– Не, мая песенька спета, – уздыхнуў Іван Барысавіч. Кожны раз ён пападаўся на такое. – Я як той гогалеўскі мастак з “Партрэта”. Не паверыў сабе, свайму дару, растрос, разбазарыў. Надта з вялікай бядоты выбіваўся, дужа лёгкімі здаваліся грошы. А цяпер позна. Ні грошай, ні дару, ні нават імені.
– Не прыбядняйцеся, Іван Барысавіч. Вы і цяпер яшчэ ого.
– Ды і пра што пісаць?
– Мне вас вучыць? Пішыце на тыя ж вечныя тэмы. Гістарычныя, сучасныя, – пачаў раіць рэжысёр з куды большым імпэтам. – Пра тое, што вас цікавіць. Што вам цікава?
– Мне? Нават казаць сорамна.
– Смялей. Мы ж сябры.
– Машына, прыпаркаваная на газоне. Акурак, выкінуты з вакна. Зламаны ці засохлы саджанец; сабака, які задзірае нагу на кветку, з любоўю некім пасаджаную. Самыя нікчэмныя рэчы сталі раптам самымі цікавымі. І наадварот. Вандроўка мая па жыцці канчаецца, і чым бліжэй я да апошняй мяжы, тым больш усё, што некалі здавалася вялікім, сапраўдным, важным – астывае, асыпаецца, а няважнае, дробнае – вырастае, набліжаецца, запаўняе сабой усю маю і без таго абмежаваную прастору.
Рэжысёр уважліва слухаў.
– Азіраюся назад і бачу: самае шчаслівае ў жыцці было, калі прасіў прабачэння, няважна ў каго – перад кім быў вінаваты ці не быў. Гэта адно сапраўднае. А самае горкае, калі крыўдзіў і не прасіў прабачэння, зноў-такі няважна – было за што ці не.
– Пачакайце. Вы ж не пісалі даносы? Не здраджвалі радзіме? Не стралялі няшчасных па цямніцах?
– Не, – вінавата адказаў Вечка. – А такое адчуванне, што рабіў гэта.
– Ды што канкрэтна?
– Ай. Настаўніка перадражніў неяк, я ўмеў падрабляць галасы, як многія падлеткі, і ён адвярнуўся да вакна, каб не бачылі яго слёз. Не саступіў месца старому чалавеку з кійком. Не памог аднакласніцы сабраць высыпаныя з партфеля кніжкі і сшыткі, а па іх ужо ступалі чужыя чаравікі…
Рэжысёр выпіў каньяку, прамакнуў рот сурвэткаю і сказаў:
– У вас проста душа тонкая. Цяпер такіх ужо няма. З цэлага жыцця вынесці толькі такія грахі! – трэба яшчэ пастарацца.
– Кажуць, ніколі не вяртайся туды, дзе быў шчаслівы, – працягваў Вечка. – Але ж ніхто не кажа: не вяртайся туды, дзе быў вінаваты, дзе штось важнае страціў. Вось табе тэма. Некалі даўным-даўно, у пачатку лета, калі пахла маладымі лісткамі вольхі, два падлеткі вярталіся з горада, з ваенкамата, пасля медкамісіі, дзе атрымлівалі прыпісныя пасведчанні. Ішлі да вёскі. Тым жа аўтобусам разам з імі прыехала чалавек трыццаць, цэлы клас, гарадскіх школьнікаў. Заплечнікі, панамы, трыко, кеды. У турпаход. Шумны атрад рухаўся паперадзе падлеткаў. Дзве дзяўчынкі ззаду неслі кацёл на палцы. Падлеткі параўняліся з імі. Адна, якая ледзь прыкульгвала, мяккім ціхім мілым голасам, як у дзіцячых фільмах і кнігах, папрасіла: “Хлопчыкі, памажыце нам”. І тады адзін з падлеткаў – не са зла! падлеткі часта жорсткія, але ён жорсткім не быў, а, калі шчыра, быў ён проста дурным, – і вось ён ад дурной вясковай сарамлівасці пакрыўдзіў яе. Яму здавалася, што інакш нельга з дзяўчынкамі, бо ўвесь яго вопыт быў ад старэйшых хлопцаў, якія хто адслужыў, хто адсядзеў. Ён перакрывіў яе, умеючы ўвогуле перадражніваць. Язык яго вымавіў хрыпата-падлеткавым голасам чужое слова… Як яна сціхла! як прыгорбілася! нібы сцебанула яе тое слова па плячах. Як яна паглядзела моўчкі! якія вочы! якія слёзы! Сябар, адданы, раптам сам заліўся чырванню і крыкнуў на яго: “Ты што?!” Яму стала сорамна за тое, што стаіць побач.
– Амаль як у “Бесах” Дастаеўскага, – заўважыў рэжысёр.
– Падлетак пастараўся гэта забыць. Жыў далей. Разумнеў. Дарэчы, чаму чалавек з гадамі, як правіла, робіцца лепшым, разумнейшым, дабрэйшым? Нашто яму? У гэтым жыцці яно яму наўрад ці спатрэбіцца. Тады, можа, для будучага жыцця? Дык вось, праз паўвека, амаль каля апошняй мяжы, наш герой знайшоў яе, тую дзяўчынку.
– Пачакайце. Як знайшоў?
– Так, як цяпер знаходзяць, – праз сацыяльныя сеткі. Яна выставіла ў Фэйсбуку чорна-белы здымак з таго паходу. Ён пазнаў яе.
– Неверагодна.
– Ён напісаў ёй, і яна пацвердзіла, што гэта быў менавіта той паход, і была менавіта яна. Цяпер пытанне: як да яе падступіцца? Як нагадаць тое, пра што яна, хутчэй за ўсё, забыла даўно? Варушыць яго ці не? Сказаць: даруйце, я вас некалі абазваў, дык вось цяпер…
– Неверагодна, – паўтарыў рэжысёр.
– А як табе тэма? Што скажаш? Можа быць цікавы такі сюжэт каму-небудзь цяперашнім часам?
– Чаму. Гледзячы як напісаць. “Каматознікі” Шумахера. Айцец Сергій талстоўскі. “Кар’ер” нашага Быкава. Вечная тэма. Вярнуцца ў мінулае адшукаць прычыну і пастарацца выправіць яе, каб жыць далей.
Вечка азірнуўся. Нікога не было паблізу. Шумеў ціха рэстаранчык, манатонна, аднастайна звінеў.