– Запамінай, можа, некалі напішаш!
Яму падабалася паддражніваць Інгу; хоць гэта і было даволі жорстка з яго боку. Але якісь падлеткавы азарт, легкадумнасць нібы падштурхоўвалі яго ў плечы і прымушалі гэта рабіць. Ды яшчэ помста – маленькая помста ёй за яе паводзіны, за грэбаванне ім, адказ ёй на яе ганарыстасць. Яму крыўдна было, што выпадак у інтэрнацкім пакоі так і застаўся адзіным.
Калі Інга ўрывала час на кароткія размовы, сэнс якіх быў: не хадзі сюды! не гуляй з агнём! – яму яе нават рабілася шкада. Але ён ніколі не забываў, што з ёй нельга быць шчырым, бо яна толькі прыкідваецца святой, а насамрэч, хутчэй за ўсё, толькі тым і займаецца, што спакушае мужчын, – прынамсі, замешана ж яна ў тым званку і, як вынік, цалкам магчыма, у забойстве чалавека – яго бацькі. Гэтая таямнічая гісторыя званка ні на міг не пакідала Лагуна. І калі ўжо так яму пашанцавала ўвайсці ў сям’ю, ён проста павінен быў выведваць пра Інгу як мага больш, а таксама вынюхваць усё, што да той справы са званком датычнае.
Веданне тайны званка давала Лагуну пэўную ўладу над Інгай. Нібы меўся ў яго на яе кампрамат, ці нібы ведаў ён якоясь чароўнае слова, якім пры жаданні мог яе пагубіць, а мог уратаваць. Таму ён не спяшаўся з гэтай уладай развітвацца. Ён усё больш адчуваў, што яна ў яго волі. Ён гуляў з Інгай, як кот з мышшу, у любы момант гатовы выпусціць кіпцюры. Улада над ёю змяншала, а то і зусім знішчала яго страх перад мужам. Таму ён так лёгка адаптаваўся, таму так ахвотна прыняў прапанову ехаць на мора. Чаму не? На ўсё гатовае. Бясплатна.
Разам з тым Лагун ні разу не адважыўся загаварыць з Інгай на тэму званка, не пацікавіўся, не аглушыў яе навіной: маўляў, вы вінаватая ў смерці майго бацькі. Ён нават не ведаў, ці была яна з яго бацькам знаёмая. Што ж яго стрымлівала? А проста – адчуванне хісткасці сваёй пазіцыі. У глыбіні душы ён баяўся, што яна акажацца ні пры чым і на яго пытанне: “Вы ведалі майго бацьку?” – адкажа: “Першы раз пра такога чую”. І ён, Лагун, застанецца ні з чым. Без улады над ёю, ды яшчэ, чаго добрага, выкінуты на вуліцу.
Таму ён гнаў гэтае прызнанне ад сябе, адцягваў, адкладваў на потым. Куды спяшацца? Веданне, што ў запасе ў яго заўсёды ёсць магчымасць выкарыстаць чароўнае слова, прыносіла яму незвычайную асалоду. Лепш і далей чакаць. У яго і так ёсць чым пры выпадку паставіць Інгу на месца. Кароннае: “Інакш я вымушаны буду… расказаць мужу” спрацуе.
Яна падвезла яго да знаёмага завулка каля метро, таго самага, каля ліхтара пад каштанам. На гэты раз яна настроена была рашуча. Але яе чакаў сюрпрыз.
– Як гэта разумець? – строга пачала яна.
– Разумейце як хочаце.
– Што гэта значыць?
– Тое і значыць.
Гэтыя словы гучалі для яе, як халодны душ. Ёй нічога не заставалася, як змяніць тон. Мякчэй сказала:
– Табе не здаецца, што гэта ідзе не ў той бок? І зайшло надта далёка?
– Гэта як паглядзець. Можа, усё ідзе менавіта туды, куды трэба.
– Ты ж абяцаў. Мы ж дамовіліся, што ты не будзеш хадзіць! А сам ходзіш.
– А нашто мне вось так, ні з таго, ні з сяго, крыўдзіць чалавека? – рэзонна адказаў ён. – Які так добра да мяне ставіцца. Паважае, памагае. Верыць мне. Ну, разважце самі. – Ён падумаў і дадаў: – Я ад свайго шчасця ўцякаць не збіраюся.
У Інгі нібы ўпала нешта ўсярэдзіне, і сама яна вухнула ў глыбокую яму. Толькі цяпер яна пачала разумець, куды гэта яе завяло, ува што яна ўляпалася. Не таму, што Лагун разгадаў яе і так з ёю размаўляе, не таму, што ён апынуўся на баку мужа. Да яе пачало даходзіць, што цяпер яна не толькі ў цвёрдых мужавых руках, але і ў Лагуновых мяккіх лапах.Няўжо ён здатны на такое? Няўжо яна так памылілася ў ім?
Яна разумела, што павінна тэрмінова мяняць тактыку. Нават не столькі павінна, колькі заставаўся ў яе адзін гэты варыянт – замена гневу на літасць. Яна прамовіла нечакана нават для сябе самой жаласлівымголасам:
– Не, не падумайце. Я нічога не збіраюся прадпрымаць. Але вы нават не здагадваецеся… Калі б вы ведалі хоць палавіну ад таго, што робіцца ў мяне ў душы, дык інакш гаварылі б і паводзілі сябе. Самым гэтым пераходам на “вы” яна нібы напрошвалася на шкадаванне сябе. – Можа быць, за тое, што я тады зрабіла, я буду мучыцца ўсё жыццё… Але калі ў вас ёсць хоць кропля шкадавання… Я спадзяюся, што вы прыстойны чалавек…
– Не будзем пра прыстойнасць. Успомніце лепш, як вы самі са мной паступілі. Зусім не прыстойна.
Найбольш страшыла Інгу ў ім тая самая, невядомая раней, насмешка ў голасе.
– Я не разумею… За што вы мяне мучаеце? – Інга ведала, што гэта не тыя словы, але іншых не магла знайсці. – Што я вам кепскага зрабіла?