Праскоквала ў яе думках і харошае. Нядаўняя падзея, калі можна так назваць смерць чалавека, гарантавана захоўвала ёй месца. Калі не прызначаць гендырэктарам чужога, што малаверагодна, ім стане добры Камар, і тады яна дакладна застанецца на кінастудыі. Магчыма, узнікне рух, пачнуцца ўнутраныя перасоўванні па кар’ерных лесвіцах, павышэнні-перамяшчэнні, і тады Інга зойме месца Камара, а Рыта – месца Інгі. Вось і харошае.
Харошае? Дакладна? А яно сапраўды лепш, гэтае чаплянне за працу? Ці не пагубіць яно яе? Лёс сам падштурхоўвае да абнаўлення, дае ёй такую магчымасць, такі шанс памяняць жыццё, вырвацца з гэтай пасткі, з вечнай барацьбы за месца і залежнасці ад яго. Дайшло да таго, што яна ў свае маладыя гады перастае марыць, амаль змірылася з наканаванасцю, пачынае ледзь не любіць уласную клетку, гэтае месца.
Ад мільгацення слова “месца” ўсплыў сцэнар з такой назваю. Так, усё пачалося са з’яўлення гэтага маладога сцэнарыста. Міжволі паверыш у містыку, пагодзішся, што нейкая загадкавасць тут ёсць. Адкуль ён узяўся? З Акцябрскага? Што за супадзенне – тая паездка на здымкі, пра якую так цяжка, так непрыемна ўспамінаць? Чаму ён такі нясмелы, бездапаможны? Няўжо бываюць яшчэ такія? Не толькі ў старых фільмах і кнігах? Знаёмяцца з сімпатычнымі маці-адзіночкамі, ведаючы, што лепшых не знайсці. Вось ён, перад табой, малады, разумны, таленавіты. Сціплы. Дзе ж яго вочы?
Рыта прайшла праз поўны дзецьмі двор, на ўсялякі выпадак пашукала вачамі сваю, хоць і ведала, што дачка ў гэты час спіць пад прыглядам бабулі. Дома, па звычцы ўсіх інтэрнэт-залежных, раней, чым перакусіць, уключыла ноўтбук і занурылася ў яго. З тэлефона не любіла, ды і вачэй было шкада. Адной рукой адкусвала катлету з хлебам, другой круціла мыш ноўтбука. Поўная спаму папка “Уваходных”, пісьмо ад народнай лекаркі – шаптухі і эзатэрычкі, ліст з Аўстраліі пра мільён даляраў спадчыны – трэба толькі даслаць нікчэмную суму на афармленне, парада-рэклама, як напісаць раман, прапанова пазнаёміцца, запыты ў сябры і абнаўленні з Фэйсбука. Прачытала некалькі паведамленняў, паставіла падабайкі. Усё ж не стрымалася і хутка пачала настукваць адным пальцам адказы. Іх чат маці-адзіночак аб’ядноўваў стрыманы фемінізм і нястрыманы аптымізм. Нельга было быць няўдачніцай, наракаць, скардзіцца; заахвочваліся паходы ў фітнэс-залы, спа-салоны, падарожжы па самых розных, экзатычных і не вельмі геаграфічных кутках Зямлі – словам, трэ было весці паўнавартаснае жыццё, настолькі поўнае, што яно наўрад ці было б магчыма ў іншым варыянце, напрыклад, у поўнай сям’і.
Рыта, стараючыся прытрымлівацца стылю, паміж імі прынятага (з’едліва-сцёбнага), хутка пісала: «…я хоць і стаяла далекавата, але пачула, як спыталі, ці была ў яго алергія? І тут мяне асяніла. Мабыць, вынік ад чытання чужых сцэнарыяў. Усе маглі жадаць яго смерці, і я ў тым ліку, бо я не раз ад яго зазнавала харасмент…”
Убегла дачка, кінулася ёй на шыю, ашчаперыла маленькімі ручкамі. Шчабятала, дзялілася бядой – укусіла за пальчык пчала. Кветкі раслі на клумбе каля пад’езда, кот пабег туды, яна за ім, і вось вынік. У вакно біла сонца. Галава ў малой была, як у арэоле, у залатым абадку-німбе. Рыта, дзьмухаючы на пальчык, машынальна прыгаворваючы: “у коціка балі, у сабачкі балі, у дачушкі не балі”, дапісвала паведамленне. Заглянула маці.
– Пойдзеш гуляць, смецце вынясі.
– У мяне не сто рук. Самі вынесіце.
– Рукі, нябось, не адваляцца.
“…Прабач, – хутка дапісвала Рыта, – толькі што домработніца прыйшла рабіць прыборку. Зараз павяду дачку ў музычную студыю”.
– Апранайся, пойдзем гуляць на двор, у пясочніцу.
18
Дзед Вечка з рэжысёрам Скіндзерам ішлі ў любімую кавярню. Быў майскі вечар, гадзін каля сямі. Сонца не хацела сядаць і чаплялася за дахі высотных дамоў. Неба было амаль летняе, светла-сіняга колеру, крыху вылінялае пасля спякотнага дня. Пахла цёплай зямлёй, скошанай удзень на газоне і прывялай травой і свежым лісцем. Птушкі вакол спявалі ўсе разам, так што нават заглушаліся гукі горада. Па дарозе рэжысёр гаварыў пра смерць (пра што ж яшчэ?), як яна імгненна перакручвае мазгі ўсім, нават самым тупым, і наглядна паказвае, як лёгка ў жыцці вырашаецца тое, што здавалася невырашальным.
– …Разблытвае ўсе вяроўкі, даючы свабоду, вольнае дыханне жывым…
Што да дзеда Вечкі, той быў разгублены і нават напалоханы. На яго моцна падзейнічала гэтая раптоўная смерць.
– …Напрыклад, цяпер ваша распіска траціць сілу, – неабдумана сказаў рэжысёр.
– Ты ж толькі маўчы! Прашу, нікому не кажы. Яшчэ знойдуць тую ідыёцкую распіску, пачнуць разбірацца, высветліцца, што ў мяне таксама маглі быць прычыны… жадаць яму смерці.