Выбрать главу

Яна вярталася дамоў і бачыла адну і тую ж карціну. Муж з Лагуном у доме, на тэрасе, у садзе прагульваюцца па дарожках, прычым абсалютна шчаслівы муж і пануры, рукі ў кішэнях джынсаў, Лагун. І бедная Інга кожны раз па выразах твараў, поглядах, па інтанацыі слоў намагалася зразумець: ужо ці яшчэ не? І з палёгкаю разумела, што пакуль не. Можна было перавесці дых.

Лагун маўчаў. Яна яшчэ больш супакойвалася і пачынала думаць, што калі ён не расказаў дасюль, дык, значыць, сапраўды ўмее трымаць язык за зубамі, гэта раз, а па-другое, відаць, маўчанне выгадна яму самому. Магчыма, ён баіцца мужа яшчэ больш, чым яна, і ў гэтым плане яны – саюзнікі. Больш за тое. Ёй пачынала здавацца, што нават калі ён раскажа, зусім не факт, што муж яму паверыць. У рэшце рэшт нават калі муж даведаецца – ну і што? Ну, здрадзіла, ну, падумаеш. Дваццаць першае стагоддзе.

Калі яна пераконвалася, што ніякі сюрпрыз пакуль яе не чакае, пачуццё ўдзячнасці да Лагуна ахоплівала яе. Яна нават шкадавала яго. Што ні кажы, а яна сама ва ўсім вінавата, яна ўцягнула яго ва ўсё гэта.

А потым была вячэра. Вясёлы муж, натапыраны Лагун і Інга, напятая як струна. Яна вачыма падбадзёрвала Лагуна: “Малайчына! Добра трымаешся. Так і трэба”.

Муж, увогуле вялікі аматар пагаварыць, не сунімаўся нават за сталом, прычым умеў развіць любую тэму, якую сам перад сабой і ставіў; нават на адно слова гатовы быў даць разгорнуты адказ.

– …Трэба заўважыць, – казаў ён, забыўшы кавалак катлеты на відэльцы, – што, разглядаючы наш час, ды і любы асобна ўзяты час, без папярэдняга, як нешта самастойнае і асаблівае, – тое самае, што разглядаць і вывучаць кончык пазногця безадносна ўсяго цела, уключаючы змесціва чарапной скрынкі (апошнім часам ён пачаў вучыцца гаварыць па-беларуску, бо чамусьці думаў, што гэта спадабаецца Лагуну).

– …Не памятаю, хто сказаў, што цяперашняя руская літаратура – гэта падвыпітая пажылая дама, якая па звычцы яшчэ какетнічае, але ў якой ужо ўсё ззаду, а наша беларуская – яшчэ школьніца, нават не старэйшых класаў, з шырока расплюшчанымі сінімі цікаўнымі вачамі, у якой усё наперадзе…

– …Тое, што адбываецца ў свеце, гэта не інтэрнэтызацыя, а даведзенае да найвышэйшай ступені абсурду пераможнае шэсце чалавечага Закона, інакш – юрыспрудэнцыі. Дзіўна ці, наадварот, заканамерна, што ў другім і трэцім тамах “Мёртвых душаў” паўставала менавіта тэма – юрыста як Вялікага Інквізітара. Пасля Дастаеўскі падхапіў яе і, канечне, сапсаваў…

– …Ні я, вядома, ды і ніхто іншы ніколі не зможа даказаць існаванне Бога. Затое я лёгка магу даказаць, па-першае, заганнасць тэорыі эвалюцыі – калі б існаваў натуральны адбор, чалавек не застаўся б голы, не выношваў бы так доўга плод і не мучыўся б у родах; па-другое, я магу даказаць безгрунтоўнасць атэізму. Шукаць Бога ў людскіх установах, гэтак званых храмах, тое самае, што спадзявацца на чалавечы юрыдычны суд. Таго не трэба шукаць, хто ў цябе за спіной, хто і так з табою. Бог, у маім разуменні ёсць уласна жыццё, гэта паветра, якім мы дыхаем. Мы не бачым, не шукаем яго і не думаем пра яго, таму што яно і так заўсёды з намі. Мы можам жыць толькі калі дыхаем; калі ж Бог нас пакідае, нібы перакрываецца кісларод, і мы проста гінем ад удушша.

Тое, што муж балбатун, Інга заўсёды ведала. Але лічыла, што, каб выгаварыцца, яму хапае яе. Праўда, яна не была ідэальнай слухачкай – магла ўстаць і выйсці пасярод размовы, гмыкала, перабівала на паўслове. Мо менавіта таму, натрапіўшы на Лагуна, ён адводзіў душу. Іншым разам Інга парадавалася б, што не ёй адной слухаць усё гэта. Цяпер жа яна адчувала ўкол рэўнасці. Ужо ёй хацелася да сябе ўвагі. Акрамя таго Інзе прыходзіла ў галаву (а ёй цяпер усё прыходзіла ў галаву), што яна мала ведае мужа. А што, калі паміж імі нешта большае за проста сяброўства? Мо ў гэтым і ёсць яго, мужава, помста? Такая па-езуіцку вытанчаная.

І хоць яна сама сябе пераконвала, што нічога такога асаблівага не адбываецца, усё нармальна, яна бачыла, разумела і адчувала, што ўсё зусім ненармальна. Муж і Лагун падабаюцца адзін аднаму. Лагун тут зусім па-тарцюфску асвойваецца. Прывыкае. Не трэба патураць іх сяброўству. Нельга Лагуна прывучаць. Нават калі ён нічога не раскажа, усё адно ад яго трэба пазбаўляцца, каб ён перастаў хадзіць.