– Дзе ты? што робіш? як поспехі?
– Сцэнарый напісаў і паслаў на конкурс, – адказаў коратка, каб не чапляліся да яго, Лагун.
– На што ты спадзяешся? Гэта не варыянт дабіцца поспеху. У той сферы на сто гадоў наперад усё занята.
Зноў пайшлі цераспалосіцай аднастайныя дні – дні асалавелых лекцый і вечары чакання. Добра яшчэ, хапіла розуму не кінуць свае кошыкі. Ён усё спадзяваўся ўбачыць дзеда, як тады, на Каляды, і пагаварыць з ім. У думках ён упікаў дзеда: што ж гэта вы? Прыручылі чалавека і кінулі? Але Вечка не з’яўляўся больш у гіперы. Значыць, сапраўды, відаць, прыехалі родзічы і яму няма патрэбы хадзіць самому.
Пазваніць яму Лагун не адважваўся. Між тым сакавік канчаўся. Мары Лагуна змяншаліся, спадзяванне на тое, што зноў пашанцуе яму, з’едуць дзедавыя і ён стане там жыць, раставалі як снег. Лагун ужо і чакаць перастаў. Жыццё цалкам вярнулася ў ранейшае рэчышча. Як раптам, у канцы сакавіка – чорныя шпакі хадзілі па салатавых газонах, шчыпалі траўку, ціўкалі, – тэлефон яго ажыў. Званок. Жаночы голас паведаміў, што непакоіць яго галоўрэд з кінастудыі, яна ж старшыня журы конкурсу. Трэба тэрмінова сустрэцца і пагаварыць наконт яго сцэнарыя. Лагун, які ўжо амаль забыў пра той конкурс, не адразу нават зразумеў, пра што гаворка. Іншае ўсхвалявала і напалохала яго. Гэты жаночы голас, крышку прастуджаны, але грудны, мяккі, прыемны, падаўся яму знаёмым. Ён зірнуў яшчэ раз. Гэта быў той самы нумар, па якім ён званіў пасля дэталізацыі, нумар, які ён ад страху сцёр з памяці тэлефона, але не са сваёй памяці; нумар, па якім званілі бацьку перад смерцю ў час навальніцы і, значыць, цалкам верагодна, паспрыялі тым самым яго пагібелі. Адзінае, што прыйшло яму ў галаву – гэта тая самая дама, якая вінавата ў смерці бацькі, хутчэй за ўсё палюбоўніца яго. А так як ён быў баязлівец, наш Лагун, ён жвава ўявіў звёны ланцуга: дзед – кінастудыя – званок дамы і, халадзеючы, падумаў: а што калі гэта – працяг? І ўсё гэта – знарок, яго заманьваюць кудысьці як чалавека, які здагадваецца пра злачынства, мо нават як адзінага сведку, каб расправіцца з ім? Ён спачатку нават выпусціў з-пад увагі, што цяпер гэты злавесны нумар звязаны не з бацькам, а са сцэнарам, тым самым, як Лагуну здавалася, бесталковым тэкстам, які нічога не можа выклікаць, акрамя сораму.
10
Конкурс сцэнарыяў, які “FilmBell’у” ўдалося перахапіць у асноўнай студыі, аб’явілі мінулай восенню, у кастрычніку, а вынікі падводзілі сёлета, у красавіку. Конкурс быў тэматычны. Ён усхваляваў многіх. Патрабавалася штось духоўнае, лірычнае, разам з тым патрыятычна-нацыянальнае, кшталту “Любіць па-руску”, толькі на фоне арнаменту і ў аздабленні васількоў і рамонкаў. На тэму, аднак, мала хто звярнуў увагу. Гэта быў адзін з рэдкіх праектаў, які цалкам фінансаваўся дзяржавай. У выпадку, калі пашанцуе і фільм здымуць, ні ў кога не будзе балець галава, што з ім далей рабіць. Раз дзяржзаказ, дык няхай дзяржава і думае. З амаль дзвюх сотняў конкурсных твораў па традыцыі адсоткаў 80 складала кан’юнктура пра вайну, далей – перапеўкі КВЗ, “Камедзі-клабу”, “Уральскіх пяльменяў”, жарцікі-сцёб, любоў-маркоў, ёлкі-палкі, мамкі-таткі. Далей ішоў дружным шэрагам лубок, варыяцыі на тэму “Сватоў”, дзе жыхары аграгарадкоў спявалі рускія народныя песні, пакладзеныя на рэп, пускалі вянкі па вадзе і скакалі праз вогнішча: хлопцы былі ў касаваротках, картузах з бліскучымі брылямі і з кветкаю за вухам, дзяўчаты ў какошніках і сарафанах. Было трохі фэнтэзі, містыкі і “пападэнцтва” – перакіду ў іншы час; некалькі пошукаў скарбаў, з паўдзясятка ўтопій і антыўтопій; дзве, як выказаўся масціты сябра журы, заслужаны дзеяч мастацтваў Сцяпан Алесевіч, “лібідабеліберды”. Многа было агульных і буйных планаў, перапытванняў: “Як вас завуць?” – “Каго, мяне?” І над усім панаваў нястрыманы, бязмежны, ненармальны аптымізм. Героі ўвесь час смяяліся, дарэчы і недарэчы. Падводзячы вынікі, журы ўжо адчаялася нешта людскае знайсці. Як у канцы сакавіка прыйшоў яшчэ сцэнарый, дакладней, невялікая кінааповесць, пад назвай “Месца”. Напісаная ці, прынамсі, падпісаная нейкім студэнтам-першакурснікам. Знаўцы з журы растлумачылі недасведчаным назву. Што “месца”, “места” – гэта горад, а таксама кропка знаходжання, а яшчэ – састарэлае абазначэнне службы ці працы. Сінопсіс: тэма маленькага чалавека, офіснага, сярэдняй рукі супрацоўніка, сучасны варыянт гогалеўскага “Шыняля”. Сваёй непасрэднасцю ён, як раней казалі, “браў за душу”, уздзейнічаў, як нешта даўно знаёмае і незаслужана забытае, якое цяпер сустракаеш, як дарагога госця, ледзь не са слязамі замілавання. Слова ўзяў паважаны Сцяпан Алесевіч.