– А ведаеш што? – заставайся начаваць, – заявіў ён. – Куды ў такую ноч ехаць. Свежая бялізна, чыстая пасцель.
Нагадвала якуюсь калядную гісторыю. Лагун зразумеў, што трэба расказаць пра сябе, што дзед чакае гэтага. І коратка! Вельмі коратка! Каб не ўскладняць, расказаў усё, як і іншым: маўляў, сірата, дзве сястры, маці, працуюць на чужога дзядзьку; мары жыць па-чалавечы, жаданне выбіцца ў людзі; не забыў пра здымкі свае статыстам у масоўцы; сціпла паведаміў, што рэжысёр хваліў яго (чаго не было), прызнаўся, што і сюды прыязджаў знарок на кінастудыю (так і было), ды не атрымалася ўладкавацца. Дзед слухаў, вочы ў яго туманіліся, ён, пазіраючы перад сабой, нібы прыкідваў нешта.
– Сірата, – паўтарыў ён. – Значыць, ты ўжо з малых гадоў паспытаў горыч жыцця. А скажы, якія ў цябе планы? Надалей?
Лагун адказаў, што ніякіх асабліва планаў, да вясны перабіцца, а там, можа, у войска. І ў сваю чаргу спытаў:
– А цяжка стаць сцэнарыстам?
– Як табе сказаць. Трэба, па-першае, проста нарадзіцца творчым чалавекам. Затым стаць літаратарам. Для гэтага пажадана гадоў дзесяць чытаць адну класіку, вучыць на памяць, потым выкінуць яе з галавы, яшчэ гадоў пяць ездзіць, хадзіць, вандраваць па Беларусі і па ўсім свеце, слухаць, запамінаць, запісваць. Пажадана пасядзець у турме, адпачыць на Багамах, пабыць багатым, затым жабраком, выйграць у латарэю і прайграць у рулетку, як Дастаеўскі. Жаніцца, развесціся, нарадзіць дзіця, калі зможаш. І вось тады, як застануцца жаданне і сілы, успомніць усё, што чытаў, перамяшаць з тым, што бачыў і перажыў, дадаць тое, што яшчэ хацелася б убачыць і перажыць, – і ўжо тады са спакойнай душой засесці за пісанне. Хоць і сцэнарыяў, бог з імі.
– А я б, здаецца, усё гэта з радасцю прайшоў бы, – вырвалася ў Лагуна. Выпітае віно і вялікі кавалак смажанага мяса разняволілі яго язык і думкі.
– Ты так моцна любіш кіно?
– Ага, – Лагун зглынуў. Што павінна было азначаць – больш за ўсё на свеце.
– І хочаш навучыцца пісаць сцэнары?
– З дзяцінства, можна сказаць, марыў.
– Ну што ж. Можа, сам лёс паслаў мне цябе. Падумаем, што можна зрабіць, як табе памагчы.
Лагун пасля нядоўгага маўчання спытаў:
– А нашто гэта вам? Ну, памагаць мне? Што вам з гэтага?
– Хачу проста дабро зрабіць табе. Харошы ты вельмі хлопец.
– Але з мяне няма чаго ўзяць. Я нічым не змагу вам адплаціць.
– Нічога не трэба. Я ўжо ў такім веку, калі трэба збіраць як мага больш добрых спраў. Мо і спатрэбяцца на апошняй таможні.
Лагуну гэтыя словы былі і незразумелыя, і падазроныя. Як праз сон, даносіліся гукі. А дзед працягваў.
– Першую частку жыцця атрымліваеш радасць, калі ўсё робіш для сябе. Другую – для сям’і, для дзяцей. А вось трэцяя, апошняя частка – і я акурат у ёй знаходжуся – радасць ад таго, што робіш дабро зусім чужым, незнаёмым.
У Лагуна галава хілілася на грудзі. Ён ужо амаль спаў. Якія перыяды якія часткі, калі жыццё неверагодна доўгае, яно бясконцае, а можа і ўвогуле вечнае. Назаўтра раніцай ён атрымаў каву на падносе ў ложак. “Сняданак на стале, пад ручніком”, – ці то іранічна, ці ўсур’ёз сказаў Вечка, Лагун ужо ведаў, як яго завуць. Дзед сядзеў каля ложка, падпёршы галаву рукой, з цікавасцю і з жалем пазіраў, як Лагун п’е каву. А потым працягнуў учарашнюю размову:
– Я за ноч усё абдумаў. У мяне прапанова. Хочаш мне памагчы?
– Гледзячы як.
– Не, не! Не падумай, што гэта якая афера!
– Я і не думаю.
– Мне сумленне не дазволіць, ты такі несапсаваны, чысты, наіўны, добры. Не магу ўявіць, у каго рука падымецца і язык павернецца пакрыўдзіць цябе.
– Тады што? – даволі бесцырымонна перапыніў яго Лагун.
– Ды справа няцяжкая. У мяне даўно задуманы адзін сцэнарый… Сцэнар для конкурсу. Ён хоць і абдуманы, але ў галаве пакуль. Я не надта сябрую з кампутарам. Я буду дыктаваць, а ты набіраць. Заадно і вучыцца. Згодзен? Хочаш?
– Вельмі хачу. Толькі як гэта будзе? Прыязджаць да вас, ці што?
– Не, не прыязджаць. Ты жыві ў мяне на гэты час. Кватэра, стол – усё маё. Як бы бонус табе. Я цябе не пакрыўджу. – І дадаў: – Толькі пры адной умове. Калі жонка прыедзе, табе давядзецца сысці.
9
Так Лагун пачаў жыць у дзеда – як сабака ў вядомым мультфільме, толькі нават яшчэ лепш. Хаця і ездзіць на рэдкія лекцыі па-ранейшаму было далекавата, затое за кватэру плаціць не трэба. Суха, цёпла, кормяць і зусім блізка да гіпера, да сваіх кошыкаў-вазкоў, якія ён не збіраўся кідаць, бо гэта былі лішнія 150-200 даляраў. Першых некалькі дзён ён проста адсыпаўся, адлежваўся ў цішыні. Гартаў ноўтбук ці смартфон, глядзеў абы-што: старонкі жыцця “зорак”, дзівіўся на будынкі, машыны, адзенне.
Вечка пачаў заходзіць да яго ў пакой кожны вечар, калі Лагун быў не на кошыках. Прыносіў 1-2 старонкі тэксту. Лагун адкрываў выстаўленую ў “Вордзе” “рыбу”-схему: экстэр’ер, інтэр’ер, сцэна першая, другая, трэцяя. Дзед пачынаў дыктаваць, Лагун механічна набіраць. Тое, што ён набіраў, здавалася яму страшэннай лухтой, немагчымай, у сон хілячай нудотай. Нейкія словы, словы. Ніякага дзеяння. А сцэнар павінен быць вось як баявік, кароценькія сказы і дзеянне. Мала таго, што тэкст складаны, дык ён да ўсяго быў задуманы дзедам Вечкам і запісаны на аркушыках па-беларуску. Дзед чытаў сказ, Лагун перакладаў у галаве ці пры дапамозе скарніка на рускую, вымаўляў уголас. Дзед узрадавана ківаў галавою: “Так, выдатна, усё правільна!” – і далей дыктаваў сказ па-руску зусім інакш, чым было ў Лагуна.