Выбрать главу

“Пакуль нічога не магу абяцаць”, – казаў суха Камар.

Сцэнарыст Вечка (іх цэлая плойма такіх туляецца па студыі, трэба будзе “аптымізаваць”) звяртаўся з дзіўнай просьбай: нібыта ў кабінеце нябожчыка ў сейфе нейкая распіска, “дык я хацеў бы…”

– Усё будзе апячатана, асабістыя рэчы і паперы будуць перададзены сваякам памерлага, – не даслухаўшы да канца, коратка адказаў Камар.

Сам ён увачавідкі змяніўся. Знікла сутуласць, выправілася пастава, пастражэў голас, а яшчэ ён зняў акуляры, каб не асацыявацца з папярэднікам. Калі прыехаў на кінастудыю, усе ўжо ведалі, хто цяпер галоўны, вітацца пачалі яшчэ ў двары, ледзь не здымалі шапкі, ледзь не кланяліся. Увогуле, атмасфера была святочная. Яго віншавалі. Паўсюль ён бачыў кепска прыхаваную ў вачах радасць. Але ён агульнаму настрою не паддаваўся, быў строгі і не ў настроі, нібыта не выспаўся. Заклапочаным, крыху стомленым голасам адказваў на вітанні, віншаванні, кідаў дзяжурныя словы:

– Такая штука жыццё, на жаль. Адны сыходзяць, каб вызваліць месца іншым.

Ключамі, якія выдалі яму ўнізе ў ахоўнай, адкрыў кабінет. Крэсла, стол. Першай справаю ён скотчам прымацаваў да дзвярэй звычайны аркуш паперы А4, на якім ручкай напісаў “в. а.” і сваё прозвішча, імя і імя па бацьку, каб паказаць дэмакратычнасць і тое, што ўсё гэта ўмоўнасці, яму начхаць на таблічкі, золатам пісаныя, ён проста прымае – часткова добраахвотна, часткова пасля ўпрошванняў начальства – нялёгкую ношу кіраўніцтва студыяй на сябе.

Цэлы дзень да вечара ён гаспадарыў у кабінеце, перабіраў і да ладу даводзіў паперы. У сейфе сярод іншага хламу знайшлася і дзіўная распіска, прычым дадзеная не Хрушчанку В.П., а проста абстрактнаму Гендырэктару. Камара зацікавіў гэты дакумент, і на ўсялякі выпадак ён яго вырашыў прысвоіць. На стале таксама ляжаў спісак конкурсных сцэнарыяў.

У наступныя дні на яго плечы легла падрыхтоўка і арганізацыя памінак. Ён выступіў з развітальным словам у жалобнай зале перад тым, як аддаць цела крэмацыі. Ён даволі хутка ўваходзіў у ролю. Прывыкаў да званкоў, спачуванняў і віншаванняў. Нарэшце ўсё крыху ўлеглася, і ён вырашыў заняцца ўласна гендырэктарскай дзейнасцю. Яму падабалася загадваць (“зайдзіце да мяне вы, вы і вы”). Акрамя таго самі, без выкліку, да яго пацягнуліся разнастайныя просьбіты, у тым ліку адным з першых сцэнарыст Вечка, той самы, наконт распіскі.

– …Так як я ўжо цалкам разлічыўся, – казаў, прыкладаючы руку да грудзей, – прашу аддаць… Нябожчыку яна ўжо не патрэбна, ніякай каштоўнасці яна не мае, юрыдычнай сілы не нясе… А мне, ды і вам, спакайней будзе.

– Распіску вашую я знайшоў, – памахаў Камар паперчынай. – Але што яна значыць? Я так разумею, вы пісалі сцэнарыі для гендырэктара?

– Так. Быў суаўтарам Хрушчанкі.

– Не-не, пачакайце. Не Хрушчанкі, а менавіта безыменнага гендырэктара.

Камар паказаў месца ў распісцы, якую трымаў у руцэ. Сапраўды, ніякага прозвішча там не стаяла. Бачачы, як засмуціўся дзед, Камар далікатна пачаў гаварыць:

– Я кансерватар, і хачу каб усё заставалася як раней. Маё правіла – не ламаць таго, што працуе.У мяне да вас пытанне, і яно ж – прапанова. Вы далі распіску, што будзеце працаваць на гендырэктара?

– Даў.

– Дык і працягвайце працаваць на гендырэктара.

– Гэта як?

– На мяне. Якая вам розніца? Я ў даўгу не застануся. Ад мяне вы будзеце атрымліваць тое, што і ад Хрушчанкі.

Вечка падумаў, пачухаў патыліцу.

– Што ж. Мо вы і маеце рацыю. Раб, атрымаўшы свабоду, першай справаю пачынае шукаць новага гаспадара.

– Ну нашто вы так? Раб, гаспадар… Мы калегі, творчыя людзі. Ці не так? Згодны? Вось і дамовіліся.

Наступнай была Рыта. Яна ўпырхнула ў кабінет з радасцю ў вачах і з віншаваннем на вуснах. Камар выставіў уперад руку, як бы астуджваючы яе, – маўляў, я цяпер высока стаю, не дастаць, блізка не падыходзь.

– Слухаю вас.

– Вас? – здзівілася яна.

– Ой, цябе, вядома, цябе. Заматаўся за гэтыя дні.

Яна паверыла яму.

– Там загад аб маім звальненні вісіць.

– Так. Пакуль вісіць. Рукі не дайшлі. Я парву яго, гэты загад. Пры адной умове… Ты павінна…

Усмешка спаўзла з яе твару. Рыта насцярожылася. Надта падазронымі былі яго паводзіны і словы.

– Умове? Павінна?

– Не чапляйся да слоў. Ты ж ведаеш: я кансерватар, не хачу нічога ламаць… Хачу, каб усё было як раней. Каб усе рабілі тое, што і да гэтага. Ты згодная?

– І што ж я такое рабіла?

– Мы не малыя дзеці. Усе ведаюць.

– Вы сур’ёзна?

– Рыта, ну ты ж сама расказвала пра яго прыставанні. Хрушчанкі, у сэнсе.

– І якая адсюль выснова?