Выбрать главу

– Здарылася.

16

А здарылася наступнае. Яшчэ некалькі гадзін назад стол з закускамі і рознакалібернымі бутэлькамі падзяляў папалам вялікі, на чатыры шырокія акны, кабінет гендырэктара. Было вельмі душна, як бы ціснула нешта, не хапала паветра, хоць усе вокны былі расчынены і вецярок варушыў жалюзі і лісткі на вазонах, якія ляпіліся на падаконніку. Каля супрацьлеглай ад вакон сцяны стаялі асобныя столікі з крэсламі і скуранымі канапкамі, каб можна было прысесці – для пажылых ці самых ганаровых гасцей. Увогуле людзей было даволі многа. Пакуль прытрымліваліся ранжыру: наперадзе каля стала займалі месца чыноўнікі з вышэйшых сфераў, бамонд; ззаду тапталася менш ганаровая публіка, другі, так бы мовіць, гатунак: рэжысёры-няўдачнікі, сцэнарысты-эпігоны, безгалосыя акцёры. Аднак усе запрошаныя, незалежна ад рангу і сацыяльнага статусу, былі аднаго поля ягады, людзі творчыя, паміж сабой знаёмыя. У пачатку, як чамусьці заўсёды на такіх мерапрыемствах бывае, ішло не надта гладка. Не назіралася радасці, уздыму, госці былі заціснутыя, скаваныя. Але патроху расслабіліся, развязаліся языкі; пайшлі тосты, паляцелі здравіцы, панесліся кампліменты імянінніку.

Інга стаяла побач з Рытай, да якой з нядаўняга часу адчувала свое­асаблівае сваяцтва душ. Яна падняла вочы. Насупраць, праз стол, ёй усміхаўся сцэнарыст Вечка. Ён стаяў разам з рэжысёрам Скіндзерам. На студыі падсмейваліся з іх дзіўнаватага сяброўства – старога з маладым. Інга міла ўсміхнулася яму ў адказ і падумала, як ён, гэты Вечка, да смешнага не падыходзіць на ролю творцы. У яго вясковы, просты твар. Дужыя рукі, хоць і белыя, якія даўно не ведалі фізічнай працы. Не новы касцюм. Бачыліся яны не часта, але Інзе заўсёды было няўтульна, ніякавата пад яго нібыта цёплым, а насамрэч пранізлівым, як рэнтген, позіркам. І цяпер Інга, усміхнуўшыся яму, прашаптала Рыце:

– Непрыемны тып. Нашто такіх трымаць на кінастудыі?

– А чаму ён так на цябе пазірае?

– Зямляк мой нібыта. З-пад Гомеля. Прынамсі, набіваецца ў землякі.

– Ён падобны на вясковага дзядзьку, – ціха падхапіла Рыта, – які прыехаў у госці ў горад і засядзеўся.

– Адзін палец адначасова тры клавішы на ноўтбуку разам захопіць.

– Нізашто не паверу, што ён можа нешта людскае стварыць.

– Асабліва калі ведаеш, якая таленавітая цяпер моладзь. Узяць хоць бы гэтага Лагуна. Уся біяграфія – школа ды паездка ў цягніку. А як піша!

– Не кажы. Я неяк…

Так яны ціха пляткарылі, а чарговы выступоўца важна і важка казаў:

– …Такая дата бывае раз у жыцці! – і, пачаўшы з гэтага глупства, бо нібыта любая іншая дата бывае некалькі разоў у жыцці, працягваў: – Наш дарагі… не толькі падняў на новую вышыню… але і ўнёс свой вагомы ўклад… аб чым сведчаць такія рэчы, як… магутны, толькі ў апошні час раскрыты талент выдатнага сцэнарыста…

– Охо-хо, – ціха ўздыхнуў Вечка. Скіндзер пачуў і нахіліўся да яго.

– А вы паслядоўны чалавек, – сказаў ён. – Ваш пратэжэ паказвае поспехі.

– Прашу цябе, не трэба, – спалохаўся дзед. – Я ў ім так расчараваўся!

– Не бойцеся, я нікому не скажу. Аднак як ваш план? Як рухаецца справа з трыма зайцамі?

– Ніяк, – адказаў Вечка. – Хочаш насмяшыць Сапраўднага Сцэнарыста, раскажы яму пра свае планы.

Яму было сорамна, што яго, старога, вопытнага, разумнага, якім ён сябе лічыў, чалавека, так лёгка і прымітыўна падманулі. Лагун абяцаў “прадаць ідэю”, ды не прадаў, а ўрэшце і зусім перастаў адказваць на званкі. Тым часам падняўся з чаркаю ў руцэ імяніннік, сам Хрушчанка, чырвоны, абсыпаны кропелькамі поту.

– Сябры, – расчулена прамовіў. Хацеў сказаць яшчэ нешта – не змог, паспрабаваў зноў – і зноў не змог, як чалавек, які без паперкі забывае тэкст. Паглядзеў тужліва на вокны, паправіў гальштук на шыі і раптам, выгнуўшыся ўсім целам, як акцёр у кіно, споўз пад стол на падлогу. Як пасля ўспаміналі тыя, хто стаяў блізка і ўсё бачыў, найбольш іх уразіла, што, падаючы, Хрушчанка не выпусціў чарку з рукі і не разбіў яе. Усчаўся пярэпалах.

– Кепска чалавеку!

– Душна! Вокны адчыніце!

А вокны і так расчыненыя.

– Ён мёртвы! Не дыхае!

– Не, ён жывы.

Перанеслі непрытомнае цела з пасінелым тварам да вакна на канапку, выклікалі хуткую. Госці не разыходзіліся. Гаварылі амаль шэптам. Хадзіць стараліся ціха, каб не стукаць нагамі. На дальнім канцы стала сёй-той, карыстаючыся момантам, выпіваў і закусваў. Вельмі хутка прыбыла брыгада медыкаў з трох чалавек, у бурачковага колеру камбінезонах, схіліліся над целам. На руцэ, пальцы якой нарэшце разагнулі і выслабанілі з іх чарку, пульс не прамацваўся.