Рэжысёру было гадоў дваццаць пяць. Звалі яго Віктар Скіндзер.
Раннія залысінкі абапал выпуклага лба, вузкая, вострая бародка, прадаўгаваты твар, вадзяністыя прыгожыя вочы. На шыі завязаны вузлом каляровы паласаты шалік (за канец якога так свярбіць рука пацягнуць). Чалавек імпульсіўны, ён знаходзіўся ў пастаяннай супярэчнасці паміж ідэяй і яе рэалізацыяй. Яго грандыёзныя планы ўвесь час натыкаліся на ўсялякія перашкоды і, як вынік, на немагчымасць іх выканання. Кінематаграфічны вопыт у яго быў сціплы – пара анімацыйных кароткаметражак. Тым не менш цяпер ён насіўся з ідэяй паставіць па-новаму “Палескіх рабінзонаў” – з пазіцыі веганаў, бо сцвярджаў, што ў арыгінальным тэксце “жорсткасці многа, забойстваў многа”. У яго варыянце Мірон і Віктар цэлы месяц жылі на востраве на падножным корме. Пры тым сам Скіндзер зусім не з’яўляўся, як ён казаў, здлажаўцам (Здаровы Лад Жыцця), любіў мяса, пах яго і смак, мог многа выпіць і закурыць не толькі тытунь.
З Вечкам яны пазнаёміліся ў пачатку зімы, з паўгода назад, і неяк адразу паміж імі ўзнікла сяброўства не сяброўства, а нейкая цяга адзін да аднога, як часта бывае паміж старым і маладым. Вечка знайшоў сабе ўдзячнага сумоўніка. Скіндзер умеў слухаць, больш маўчаў, чым гаварыў, і толькі зрэдку бяскрыўдна паджартоўваў над старэйшым сябрам, а то і пацвельваў яго, напрыклад, прапаноўваючы напісаць “такі твор, каб усе ахнулі”; яго смяшыла, што Вечка прымаў усё за чыстую манету і пачынаў тлумачыць, чаму гэта немагчыма.
І вось яны сядзелі за столікам каля вакна, выпівалі, закусвалі, адломваючы кавалкі горкага шакаладу з арахісам, і ціха размаўлялі, ці, лепш сказаць, у асноўным гаварыў Вечка, а рэжысёр слухаў, калі-нікалі ўстаўляючы рэплікі. Збоку магло падацца, што малады бярэ ў пажылога інтэрв’ю. Вечка разважаў пра кінамастацтва: на чым яно трымаецца, а таксама наракаў, нібы завочна палемізуючы з маскоўскім рэжысёрам, як атрымалася, што ўсё стала такім убогім; куды знікла геніяльная савецкая кінашкола, якая некалі ў плане мюзіклаў, напрыклад, пераплёўвала Галівуд; хто б мог падумаць, што пасля шэдэўраў Гайдая, вялікіх трагікамедый Разанава, светлых дзіцячых фільмаў Нячаева апусцяцца да “знахароў”, “глухароў” і “сватоў”.
– Ды хто цяпер здымае фільмы, – уставіў Скіндзер. – Цяпер серыялы, з працягам.
– Рускі серыял! – падхапіў Вечка. – Восьмы цуд свету, адно з самых неверагодных вынаходніцтваў у гісторыі кіно. Я іх называю “здравствуйте – здравствуйте”. Пытанне – адказ. “Вы кто? – Я? – Вы, вы. – Я Софья Павловна Кувшинникова. – А вы не знаете, где живет Афанасий Апполинарьевич Воскобойніков? – Почему не знаю, знаю”. Гучыць падрабязны адрас ледзь не з паштовым індэксам і кодам дамафона. Паўфільма пад трывожную музыку едуць да Васкабойнікава – а ён і праўда дома! Сядзіць як ні ў чым не бывала! Атрымліваецца ўсё акурат “як у жыцці”, голае прамое дзеянне. А дзе гульня? Дзе чароўны падман?
– Дзе чароўны падман? – паўторам Панікоўскага адгукнуўся рэжысёр.
– Знікла гульня, а толькі адна яна і ёсць мастацтва. А чаму, спытай?
– Чаму?
– А ў іх, у цяперашніх, ні ў кога няма ўласнага светапогляду. Лепш сказаць, яны прымаюць за светапогляд існуючы лад рэчаў. Ёсць багатыя і ёсць бедныя, багатымі хочуць стаць усе, беднымі – ніхто; значыць, “бабло перамагае зло”, апрыёры багаты – станоўчае, а бедны – адмоўнае. Але мастацтва не падманеш. Ёсць кіношны бог, і ён пачынае за сябе помсціць. Герой, які задумваўся як станоўчы, раптам праз дэталі робіцца такі, што лепш махнуць рукой, плюнуць на ўсе светапогляды і рабіць, як да гэтага: пабольш эфектаў, агульных планаў, бясконцых дыялогаў. Так яно прасцей, больш надзейна, а галоўнае, больш грашова. Але ведаеш, чаго яны больш за ўсё баяцца?
– Прашу прабачэння, – рэжысёр дастаў смартфон, які дзынкнуў. – Так, прыеду, абавязкова. Калі? Увечары. Пазыкі раздаю, – патлумачыў ён Вечку. – Дык чаго баяцца?
– Абвінавачванняў у сацыяльнасці.
– Няўжо?
– Больш за ўсё на свеце. Любы станоўчы бядняк навядзе, чаго добрага, на думку чарговай сацыяльнай рэвалюцыі – вось гэтага і баяцца. Таму ўсё бягом, ўсё хутчэй. Між тым, калі б яны хоць на хвілінку спыніліся, дык зразумелі б, што гэты цяперашні час, які здаецца ім устойлівым і вечным, – такі ж кароткі і цякучы, як некалі час савецкі. А зразумеўшы, можа, нарэшце звярнулі б увагу на вечныя тэмы.
– Вечныя тэмы. Бог ты мой, – пасміхнуўся рэжысёр. – Ужо і слоў такіх не існуе. – Ён памаўчаў, пачакаў, калі Вечка вып’е і закусіць, і сказаў: – А ведаеце што, спадар Іван Барысавіч? Вы так ва ўсім разбіраецеся. Напішыце самі сцэнарый. Бомбу. Каб усе ахнулі. А я зняў бы фільм.