– На жаль, не пойдзе. Новае начальства катэгарычна забракавала. Я не змагла яго адстаяць.
– Ну што ж, – сказаў муж. – Не адзін Гаўрыла ў Полацку. Не на адной вашай кінастудыі свет сышоўся. Здымем на незалежнай. Праўда, Іван?
– Пажадана было б, – адказаў Лагун сваім баском.
– А грошы? Ты ведаеш, колькі гэта каштуе?
– Гэта няважна. Я заплачу. Потым разлічымся.Не варта маладому таленавітаму пачаткоўцу мець патрэбу ў нечым. Прайшлі часы, калі муза галоднай павінна была сядзець на гарышчы. Праўда, Іван?
– Я б не пярэчыў.
Інга ва ўсе вочы на яго глядзела. Яшчэ адна метамарфоза. Як жа хутка яму ўдалося ператварыцца з бяспраўнага ў ледзь не галоўнага ў іхняй сям’і! Ці даўно ён пазіраў уніз, чырванеў, саромеўся, бянтэжыўся? А цяпер за кароткі час так змяніўся. Перастаў баяцца мужа, не кажучы пра Інгу. З’явілася нейкая фанабэрыстасць, ганарыстасць, нібы ўвачавідкі ажывала вядомая гісторыя пра маладога чалавека з правінцыі, невука і выскачкі, які, да ўсіхняга здзіўлення, без асаблівых намаганняў зачароўвае і спакушае дасюль непрыступную, цнатлівую маралістку.
– Зрэшты, ёсць і стары варыянт. Нашто шукаць абыходныя шляхі? Сцэнар перамог на конкурсе і мае права быць пастаўленым у якасці фільма. Я зноў прапаноўваю табе ісці ў дырэктрысы. Тады ўжо дакладна ніхто не перашкодзіць.
– Я думала, гэтая тэма закрыта.
– Як бачыш, адкрылася.
– Я ўвогуле хачу… хацела сказаць, што збіраюся звальняцца. Мяне нічога не трымае на гэтай студыі.
– Вось як? Што ж, кожнаму сваё. Можа, сапраўды, нам усім трэба адпачыць, падлячыцца, змяніць абставіны.
Ён пакашляў, прачысціў горла і працягваў:
– Мы, Інга, тут параіліся і ведаеш што вырашылі? Паехаць на мора. Выбрацца ў нашу Піцунду. Успомніць маладосць.
Інга кінула позірк на Лагуна.
– Са мной, спадзяюся?
– Мы ведаем, што ты ўсё адно адмовішся, не паедзеш. Ты ў нас занятая творчымі пытаннямі. Не паедзеш?
Інга не верыла сваім вушам. Здзекуецца ён? Калі не – сапраўды, многае памянялася. Лагун ужо не баіцца Піцунды; яны аб усім дамовіліся; цяпер яе могуць і не браць – ужо яна атрымлівалася нібы трэці лішні.
Яна паныла, без аніякай мэты кагосьці чымсьці напалохаць, сказала:
– Толькі глядзіце, будзьце асцярожныя. Вада ўвогуле, і мора ў прыватнасці, не вельмі любяць беларусаў. Успомніце Якава Навуменку ў Севастопалі, Міколу Селешчука ў Італіі, Віктара Каваленку ў…
– Нічога, Іван. Мы не з палахлівых, праўда? Паедзем?
– З вялікім задавальненнем, – адказаў Лагун. – Я там ніколі яшчэ не быў. А гэта можа спатрэбіцца мне ў мастацкай творчасці.
Ён бесцырымонна, адкрыта глядзеў на Інгу; ёй нават падалося, што ў вачах і нават у голасе яго яна чытае насмешку.
“Я падвязу яго да метро! І скажу пару ласкавых”.
23
Перыяд, калі Лагун панічна баяўся мужа, сапраўды прайшоў. Але ў тым кароткім перыядзе, ва ўзрастанні небяспекі, у чаканні немінучай расплаты, якой яго так палохала Інга, была, аказваецца, свая вабнасць, выкід адрэналіну, драйв. Напачатку ён не ведаў, што Інзе і яе мужу ад яго трэба, і гэта напружвала яго, ён стараўся ўгадаць гэта. Ён лічыў іх за людзей, якія сабраліся абвесці яго вакол пальца і пакарыстацца ім.
“Хітрыя вы тут усе, ды не хітрэй за мяне”, – думаў ён.
Пакрысе, аднак, ён зразумеў, што муж – цюхцяй, а Інга будзе маўчаць. Тады ён скеміў – яму і хітраваць не трэба. Усё і так складваецца самым выдатным чынам, нават яшчэ лепш, чым магло б. Яму толькі трэба прымаць усё як належнае і карыстацца ім напоўніцу. Пакуль шанцуе, калі ўсё так ладна-складна, дык чаму б не? Не адмаўляцца ж ад таго, што само плыве ў рукі.
А плыло ў рукі многае. Лагун ужо займеў у гэтай сітуацыі цёплае месца, ціхую гавань, надзейны прытулак, дзе збіраўся прыгрэцца. У сувязі са змяненнем абставінаў аформілася і бліжняя мэта:застацца ў сталіцы, ды яшчэ ў непасрэднай звязцы з кінастудыяй. Акрамя таго часта з вуснаў Міхалевіча ці жартам, ці то ўсур’ёз гучалі намёкі наконт маральнай і матэрыяльнай падтрымкі, вядзенні па жыцці, падстаўкі пляча; у тым ліку нават такое, на тэму ўваходу Лагуна ў сям’ю: “каму ўсё гэта застанецца? Па ідэі, спадчынніку, а яго ў мяне якраз-такі і няма – вось штука ў чым”.
Увогуле, што да мужа з жонкаю, Лагун заўважаў паміж імі нават своеасаблівую барацьбу за сябе. Яны нібы стараліся кожны перацягнуць яго на свой бок. Аднак ён не спяшаўся рабіць выбар. Яму падабалася сама сітуацыя, пры якой муж так прыкіпеў да яго,будучы ў святой упэўненасці, што Лагун добры, наіўны і таленавіты хлопчык; яму, канечне, ільсцілі такія адносіны, ён любіў Міхалевічавы разважанні, любіў, калі той нагадаў: