Выбрать главу

І, бачачы, што зусім запалохала яго, паспрабавала супакоіць:

– Ды не бойся, да гэтага не дойдзе. Я пастараюся, каб вы з ім не перасекліся. У любым выпадку я заўсёды буду побач.

Дома, апярэджваючы роспыты мужа, яна кінула на хаду: “Угаварыла. Усё атрымалася”. Але мужа цікавіла ўсё: падрабязнасці, развіццё, дэталі. Давялося прысесці, падрабязна расказаць, як ён, гэты аўтар, жыве, нават пра вахцёра і папугая.

– Я ўсё чакаю, калі ты нас пазнаёміш.

– Хіба я абяцала?

– Не. Але муж я ці не муж? Я маю права ведаць, чаму ты ім так апякуешся? Гэта наводзіць на падазрэнні. Ты не закахалася?

– Што за глупства. Неверагоднае, – сярдзіта бліснула яна вачамі. А сама ўся сціснулася. І адразу ж перавяла размову на Хрушчанку. – Сёння, уяўляеш, пазваніў і запрасіў на дзень нараджэння, на фуршэт. Пасля ўсяго, што адбылося! Як так і трэба!

– Калі фуршэт? – дзелавіта спытаў муж.

– Заўтра. У яго кабінеце.

– Пойдзеш?

– Трэба ж сказаць, што аўтар перадумаў.

– А сам аўтар будзе?

– Перастань. Нікога не будзе. Чаму ён там павінен быць?

– Табе відней.

Інга прапусціла гэта міма вушэй і працягвала пра Хрушчанку:

– Іншы на яго месцы пасаромеўся б, а з яго як з гусі вада.

– Ну, так робіць не адзін Хрушчанка.

– У сэнсе?

– Не адзін Хрушчанка кажа адно, а робіць другое.

Яна ўнутрана сцялася. Муж паводзіў сябе так і гаварыў так, нібыта ўсё ведае. Ён нібы чытаў яе думкі, і хоць, дзякаваць богу, пакуль рабіў з гэтага прачытання не тыя высновы, але ўсё адно. Яна злавіла сябе на тым, што баіцца крамольна нават падумаць і адчувае сябе, як распранутая.

І дзіва дзіўнае, усе словы, якія яны маглі сказаць адно аднаму яшчэ сёння раніцай і якія тады былі самымі звычайнымі, цяпер набывалі нейкі падтэкст, намёк, падвойны сэнс; нават нейкай пагрозай дыхала ад іх.

Раптам да яе дайшло, што цяпер, з гэтага вось часу, яна не зможа быць сама сабою, што не будзе ёй супакою, давядзецца ёй ламаць сябе, падстройвацца, хітрыць, і што яна сама, уласнымі рукамі, без прычыны, на ідэальна роўным месцы стварыла гэтую сітуацыю. Яна зразумела, што цяпер, пачынаючы вось ад гэтага вечара, ніводнае слова ад яго яна ўжо не зможа ўспрымаць, як раней, і будзе заўсёды мучацца пытаннем: ён ведае ці яшчэ не?

“Што я нарабіла?” – падумала яна самае банальнае, што можна падумаць у такіх выпадках.

15

Лагун паспеў забыць словы і папярэджанні Інгі, таму з неўразуменнем утаропіўся на мужчыну, які на другі дзень прыкладна ў абед узнік у дзвярах пакоя. Мужчына быў мажны, у шырокай белай сарочцы, у джынсах, у якія ўлезлі б два з паловаю Лагуны. Узнік і, не вітаючыся, з цікавасцю агледзеў сцены, ложкі, тумбачкі, клетку з папугаем. Нагледзеўшыся, толькі тады перавёў вочы на Лагуна і прамовіў:

– Значыць, так жывуць пачынаючыя сцэнарысты?

Пасля чаго з годнасцю прадставіўся:

– Муж нашай агульнай знаёмай. Міхалевіч. Вас я ведаю.

Ён паляпаў рукой па ложку, акурат, як Інга, нібы правяраючы трываласць яго. Без дазволу прысеў, ад чаго ложак заскрыпеў і прагнуўся.

– Начуты, начуты. І начытаны. Даўно хацеў з табой пазнаёміцца. Нічога, што на ты? Улічваючы тое, што нас звязвае, можна і на ты.

– А што… нас звязвае? – зглынуў Лагун камяк у горле.

– Агульная любоў.

Гэта было невыносна.

– Да творчасці, – удакладніў Міхалевіч. – Вось захацелася пазнаёміцца з маладым талентам. Паглядзець яму ў вочы. Можа, нават пасябраваць, калі атрымаецца. Я чалавек адзінокі. Цяжкі для сяброўства, бо не ўмею хваліць, таму і мяне няма каму пахваліць у адказ. Але і аднаму жыць можна. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але некаторыя даўно памерлыя для мяне жывей за жывых, я з імі размаўляю, раюся, яны заўсёды са мною. І наадварот, некаторыя так званыя жывыя для мяне нібыта ўвогуле не нараджаліся.

Лагун маўчаў. Адно, што мільгала ў яго галаве: усё падстроена Інгай, знарок ёю спланавана, менавіта такая мэта і была ў яе. А муж працягваў:

– Вось так, малады чалавек. Тое, што не адразу нас забівае, робіць нас мацнейшымі. Я б толькі замяніў мацнейшымі на мудрэйшымі.

– Я… разумееце, да жанчын не вельмі, – драўляным, не сваім голасам вымучыў Лагун. Атрымалася зусім недарэчы.

– А вось гэтага не трэба. Ніякіх такіх штучак. Сяброўства – вось што галоўнае. Чыстае мужчынскае сяброўства. Спытаеш: нашто мне гэта трэба? Адкажу: цікавасць плюс няма чаго рабіць. Проста нястрымна захацелася пабачыць рамантыка сённяшняга дня. Можна сказаць, апошняга рыцара. З якой мэтай? Для наладжвання больш цесных кантактаў. І, калі мы бліжэй адзін аднаго пазнаем…