Нарэшце здымкі скончыліся, кінагрупа хутка знялася з месца, балазе, збіраць асабліва не было чаго, толькі апаратуру, а рэквізіты і дэкарацыі мясцовыя. На пероне каля цягніка “Мінск – Москва” галоўны рэжысёр серыяла нарэшце апынуўся хоць на пяць хвілін у нязвыклай адзіноце. Ён любіў гэты пах мазуты і гары, гудзенне цеплавозаў, звон рэек, камяні паміж шпалаў. Яму падабалася жывая мітусня вакзала, хаатычны рух яго, шум, абвесткі, якія будзілі ўяўленне пра іншыя гарады і другое жыццё. Ён прагульваўся па пероне і думаў не пра серыял з маскоўскага жыцця, гэтую падробку, а пра свой сапраўдны фільм, які здымаў ужо гадоў дзесяць і якім спадзяваўся не проста здзівіць, а скалануць свет. Серыяльныя меладрамы – гэта так, ні аб чым, практыкаванні ў стральбе. Яны здымаліся дзеля хлеба надзённага. А вось той фільм, амаль патаемны, прызначаны для закрытых паказаў на фестывалях, быў сапраўдным – і чаго толькі ў ім не было! Была сцэна, у якой нават запрошаная нямецкая порнаактрыса, далёка не святая, наадрэз адмовілася ўдзельнічаць; быў эпізод, пасля прагляду якога Міністэрства культуры рашуча запатрабавала вярнуць назад грант, які неабдумана само ж і выдала.
Цяпер, прагульваючыся на пероне мінскага вакзала, рэжысёр з горыччу, але і не без гонару, думаў: “Крывадушнікі! Вашыя ваенныя фільмы – крывавыя мясарубкі, дзе людзей рвуць на кавалкі, рэжуць, катуюць, гэта паказваецца ўсім, ад старога да малога, без абмежаванняў… Ну, нічога. Даведаецеся з Берлінарыя, што такое сапраўднае кіно”.
Ён зайшоў у вагон, цягнік крануўся і змяніў яго думкі. Ён глядзеў у вакно і ненадоўга развітваўся з гэтым дзіўным горадам. Харошы горад, добрыя людзі, хоць і наіўныя, спозненыя, якія захраслі ў мінулым стагоддзі, завіслі ў мілай патрыярхальнасці. Ад сацыялізму адарваліся, да капіталізму не прыйшлі. Не здольныя ні на што вялікае, але і на нізкае таксама, у адрозненне ад нас, рускіх. У нас усё крайнасці: рэвалюцыя, дык такая, каб свет здрыгануўся, капіталізм – каб мароз бег па скуры. Падышоў ззаду аператар:
— Знаёмая дзяўчына з Мінска кажа, што вельмі смешна глядзець фільм пра Маскву, пазнаючы ўласныя школы, вуліцы, завулкі.
– Мне на яе месцы не смешна, а крыўдна было б. Дарэчы, – успомніў рэжысёр, – на тым кадры, дзе праезд па вуліцы Карла Маркса… Трэба нешта памяняць. Каб не было відаць, што Мінск.
– Падмалюем збоку Астанкінскую вежу, – адказаў аператар, замоўк і таксама пачаў глядзець у вакно.
2
У танным рэстаранчыку за сталом каля вакна сядзелі двое мясцовых, гэтак званых “прафесіяналаў другога плана”, якія часова прыляпіліся да “FilmBellа” і падпрацоўвалі там. Адзін малады – рэжысёр (той самы, які скакаў з электрычкі), другі пажылы – сцэнарыст-літапрацоўшчык. Перад імі стаяў графінчык каньяку і ляжала адна на дваіх вялікая плітка шакаладу.
Пажылога звалі Іван Барысавіч Вечка. Яму было за шэсцьдзесят. Ён нібы перанёсся машынай часу з сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, бо і адзеннем, і знешнасцю падобны быў на колішняга настаўніка матэматыкі ці на сярэдняй рукі паэта-песенніка, у якога неўзабаве юбілей. Цёмны пінжак, светлая вадалазка пад горла (за апошні час мода зрабіла кола і вярнулася, і тое, што некалькі гадоў назад выклікала б здзіўленне і, можа, нават жаданне паморшчыцца ад безгустоўнасці, цяпер было да месца), акуляры ў вінтажнай аправе, кароткая, з падбрытымі скронямі прычоска – і хіба толькі рукі, вялікія, з шырокімі, як карасі, далонямі, больш прыдатнымі да касы і сякеры, чым да ручкі і клавіятуры кампутара, сведчылі, што вясковыя гены пальцамі не раздушыш.
За вочы пра гэтага Вечку на кінастудыі казалі, што ён не без божай іскры, аднак лепшыя гады жыцця аддаў на пісанне пад рознымі псеўданімамі так званых рускіх камерцыйных раманаў, а потым, калі гэта перастала карыстацца попытам, асеў на кінастудыі, дзе перабіваўся літапрацоўкай, інакш – ажыўленнем герояў, напрыклад, аздабляў беларускімі слоўкамі і рэплікамі размову чарговага якога-небудзь беларускага дзеда-пчаляра, такога, які ўяўляецца рускім: добрага, простага, але з грубаватай хітрынкай Несцеркі: “а мае ж вы даражэнькія-родненькія, а мядку, гурочкаў, самагоначкі, сальца”. Акрамя таго хадзіла чутка, што гэты Вечка па-ранейшаму піша кан’юнктурныя, на заказ, сцэнарыі для гендырэктара кінастудыі Хрушчанкі, які падпісвае іх сваім імем.