Выбрать главу

– Вы ж мяне ведаеце.

– Ведаю. Таму і прашу маўчаць.

– Але за кватаранта вашага, само сабой, паручыцца не магу. Дарэчы, вы абяцалі расказаць. – Рэжысёр не проста нагадаў, а запатрабаваў. – Памятаеце, тады, на кухні у вас? Пра трох зайцаў адным стрэлам. Пра латарэйны білет. Пра вашага кватаранта. Я слухаю!

– Ды што цяпер расказваць. Там і расказваць няма чаго. Сорамна прызнавацца. Здавалася дасціпным, а цяпер бачу, які я стары дурань. Да сівой галавы дажыў, а розуму не набыў. Проста не разумею, як такое магло прыйсці мне ў галаву…

Але рэжысёр быў на гэты раз настроены рашуча.

– Не. Цяпер не адкруціцеся. Выкладвайце ўсё.

– Ды што выкладваць… Спадзяваўся з дапамогай кватаранта Лагуна выблытацца з кабалы. Памятаеш, я расказваў, што пазычыў у Хрушчанкі грошы?

– У нябожчыка Хрушчанкі, – паправіў рэжысёр.

– …І распіску даў, што буду пісаць яму па сцэнарыі ў год. Адзін, халтуру пра вайну, напісаў. Тут акурат Лагун падвярнуўся. І ў мяне з’явілася ідэя – напісаць яшчэ сцэнар, сапраўдны, і падараваць яму, каб ён адправіў яго на конкурс, з мэтай – прасунуцца як мага далей, як мага вышэй. Калі пашанцуе, давесці да рэдсавета, а потым зняць яго з конкурсу на карысць Хрушчанкі.

– І за гэта забраць распіску? Інакш кажучы, вы хацелі выкупіць сабе волю, як колішнія прыгонныя?

– Абсалютна правільна. Спадзяваўся выкараскацца з кабалы.

Ну, і Лагуну памагчы заадно, паралельна паспрабаваць уладкаваць яго. Калі б купілі ідэю, гэта прыкладна 500 даляраў, якія яму б дасталіся. Плюс дэбют.

– І што не так?

– Да рэдсавета ўсё ішло як па масле, а там рассыпалася. Лагун не захацеў забіраць сцэнар. Прысвоіў сабе.

– І вы маўчыце?

– А што казаць? Які я стары дурань? Я ж сам падараваў яму сцэнар. Так што маўчу, і табе раю.

У яго быў жаласлівы выгляд і вінаваты голас. Рэжысёр, аднак, не ўтрымаўся, каб не ўпікнуць.

– Так вам і трэба. Можа, навучыцеся разбірацца ў людзях. Я ж папярэджваў. Па ім відаць было – херувімчык!

– Будзе мне навука…

– З ім усё зразумела. Але вы ўсё адно не дагаворваеце. Які другі заяц?

– Гэта ўсё. Мэта была толькі распіска. Паставіць перад фактам і забраць яе.

– Не веру.Зноў хітрыце. Не – цяпер вы мне ўсё скажаце!

– Добра, добра, толькі цішэй. Памятаеш гісторыю пра дзяўчынку?

– Маці Інгі? Вашай зямлячкі? Вярнуцца ў мінулае, каб выправіць ўсё?

– Так.

– Яшчэ як памятаю. Я быў упэўнены тады, на кухні, што вы мяне разыгрываеце.

– Адзіны спосаб, які мне бачыўся, каб замаліць віну і хоць неяк выпрасіць прабачэння – памагаць Інзе.

– Зразумела. А так як яна ў журы, вы захацелі падтрымаць яе харошым сцэнарыем?

– Абсалютна правільна.

– А яшчэ што? Трэці заяц? – не адставаў настырны рэжысёр, выяўляючы чэпкую памяць.

– Добра. Ты даказаў, што ўмееш трымаць язык за зубамі. Скажу. Была ў мяне зусім наіўная мара… Я песціў надзею, а раптам Лагун пазнаёміцца з Інгаю? Спадабаецца ёй, патрапіць у сям’ю… Стане ім як бы сынам. Такі харошы, ціхі, добры. Сірата. Гэта і быў мой план, мае тры зайцы: выкупіць сябе з рабства, забраўшы распіску, памагчы Інзе з конкурсам і, калі пашанцуе, па магчымасці ўладкаваць кватаранта…

– Ох, хітры ж вы, аказваецца! – усклікнуў рэжысёр.

– Каб быў хітры, я б у такую сітуацыю не патрапіў.

– Закруцілі вы, нічога не скажаш.

– Не кажы. Хто б мог падумаць, што так атрымаецца! Што з майго нявіннага жадання закруціцца такая гісторыя? Хацеў зрабіць лепш, а нарабіў толькі горш.

Рэжысёр зноў пашкадаваў яго.

– Не ўбівайцеся вы так. У рэшце рэшт у сухім астатку нешта ж атрымалася. Прынамсі, цяпер вы вольны чалавек, нікому больш не павінны. Пры ўмове, паўтаруся, што Хрушчанка сваёй смерцю памёр.

– Не палохай мяне! І так душа не на месцы. Хто ж мог падумаць? Яшчэ за мяне возьмуцца.

Яны падышлі да кавярні. Дарожка, кусты, дэкаратыўная арка, абвітая яркай зелянінай. З адчыненых дзвярэй даносілася ціхая музыка ўперамешку з галасамі, плыў пах спіртнога і ежы, слаўся дым цыгарэт. Усярэдзіне панаваў паўзмрок – сапраўдны рай для ўсіх замучаных адзінотай. Перад тым, як увайсці, спыніліся. Рэжысёр дастаў цыгарэты.

– Закруцілі вы, нічога не скажаш, – паўтарыў ён, разам з дымам выпускаючы словы.

– Кіношны бог помслівы. Я сам казаў некалі. Вось мне і прыляцела. Расплата за тое, што халтуру пра вайну пісаў для Хрушчанкі!

– Нябожчыка Хрушчанкі, – машынальна паправіў рэжысёр, выкінуў у сметніцу амаль цэлую цыгарэту і саступіў убок, прапускаючы наперад старэйшага.

19

Камар прыйшоў дамоў позна. Марудна, як ганец, які нясе сумную вестку, падняўся па лесвіцы на свой другі паверх, адамкнуў дзверы. За клопатамі ён ледзь паспеў сказаць па тэлефоне пару слоў жонцы, што затрымаецца, і знарок не сказаў, што ён ад гэтага вечара ЧВАГ – часова выконваючы абавязкі гендырэктара. Яна яшчэ нічога не ведала, таму чакала яго з нецярпеннем. Дачка-студэнтка даўно спала.