Выбрать главу

– А па-руску нашто? – спытаў Лагун.

– Там ніводзін чалавек па-беларуску не прачытае, – адказаў Вечка з некаторай грэблівасцю. – А калі прачытае, дык не зразумее. Затое яны шукаюць нацыянальны код. Яны шукаюць! Ім і ў галовы не прыходзіць, што яго і шукаць не трэба, яны топчуцца па ім.

На маўклівае пытанне Лагуна патлумачыў:

– Так, так, тая самая шматпакутная мова. Якая адначасова і код, і нацыянальная ідэя, і паветра, якім дыхаеш. Але яны будуць вынахо­дзіць мільёны складаных, абыходных шляхоў, толькі каб не ісці па адзіна правільным, дарэчы, і самым лёгкім, які найбліжэй і найхутчэй вядзе да мэты. Я, праўда, даўно зарокся не чапаць гэтай тэмы. Але калі-небудзь цярпення не хапае. Ну, шукайце далей.

Надыктаваўшы староначку, дзед адрываўся, прыносіў каву, бутэрброды, яблыкі. Хацеў пагаварыць, паслухаць Лагуна, які разумеў, што гэта і ёсць яго плата за жытло. Але атрымлівалася, што Вечка сам пачынаў гаварыць, ды так, што не мог спыніцца.

– Дык ты кажаш, – пачынаў ён (хоць Лагун нічога яшчэ не казаў), – працоўнае дзяцінства, вёска, прырода. Што можа быць лепш!

У яго загараліся вочы, цяплеў голас, па ўсім відаць, у яго ў галаве ўзні­каў вобраз яго самога малога, толькі перанесенага ў цяперашні час. Ва ўсім мінулым яму бачылася адна толькі настальгічная лірыка.

“Я больш за 30 гадоў патраціў на разгадку пытання: чаму толькі ў раёне 12-13 гадоў меў поўнае, шырокае, глыбокае, усеабдымнае шчасце, і дзе яно потым згубілася, растрэслася? Хоць у тыя гады быў бессярэбнікам і меў адны штаны, а потым займеў сёе-тое – не горш за іншых – матэрыяльнае? Што ж там такое было? І зразумеў: любіў тады (лепш сказаць, само любілася) не канкрэтыку, а агульнае, не дэталі, а панараму. Не было ні чалавека, ні дрэва, ні жывёліны, ні рэчы – словам, нічога таго, што можа знікнуць, сысці, што могуць адабраць, – да чаго б я моцна прывязваўся. Дрэва спілуюць, чалавек памрэ, каханая кіне, дзіця вырасце… А хто можа адабраць неба, ваду? Паветра, сонца, месяц, туман і зоры? Мары і летуценні? Ніхто і ніколі”.

Іншым разам расказваў, што шчасце і радасць часта маюць прыроднае, фізічнае тлумачэнне.

“Калі малымі бегалі па грыбы, яшчэ зацемна, бывала, што лягаў пад хвойку, каб хоць пяць хвілінак падрамаць. Але потым расходжваўся, разам з узыходам сонца, якое промнямі рассейвала туман і праганяла начныя цяжкія лясныя пахі. Сасновы лес напаўняўся тады чыстым кіслародам, і ўзні­кала радасць, якая пакрысе рабілася ўсё большай, проста ненармальнай – як бы выпіў ці прыняў лёгкі наркотык. А чысты кісларод ім жа і ёсць!”

“Тое самае, калі летнім днём лез з топняй у рэчку лавіць уюноў, з-пад ног, як толькі ўлазіў у ваду, падымаліся занізкі бурбалак – і зноў тая самая лёгкасць і ненатуральная, беспрычынная радасць! Толькі потым, дарослым ужо, даведаўся, што балотны газ – таксама наркатычны. Усё было ў самой прыродзе на радасць чалавеку, усяго ўдосталь хапала ў нашых беларусках вёсках. Іншая справа, што самі вёскі як пачалі душыць яшчэ з канца 19 стагоддзя, так не супакоіліся, пакуль не прыкончылі дарэшты ў пачатку 21-га, і саму назву знішчылі, навязаўшы замест вёскі аграгарадкі, а замест вяскоўцаў – “сваты”: хамаватыя, гарластыя, па-цыганску шумныя, якія суткамі не вылазяць з-за стала”.

Даліся яму гэтыя сваты. Лагун слухаў і думаў: знайшоў аб чым плакаць. Нічога харошага ў той вёсцы, як цяперашняй, так і ранейшай, не было і няма, акрамя жадання хутчэй уцячы адтуль. Разумнікі. Дайце мне грошы і кватэру, я б не плакаўся па грыбах і ўюнах. І чаму так заведзена: хто ўмее распараджацца грашыма, той бедны, а ў каго яны ёсць, той дурны?

У самога яго ўжо склалася меркаванне пра дзеда Вечку. Такія тыпы яму і раней трапляліся. Гэта былі, у прынцыпе, вельмі добрыя людзі, інтэлігентныя, ціхія, наіўныя, якія мала чаго дабіліся ў жыцці, але затое і гора мала зналі; адпаведна, і жыцця як такога яны не ведалі. З імі было лёгка, але чамусьці вельмі хацелася карыстацца імі, падманваць іх.