Выбрать главу

Калі Лагуну пазванілі з кінастудыі і голасам Рыты папрасілі “тэрмінова з’явіцца на рэдсавет”, ён успрыняў гэта як працяг – працяг таго новага, хвалюючага і захапляльнага жыцця, у якое быў куплены яму дзедам Вечкам выйгрышны латарэйны білет і якое цяпер само развівалася, і без дзеда.

Увесь апошні тыдзень пасля знаёмства і гутаркі з Інгай Лагун думаў толькі пра яе. Яна вельмі яму спадабалася, гэтая дама ў манаскім абліччы. Ён гатовы быў нават закахацца ў яе. Ды яшчэ калі сусед з небывалай раней павагай пачаў да яго ставіцца, гонар зусім закружыў яму галаву. Нікуды не дзелася, не знікла з памяці тая іскрынка ў яе вачах, якая бліснула тады, у кабінеце. Тут ён не мог памыліцца. Ён думаў пра яе, але зусім не так, як пра сваіх аднагодак, школьніц і студэнтак. Гэта была не пажадлівасць, а новага, іншага кшталту жаданне, не столькі фізіялагічнае, колькі сацыяльнае, якое б узвышала яго і надавала сэнс яго існаванню. І ў гэтых новых варунках некуды далёка адплываў дзед Вечка. Таму калі тэлефон ажыў званком і ў трубцы пачуўся знаёмы голас, Лагун паморшчыўся.

“Дык цябе можна віншаваць? На рэдсавет ідзеш”.

“А што такое рэдсавет?” – спытаў Лагун.

“Пабачыш. Прайдзі ўсе кругі пекла.

“Я ж маю права ведаць. Што са мной там будуць рабіць?”

“Хутчэй за ўсё будуць прасіць зняцца з конкурсу, а ім прадаць ідэю”.

“Як гэта: прадаць ідэю?”

“Заплацяць невялікія грошы, забяруць сцэнар, і ўсё. Але памятай – як толькі прагучаць чароўныя словы “купіць ідэю”, імгненна згаджайся”.

“Забяруць сцэнар? – перапытаў Лагун. Не надта яму ўсё гэта падабалася. – І што з ім зробяць?”

“Пакладуць на паліцу, ці пойдзе на запчасткі – настрыгуць з яго кавалкаў для рускіх серыялаў”.

“А далей што?”

“Адразу звані мне. Я ўсё растлумачу”.

Суседу Лагун важна сказаў, што яго выклікаюць на кінастудыю заключаць кантракт. І паехаў. Знаёмы калідор. Стары паркет. Высокая столь, але ў той жа час адчуванне, што вузка, цесна, цісне адусюль. Вялізная студыя-павільён, як цыркавая арэна, з паваротным кругам. Кава-аўтамат. Другі паверх. Кабінет дырэктара Хрушчанкі. Лагун зайшоў, ветліва павітаўся і прысеў там, дзе яму паказалі, каля сцяны па цэнтры, акурат насупраць гендырэктара. Тое, што гэта менавіта гендырэктар, лёгка было здагадацца – ён адзін сядзеў за сталом, а ўсе астатнія – чалавек дзесяць, мо пятнаццаць, каля сцяны і пры дзвярах.

– Так як у нас форс-мажор, – пачаў Хрушчанка, – журы наша ў асобе Міхалевіч-Яравой захварэла, на бальнічным, так што… Дарэчы, пра баль­ніцу, – адразу нечакана звярнуўся ён да Лагуна. – Як пачынаецца ваш сцэнарый?

– А як ён пачынаецца? – спалохана спытаў Лагун.

– З бальніцы і дажджу. Ну што гэта такое. Нібыта ў нас мала сонца і санаторыяў. Нашто адразу ўганяць гледача ў паныласць?

– І то праўда, – падтрымаў нейкі падхалім. – Скажу шчыра: я не змог дачытаць да канца.

– Ваш сцэнарый спадабаўся журы. Але гэта нічога не значыць. Гэта сімпатычная літаратурная гісторыя, аповесць. Але, як правіла, такія рэчы ўяўляюць мала цікавасці для кіно. У кіно свае законы.

Тут у кабінет уляцела Рыта, задыханая, папрасіла прабачэння і прысела на вольнае крэсла.

– Калісь былі ў модзе лёгкія лірычныя ці камедыйныя фільмы паводле мастацкіх твораў. Але тыя часы даўно мінулі. Цяпер трэба шоў, чым прымітыўнейшы сюжэт, тым лепш. А з такім матэрыялам, як у вас, працы нямерана. Трэба запрашаць людзей, прафесіяналаў, якія б яго асучаснілі…

– Каб ад яго нічога не засталося, – дадаў нехта.

Усе засмяяліся, у тым ліку і Лагун сваім разгубленым, сімпатычным смехам. Наступны выступоўца сказаў, што цалкам згодзен з папярэднім, і крыху развіў яго:

– Асабіста я лічу, што літаратура і кінематограф – розныя жанры. З літаратурных шэдэўраў, за вельмі рэдкімі выключэннямі, ніхто нічога людскага не зрабіў. Па адной простай прычыне: літаратурны твор самадастатковы. У таго, хто чытае, ствараюцца свае ўласныя вобразы, асацыяцыі, а рэжысёр жорстка, сілком навязвае свае, тым самым разбураючы чытацкія, якія, можа быць, склаліся яшчэ ў дзяцінстве.

Трэці выступоўца яшчэ шырэй развіў тую ж думку.

– Сапраўды, рэжысёр часта хапаецца за мастацкі твор, прываблены няўлоўным духам чагось сапраўднага… А вось паспрабуй злаві.

Як толькі ўзнікае інтэр’ер, ды музычка, ды акцёр вымаўляе першую рэпліку – ад мастацкага твора нічога не застаецца.

Далей пачалі выступаць справа, і злева, і ззаду за Лагуном – ён баяўся павярнуцца, каб паглядзець, – і сыпалі словамі:

– …Ніхто дасюль так і не адказаў на пытанне, які сцэнар лепшы: чытэль­ны, выпісаны да драбнюткіх дэталяў-падрабязнасцяў, ці павярхоўны, проста пункцір, намёк…

– …Чым прымітыўней сюжэт, тым лепш. Асабіста я лічу, што сцэнарыя не трэба ўвогуле. Ён збівае рэжысёраў з толку. Дастаткова ідэі і імправізацыі акцёраў, вось як, напрыклад, у “Міміно” Данэлія…