Выбрать главу

Сёння не працавалася. Узбуджэнне не давала ні на чым засяродзіцца. Напружанае чаканне новага не праходзіла, яшчэ і ўзмацнялася. Галоўнае, што яго ўсхвалявала і не адпускала, гэта вельмі простая думка – як жа лёгка, у адзін момант і самым надзейным чынам можа вырашыцца ўсё, што здавалася невырашальным, развязка чаго павінна была расцягнуцца на гады, дзе варыянт простай анатамічнай смерці стаяў на апошнім месцы і ўсур’ёз не ўспрымаўся.

І вось табе маеш!

Не трэба больш планаў, прыкідак, цярпення, інтрыг, этапаў, а галоўнае – чакання, бо чаканне насамрэч нялёгкая праца. Міжволі прыйдзе ў галаву, што хтосьці – нейкі Вялікі Сцэнарыст, які ўсё бачыць і ведае наперад, піша свой тэкст, а Нябачны Рэжысёр здымае па гэтым тэксце-сцэнарыі фільм.

Камар быў не малады. Ззаду было вясковае нялёгкае дзяцінства, увесьчасная праца і невялікія плады яе, тым больш каштоўныя, бо даваліся вялікай цаною. З таго часу, як ён скончыў у Маскве кінакурсы і вярнуўся на радзіму, кожную кар’ерную прыступку, нават самую маленькую, яму даводзілася браць ледзь не штурмам, з крывёй і потам. Ён заўсёды ведаў свае межы. Таму, дасягнуўшы пасады галоўрэда, зразумеў, што гэта, хутчэй за ўсё, самае большае, што на гэтым этапе яму наканавана, а наступны калі яшчэ будзе. Але тое, што кар’ёра не скончыцца, ён ведаў дакладна, таму так спакойна і ўспрымаў сваё месца.

Інстынктам селяніна з глыбіні стагоддзяў ён адчуваў – цяпер для такіх, як ён, самы лепшы, самы спрыяльны час. Ніколі, нават шэптам на кухні, ён не крытыкаваў вышэйшае начальства, тым больш – сістэму, бо быў упэўнены, што ад уласна чалавека нічога ў жыцці не залежыць. Не нікчэмны чалавек, а толькі абставіны і іншыя людзі з’яўляюцца кавалямі чужога шчасця. Шчасце ж у яго разуменні было: грошы, кар’ера, слава, – не шумная, невялікая, хаця б у сваім вузкім сямейна-сяброўскім асяродку. Хтосьці за адзін дзень набывае і траціць мільёны, – гэта не яго; ён спакойна адыдзе ўбок. Так надзейней. Яго любімымі жыццёвымі слоганамі-дэвізамі былі:

“Кура па зярнятку дзяўбе і наядаецца”.

“Абавязкова трэба хваліць кагосьці, тады ў адказ пахваляць цябе”.

“Баяцца – значыць паважаюць”.

Яго любімы герой быў Герман з “Пікавай дамы”, які ставіў сабе мэту не гнацца за большым, каб не страціць меншае. У яго, у Камара, і праўда ў параўнанні з іншымі ўсё было як бы паменшаным, нават крышку непаўнацэнным.Быў “мерсэдэс”, але не новы, які ён сам насмешліва называў – мерын. Кватэра вялікая, але няўклюднай планіроўкі і ў старым доме. Было лецішча, але ў нізіне, ад чаго там нічога не расло, а вяліся то краты, то камары. Нават у адносінах да жонкі і дачкі ён быў абыякавы, мала пра іх клапаціўся; яны павінны былі спрыяць дасягненню яго мэтаў, укладваць у яго свой, так бы мовіць, жыццёвы капітал – будзе яму добра, адпаведна і ім.

І вось такі раптоўны ўзлёт. Так пашанцавала – бадай, першы раз у жыцці.

– Ну, Максім, настаў твой час!

У яго было цвёрдае адчуванне, што ён не проста падыходзіць на гэтую гендырэктарскую ролю, а яна знарок для яго створана. Ён ведаў, што наперадзе яго чакаюць зайздрасць, абгаворы, перашэпты, – абавязковыя спадарожнікі поспеху. Але разам з тым ведаў і тое, што чым вышэй ён ускараскаецца або ўзнясецца, тым хутчэй і ахвотней будуць змяняцца прыярытэты, і недахопы яго ператворацца ў вартасці.

А самае дзіўнае, што яшчэ амаль не пакарыстаўшыся гэтай уладай, ветлівы, мяккі, інтэлігентны Камар (якім ён сам сябе лічыў) ужо бачыў, як яно, месца, ператварае яго ў іншага чалавека – строгага, справядлівага, прынцыповага.

20

Новае становішча нагадала пра сябе з самай раніцы. Пачаліся тэлефонныя званкі.

– Ну і людзі! – бурчаў Камар. – Цела яшчэ не астыла, не аддадзена зямлі, а яны ўжо…

Так ён скардзіўся жонцы, якая ўсё чула і млела ад гонару за яго. Яму самому было прыемна, што цяпер усе, а не толькі ён, лічаць, што яго справа вырашана. Разам з тым і злавала крыху: да яго, чыстага, сумленнага чалавека, звяртаюцца з нейкімі двухсэнсоўнымі просьбамі і намёкамі. Стары акцёр, даўно патрапіўшы ў няміласць, прасіў месца; малады і ранні бойкі прадзюсар прапаноўваў зняць нацыянальны эпас, нейкая дама дапытвалася, якія ёсць вакансіі, каб упіхнуць на любую працу дачку-пераростка.