Нарэшце яна знайшла момант, каб пагаварыць з ім сам-насам.
Начаваць яго катэгарычна не пакідалі. Гэта была ўмова Інгі. Таму яна за вячэрай знарок цягнула час, а потым, скарыстаўшыся тым, што позна, прапанавала яго падвезці. Яна спыніла машыну, крыху не даязджаючы да метро, у завулку-“апендыксе”. Было каля дзесяці вечара. Празрыстыя майскія прыцемкі, як туман, ужо ахуталі горад. Запаліліся ліхтары, і машыны ўключылі фары. Галіна каштана ў святле ліхтара была ўжо не толькі ў лісці, а і ў сваіх белых стаячых кветках. Інга сама здзівілася, як яна прапусціла – і калі паспелі вырасці?
Яна збольшага прадумала, як пачынаць і аб чым гаварыць, каб неасцярожным словам не напалохаць яго. Інтанацыя павінна быць мяккай, а змест такім, нібыта паміж імі адбылася самая звычайная будзённая падзея, не вартая нават згадкі.
– Ты ж разумееш, то была хвілінная слабасць. Я не зусім здаровая, пасля хваробы…
Ён зняў з пляча рэмень бяспекі і моўчкі, панура слухаў.
– Ты павінен ведаць. Гэтага ніколі больш не паўторыцца. – І адразу ж змякчыла. – Канечне, не ў тым сэнсе, як ты можаш падумаць! Не. Ты харошы. Але – муж! Сам бачыш. Такія дабракі, калі іх раззлаваць, вельмі небяспечныя. Ён нам абаім галовы знясе.
– І што рабіць?
– Перастаць хадзіць. Бо гэта не жартачкі.
– Што ж я зраблю? Калі ён сам прыязджае і цягне мяне за руку.
– Не слухай яго. Ты не дзіця.
Лагун нічога не адказаў.
– Ён да цябе прывыкае, прывязваецца. Гэтае сяброўства трэба спыняць. Дарэчы! А ты не дапускаеш, што ён ужо ўсё ведае? І знарок заманьвае цябе? Толькі чакае зручнага выпадку?
– Так і ёсць. Ён зваў мяне ў Піцунду.
Інга пачула спалох у яго голасе і ўзрадавалася гэтай сваёй хоць маленькай перамозе. Лагун міжволі сам падказаў ёй матыў і план: Піцунда, скала. Трэба толькі замацаваць яго страх.
– Вось бачыш, – усклікнула яна. – Ён калі не ведае, дык прынамсі здагадваецца. Так што не хадзі больш!
Пазней Інга ўспомніць гэты вечар і зразумее, што ўжо тады дапускала яна раптоўна ўзніклую надзею на паўтор няшчаснага выпадку ў Піцундзе, і як потым выспельвала яе, гэтую надзею, аберагала ў далонях, як маленькі кволы агеньчык.
– Як толькі прагучыць слова Піцунда – бяжы, уцякай адсюль!
– Вам добра казаць.
– Чаму добра? Не, не падумай! Усё, што я абяцала, застанецца ў сіле. Твой сцэнар зойме першае месца, фільм паставім, – пералічвала яна, узбадзёраная такой хуткай і лёгкай яго згодай. На развітанне паабяцала:
– Не бойся. Я цябе ўцягнула, я цябе і выблытаю. Прыдумаю што-небудзь. Сёння ж увечары прыдумаю.
У яе, заўсёды рашучай, нават катэгарычнай, якая мала ў чым сумнявалася, апошнім часам узніклі ў лексіконе такія словы, як “можа быць”, “не ведаю”, “я падумаю”. Позна ўвечары, перад сном, яны сядзелі з мужам на тэрасе. Маўчалі; цішыня была такая, што чуліся ледзь улоўныя вухам гукі ў садзе, нейкі шолах, нібы трава прабівала зямлю, а лісце і кветкі на дрэвах на ноч, наадварот, згортваліся. Неба было ўсыпана зоркамі.
– Скажы, – спытала Інга, – нашто ты яго прывучаеш? Я спадзяюся, ён не збіраецца тут жыць?
Муж толькі пасміхаўся. Ён быў задаволены, амаль шчаслівы.
– Я ж магу і прыраўнаваць.
– Не, ты памыляешся. Гэта чыстае мужчынскае сяброўства.
– Вось як? А ты не баішся? Што такое ж сяброўства можа ўзнікнуць паміж ім і мною? Што я магу… здрадзіць табе з ім?
– Не баюся. Ён, мне здаецца, я нават упэўнены, сапраўды да жанчын абыякавы.
– І ўсё ж. Я не хачу, каб ён тут прывыкаў.
– Пачакай, – сказаў муж з выглядам, нібыта новая думка прыйшла яму раптоўна. Хаця Інга выдатна ведала, што ўсё, што ён скажа, ім загадзя і дакладна прадумана. – Я, здаецца, ведаю, як можна памагчы твайму пратэжэ.
– Хутчэй – твайму.
– Што ж, не буду адмаўляць – я вельмі ўдзячны табе за тое, што ты нас пазнаёміла. Ён мне вельмі, вельмі спадабаўся.
– Дык як яму памагчы? – перабіла Інга.
– Ты была з нябожчыкам Хрушчанкам на нажах з-за гэтага сцэнарыя. Так? А цяпер, атрымліваецца, твае непрыемнасці скончыліся. Ніхто не перашкодзіць зняць фільм.
– Не ведаю, як яшчэ паставіцца новае начальства.
– Ёсць лепшы варыянт. Самы надзейны. Гэта табе стаць гендырэктарам. Вось ідэальныя ўмовы ўзнавіць справядлівасць.
– Мне?
Тут яна прыгадала (паспела ўжо забыць за ўсімі справамі), што ў той самы вечар, калі памёр Хрушчанка, ёй ужо званілі з вярхоў, і не тое, каб прама, але даволі празрыста намякнулі: ці не пагодзіцца яна ўзначаліць кінастудыю. Тады яна не проста адмовілася – адмахнулася, бо ёй было не да таго, а па-другое, яна ведала, як марыў аб павышэнні калега Камар; яна нават уявіць не магла, каб перайсці яму дарогу. – “Вельмі было б пажадана, каб вы, – настойвалі ўверсе. – Дзеля гендарнага балансу”. – “Ну, не. Знайдзіце іншую”. Яшчэ тады яна здагадалася, чыіх рук то была справа: у мужа ў такіх сферах яшчэ ад часоў яго архітэктара-бацькі заставаўся блат, ды не абы-які.