Прайшоў месяц, пачаўся другі, і амаль кожны вечар была дыктоўка: “рыба”, інтэр’ер, экстэр’ер, якія ўяўляліся Лагуну пародамі сабак. Вечка дыктаваў пра нейкага офіснага работніка, які доўга цярпеў самадурства начальніка, нарэшце ўзбунтаваўся, нагаварыў шэфу ўсё, што пра яго думае, і вымушаны быў пайсці з працы – страціць месца. Ён апынуўся на вуліцы. Спачатку сям’я – жонка, цешча, дачка і сын, сваякі, сябры, знаёмыя і калегі ганарыліся ім, яго геройствам. Але ішоў час. Працягваліся пошукі новага месца. Рассылка рэзюмэ, паходы на фірмы, званкі, пісьмы, просьбы ні да чога не прыводзілі, акрамя трапляння героя ў розныя камічныя і трагічныя сітуацыі. Мала-памалу імпэт згасаў, а праблемы, наадварот, разрасталіся. Нявыплачаная іпатэка, куча крэдытаў. Сябры пачалі пазбягаць няўдачніка, знаёмыя перасталі пазычаць яму грошы.
У яго апусціліся рукі. Ён вырашыў больш не змагацца. Насоўвалася беднасць. Не было чаго есці. Сын кінуў вучобу. Цешча з эканоміі вырашыла ўвогуле галадаць, чым давяла сябе да бальніцы і ўвагнала сям’ю ў яшчэ большыя траты. Дачка заяўляла, што гатова прынесці сябе ў ахвяру – завесці багатага палюбоўніка. Жонка, усё жыццё смірная і ціхая, пачала бурчаць, упамінаць мужавы грахі, упікаць, што, маўляў, усё тут яе, у тым ліку кватэра, а ў яго толькі домік на лецішчы, які застаўся яму ў спадчыну ад цёткі. Скончылася тым, што туды, у той дамок, ён і перабраўся. Ляжаў днямі на старой канапе, варочаўся. Пакрысе зразумеў: справа не ў месцы, якое ён страціў, а ў тым, што выпушчаны джын з бутэлькі – адкрыліся сапраўдныя рысы характараў, паказаўся адваротны бок жыцця не толькі блізкіх людзей, дзеля якіх ён, як лічылася, жыў, а і яго самога. Ён ляжаў, перабіраючы ў памяці сваё мінулае, дзяцінства, школу, аднакласнікаў, настаўнікаў, каханую дзяўчыну… З невыказным сумам у сэрцы згадваў тых, каго пакрыўдзіў. Так ён пачаў пазнаваць сэнс жыцця, менавіта тое, што дарэмна заядаўся з начальствам, што поспех не ў тым, каб заняць цёплае месца, а ў тым, што без цуду, без умяшання “звыш” ніякі поспех немагчымы, ды і непатрэбны. І амаль увесь час ён праводзіў на канапе: спаў, ляжаў, варочаўся. Пад бокам усё муляла нешта цвёрдае, пакуль не выпала з-пад матраца на падлогу цяжкая скарбонка, да краёў поўная залатых вырабаў – з яшчэ таго, савецкага, дыхтоўнага золата найвышэйшай пробы. Такую спадчыну разам з домікам і канапай пакінула яму старая цётка. Адначасова падаспела прапанова вярнуцца зноў у тую ж фірму, з якой яго выгналі, толькі цяпер з павышэннем. Але яму ўжо не трэба было. Цяпер ён быў забяспечаны матэрыяльна да канца жыцця.
– Амаль як у Святым пісанні, – падвёў рысу Вечка. – Застаючыся на месцы і ў спакоі, уратуешся. Вось харошы тэглайн, ці слоган, да фільма. – І развіў: – Чалавек часта псуе сабе жыццё не тым, што не робіць нечага, як яму здаецца, патрэбнага, а тым, што энергічна робіць акурат непатрэбнае. І, можа быць, лежачы на баку, хутчэй дачакаешся ўдачы.
Як толькі была пастаўлена апошняя кропка і напісана курсівам слова Канец (прыемная падзея), Іван Барысавіч аб’явіў, што “прыязджаюць мае – жонка, сыны” (непрыемная падзея). Ці то так супаў канец дыктоўкі з прыездам, ці проста кватарант стаў больш непатрэбны. На развітанне дзед зайшоў у пакой, які Лагун ужо лічыў сваім, з тонкай папкай у руцэ.
– Прывык я да цябе. Не хачу проста так адпускаць. Увесь час думаў, чым табе памагчы. Хочацца, а як? Я нічога не магу табе даць. Акрамя латарэйнага білета.
– Білета?
– Вобразна кажучы. Гэта як адзін чалавек усё скардзіўся, што яму не шанцуе, нават у латарэю ніколі не можа выйграць, пакуль не пачуўся яму голас з вышыні: “ты для пачатку хоць латарэйны білет купі!” Вось я і хачу падараваць табе латарэйны білет. А ўжо выйграе ён, ці не, невядома. Гэта справа шанцавання. Хочаш паспрабаваць?
– А што мне яшчэ застаецца, – буркнуў Лагун. Ён ужо быў намерыўся тут жыць.
Вечка падаў яму папку. Там быў акуратна раздрукаваны тэкст і шчыльны, жоўтага колеру, канверт.
– На, бяры. Наш сцэнар. Гэта і ёсць латарэйны білет. Не факт, што атрымаецца. Але раптам. Падпісвай сваім іменем, і пашлем разам на конкурс.
– Сваім? На конкурс? А калі спытаюць, хто аўтар? – засумняваўся Лагун.
– Табе нічога не давядзецца хлусіць. Ты ж сапраўды набіраў, значыць, пісаў. Таму з чыстым сумленнем так і адказвай: я.
Вечка паказаў дзе, Лагун ручкаю надпісаў сваё імя, далей пад дыктоўку – кароткую біяграфію, адрас, кантакты.
– Гэта ўсё?
– Усё. Я сам аднясу на пошту і адпраўлю.
– А далей што? – Лагуну не верылася, што так празаічна ўсё канчаецца.
– Далей па абставінах. Далей я і сам не ведаю.
Расчараванню Лагуна не было межаў. Ён лічыў гэты тэкст незразумелай, нецікавай лухтой. Калі б дзед яму даверыўся, напрыклад, падараваў бы тэкст і папрасіў самому падпісаць і паслаць, ён хутчэй за ўсё нікуды б не паслаў – пасаромеўся б. Аднак варыянтаў не было. Лагун вымушаны быў вярнуцца ў інтэрнат, да радасці папугая і да здзіўлення суседа, які ўжо невядома што пра яго надумаўся.