– Бліжэй? – непаслухмянымі вуснамі перапытаў Лагун.
– Бліжэй і цясней. Хаця я цябе ўжо і так завочна ведаю і амаль люблю за творчасць. Таму хачу зрабіць табе маленькае дабро. Мы любім тых, каму прыносім дабро, і ненавідзім тых, каму – зло.
Лагун не разумеў, дзе ён, сон гэта ці ява. Прычым ён адчуваў, што яму кажуць разумныя рэчы; іншым разам ён бы з задавальненнем такое паслухаў. Цяпер жа ўсе гэтыя двухсэнсоўныя заўвагі і афарызмы, гэтая манера Міхалевіча пасля таго, як скажа, чакаць ад субяседніка рэакцыі і не спускаць з яго вачэй, прыводзілі Лагуна ледзь не ў жах. Міхалевіч пастукаў па руцэ з гадзіннікам.
– Таксі стаіць, чакае. Так што давай. Збірайся. Ключ не забудзь.
– Куды?
– Я цябе запрашаю ў госці. Заадно жонцы зробім сюрпрыз.
Дарогу Лагун не помніў, большую частку сядзеў з заплюшчанымі вачамі і бледны. Спыніліся каля дома. Сцежка вяла сярод кустоў і кветак да тэрасы. Двор, фантан. Флігель, вежы. Дом, які не агледзець, такі вялікі. Тры паверхі. Гараж. У ім, як пахваліўся муж, тры машыны, але сам ён не ездзіць і нават правоў не мае. “Сабака на сене… затое жонка ездзіць… “Жук”, вінтажны, жоўты, такіх цяпер не купіш”.
Экскурсія па доме пачалася з падвала. Бетонная ці цэментная падлога. “Мой бацька, архітэктар, выдумляў рознае абы-што. А ліфт не здагадаўся спраектаваць”.
Лагун патроху прыходзіў у сябе. Па набытай на сваіх кошыках у гіпермаркеце звычцы ён першай справаю паўсюль, дзе апыналіся, шукаў вачамі відэакамеры. Ад падвала па вінтавой лесвіцы пачалі падымацца на першы паверх. Муж працягваў каментаваць.
“Я не проста так паказваю. З далёкім прыцэлам…”
Дабраліся да прасторнага кабінета, дзе Міхалевіч невядома чаго дастаў з шуфляды і паказаў Лагуну пісталет, куплены, як ён патлумачыў, яшчэ ў 90-я за сто даляраў у Смаленску на базары.
Другі паверх. Бібліятэка. Вокны ў сад.
– Вось бы тут жыць і тварыць, праўда? Кнігі, пісьмовы стол, гарачая кава, духмяная цыгарэта… Што яшчэ трэба маладому пісьменніку? Ды яшчэ на такім узлёце славы? Але гэта ў тым выпадку, калі жыць. Жыць добра, праўда?
Скончылі экскурсію тэрасай. Прыселі за сталом.
– Наша не хутка будзе. У іх сёння карпаратыўчык. Так што мы з табой аб усім паспеем пагаварыць. Давай, расказвай.
– Аб… чым?
– Ты ж творчы чалавек, а не я. Не сумняваюся, што ты разумны, назіральны, дапытлівы, накапіў многа каштоўнага матэрыялу. Давай, смялей.
Лагун, адчуваючы сябе як злачынца на судзе, дзе кожнае слова можа яго ўратаваць або пагубіць, асцярожна пачаў заводзіць старую заезджаную пласцінку пра сірату, катаржную працу, жаданні-мары выбіцца ў людзі; уставіў і гісторыі дзеда Вечкі (чужыя здаваліся лепшымі, цікавейшымі) пра грыбы, уюны, лясны кісларод і балотны наркатычны газ; паскардзіўся, як цяжка вучыцца і адначасова пісаць сцэнарыі плюс яшчэ падпрацоўваць на кошыках.
– Чакаю вось позву ў армію, – закончыў ён.
– А не позна?
– Веснавы прызыў цягнецца да мая…
– Гэта яшчэ пытанне. Мо і ў армію ніякую не пойдзеш.
– …А пачатак восеньскага прыпадае на канец лета, на жнівень, і да лістапада, – працягваў Лагун недарэчы і невядома чаму.
– А як ты наконт мора?
– Мора?
– Ты так апісваеш яго, а сам, я ведаю, ніколі не быў. Не хочаш пабываць?
Лагун так адчайна матлянуў галавой, што аж хруснула нешта ў шыі.
– А мо з’ездзім? Напрыклад, у Піцунду. Праўда, у мяне ад яе засталіся не вельмі прыемныя ўспаміны, – ён тройчы пастукаў сагнутым пальцам па стале. – Вось мы іх і выцеснім, заменім прыемнымі.
Лагун ледзь не плакаў ад страху. У гэты момант з двара пачуліся крокі, і ў тэрасу хуткім крокам увайшла Інга. Лагун ускочыў з месца, як вінаваты вучань пры з’яўленні строгай настаўніцы. Міхалевіч не зварухнуўся. Убачыўшы мужа з палюбоўнікам разам, за адным сталом, Інга, канечне, спатыкнулася, застыла, але змагла патушыць у вачах трывогу.
– Прабач, – сказаў Міхалевіч, – але ты так жыва яго апісвала. Я не ўтрымаўся, з’ездзіў да яго і запрасіў. Спадзяюся, ты не супраць?
– Што вы тут рабілі? Чым вы займаліся столькі часу?
– Пасядзелі, пагаварылі. Вось прашу застацца вячэраць. Мо ён цябе паслухае?
– Не, не! – замахаў рукамі Лагун.
Калі ён, забыўшы развітацца, сышоў на ватных нагах, Інга кінула сумачку на канапу і стомлена апусцілася побач.
– Пазнаёміліся?
– Яшчэ як. Цяпер я цябе разумею.
– Пра што ты?
– Пра аўтара. Харошы ён вельмі хлопец. Толькі сціплы аж цераз край. Баюся, я перастараўся, хацеў яму спадабацца ды перахваліў. А ты чаму так рана? – нарэшце спытаў муж. – Здарылася што?