скакаў у клетцы. Гаспадар папугайчыка, сусед па пакоі, старшагрупнік, быў з тых, хто ў людзях з першага знаёмства адзначае якуюсь адну рыску і на падставе яе робіць уяўленне ўвогуле пра чалавека. Пачуўшы, што Лагун здымаўся ў кіно і што нават рэжысёр яго хваліў, ён ухапіўся за гэта і толькі на такую тэму з Лагуном і гаварыў, ставіўся да яго як да аматара-энтузіяста і паблажліва, мо з падколкаю, а мо і ўсур’ёз, даваў парады – кшталту: “Трэба ставіць самыя высокія мэты, імкнуцца ў Галівуд, не менш!”
Лагун мала карыстаўся сацыяльнымі сеткамі, часткова ленаваўся, часткова таму, што там трэба ўвесь час хваліцца, а яму пакуль не было чым. Сусед заўважыў гэта і, насыпаючы свайму папугаю корм, мяняючы ваду, навучаў:
– Як жа ты збіраешся заваёўваць свет? Без гэтага нікуды. Нічога не атрымаецца, – казаў, у прынцыпе, правільныя рэчы. Тым не менш Лагун не вельмі ўступаў з ім у спрэчкі, увогуле ў размовы, бо з яго не было чаго ўзяць, а Лагун ужо навучыўся дзяліць людзей па такім крытэрыі. Аднак менавіта гэты сусед памог яму. Ён усё раіў:
– Любіш кіно, здымаўся – дык і едзь у кіно. Хаця б статыстам.
– Я глядзеў у інтэрнэце, не трэба ім.
– З’ездзі сам, – настойваў сусед. – Усё адно ляжыш.
Лагун паехаў. А раптам? Пахадзіў па калідорах. Падыхаў творчым паветрам. Бачыў шыльды на дзвярах. Паглядзеў у высачэнную столь. Пастаяў каля дзвярэй аддзела кадраў, зайшоў. Сапраўды, сказала строгая жанчына, пакуль не патрабаваліся нават статысты, ды і грошы былі мізэрныя. Каля студыі быў гіпермаркет. Лагун зайшоў купіць чыпсаў і вады. Каля дзвярэй – абвестка: “Патрабуецца… зборшчык вазкоў і кошыкаў у гандлёвай зале, праца 4 гадзіны”. Праца? Ён, канечне, звяртаў увагу, але нават не ведаў, што ёсць спецыяльны чалавек, які ходзіць па зале і збірае кошыкі. Прычым усяго 4 гадзіны, а потым тры дні дома. Ахоўнік правёў яго у канец гандлёвай залы ў падсобнае памяшканне да, як ён выказаўся, начальніцы дворнікаў. Яна ўхапіліся за Лагуна вачамі, рукамі і нагамі. Ён сказаў завучана, як абавязковы штамп, ужо не чырванеючы і не саромеючыся: студэнт, сірата. Стыпендыі няма.
“Ды гэта для студэнтаў знарок прыдумана, – усклікнула начальніца. – Раней разгружалі вагоны, а цяпер кошыкі і вазкі ў гіпермаркетах збіраюць. Калі не саромеешся і не лянуешся, разлічвай на 150-200 даляраў. Практычна пад нагамі на дарозе валяюцца”.