– Вы перарвалі нашы адносіны. Не, я не ў сэнсе інтыму. Хаця, прызнаюся шчыра, у мяне гонар, я таксама чалавек і маю права на крыўду, – засоп носам ён.
З гэтага круга не было выйсця. Акрамя простага жаночага – Інга ўзмалілася. Калі загаварыла, у яе дрыжаў голас і слёзы наплывалі на вочы.
– Усё не так. Не так, як вы зразумелі. Я захварэла… Тут фізіялагічная прычына…
– Не ў тым справа.
– А ў чым? Што вам яшчэ ад мяне трэба?
– Праўды.
– Якой?
Лагун вырашыў, што самы час адкрыцца.
– Вы ведаеце, якой, – сказаў ён, маючы на ўвазе яе званок на тэлефон свайго бацькі.
– Так, ведаю! – усклікнула яна, маючы на ўвазе тое, што адбылосяў студэнцкім пакоі. – Але няўжо гэта такое злачынства?! Такі грэх?
– Як для каго. Для каго і забойства не грэх.
Так яны гаварылі кожны пра сваё. Ён бачыў слёзы ў яе вачах; сам таго не жадаючы, ён з’яўляўся яе мучыцелем. Ён і рады быў бы засумнявацца, але палічыў яе слёзы і паводзіны за прафесійнае кінаакцёрства.
– Што ж мне зрабіць? Добра, калі я такая… Калі я вас спакусіла, я гатова кампенсаваць…
– Не ўсё вырашаецца грашыма. Не ўсё купляецца і не ўсё прадаецца.
Зноў гэтыя чужыя драўляныя словы! Яна выцерла вочы і шчокі. Сказала:
–А калі я пастаўлю ваш фільм? Вы пакінеце мяне ў спакоі?
– Пастаўце спачатку, – буркнуў Лагун.
А сам падумаў: “Не толькі фільм – усё забяру, і дом. Усё маім будзе”.
24
Інга марудна пад’ехала да дома. Яшчэ ніколі яна не адчувала сябе такой прыбітай, няшчаснай, у такім безвыходным становішчы.
Штосьці крычала ў ёй, што далей нельга так, больш няма сілы бачыць тыя самыя твары, чуць тыя ж словы; тэрмінова трэба змяняць абставіны, пахі, гукі. Цяпер яна ўжо была гатова згадзіцца на ўсё, у тым ліку і на дырэктарку. Ужо яна сама бачыла, што гэта – адзінае выйсце, каб выблытацца з гэтага клубка. Трэба было перастаць супраціўляцца і плыць па цячэнні. Перамены павінны ўнесці яснасць у яе становішча. Акрамя таго яна ведала, што фізічны час здольны ўсё разгладзіць. прасвятліць, праясніць.
І зноў вечар. Тэраса. Цёплая майская ноч. Цені ад месяца. Густое сіняе паветра, здавалася, стаіць вертыкальна. Лета падкралася па начах. Інга была ціхая і пакорлівая.
– Ведаеш, я падумала наконт Піцунды… Гэта някепская ідэя. Едзьце самі. Я застануся. Папраўлю здароўе, паспрабую запусціць фільм.
“Каб яму праваліцца! Таму фільму!”
– Ты зробіш мудра.
– Ты хочаш сказаць, што пытанне з гендырэктарствам яшчэ ў сіле?
“Гендэр – гендырэктарка”, – Інга толькі цяпер звярнула ўвагу на падабенства.
– Трэба толькі твая згода. Ты згодная?
– Не ведаю!.. Я ўжо нічога не ведаю. Ну, дапусцім. Але як гэта будзе чыста тэхнічна? Месца ж занята.
– Пра гэта не думай. Галоўнае, ці ты згодная. І хоць заўтра пытанне вырашыцца.
– Скажы, калі ласка… няўжо гэта праўда? – тым самы ціхім голасам, без дакору, спытала яна. – Няўжо ты… Вы паедзеце на курорт адпачываць, а мне, хворай, у душным горадзе трэба займацца невядома чым?
– Павінны ж быць некаторыя выдаткі.
– Яшчэ зусім нядаўна ты не быў такім.
– Ды і ты не была такой.
Канечне, ведае, – амаль абыякава падумала яна. Даўно здагадаўся. Адсюль гэтая незразумелая холаднасць, адсюль зусім неўласцівая яму жорсткасць. Месяц закрыўся хмараю, цёмна стала; толькі свяцілася неба над горадам. Інга прыгадала, як яшчэ нядаўна, нічым не абцяжараная, яна была шчаслівая: што бачыла – пра тое і думала, пра што думала – тое і гаварыла. Якая, аказваецца, то была раскоша! Шчаслівыя рэдка ведаюць, што яны шчаслівыя, трэба перамена, часам кардынальная, каб гэта ўсвядоміць. Інга падумала, а што б яна зрабіла, каб тое вярнуць? І сама сабе адказала: усё. Усё аддала б і ўсё зрабіла б.
– Скажы… А калі б я здрадзіла табе?
– З кім? Я ўсіх тваіх знаёмых мужчын ведаю.
– З ім, – прамовіла яна, не называючы імені. Але мужу і не трэба было гэтага.
– Ты выдатна ведаеш, што яго не цікавяць жанчыны.
– Дык ты не забіў бы мяне?
Ён нічога не адказаў. Яна не бачыла яго твару.
– Правільна, не трэба мяне забіваць, – сказала яна дрыготкім голасам, як чалавек, які сам сябе шкадуе і баіцца, што вось-вось можа расплакацца. – Я такая хворая. Мяне і так, мабыць, хутка не будзе…
– Ты перабольшваеш, – сказаў ён, зноў, як ёй падалося, абыякава, холадна.
Між тым яна не толькі не перабольшвала, а хутчэй пераменшвала. Яна сама сябе накруціла да такой ступені, што зноў захварэла, на гэты раз нейкім гарманальным збоем, аб чым нікому не казала. Доктарка выдала накіраванне на аналізы, літаральна ўчора прыйшоў вынік: гармон шчытавіднай залозы, ТТГ (да таго ніколі гэтыя гармоны не правярала), у 5 разоў вышэй за верхнюю мяжу. Да ўсяго яшчэ нейкае патаўшчэнне, як бы пухліна. Доктарка сказала, што не падабаецца ёй усё гэта. Прызначыла МРТ і агульны агляд. Цяпер Інзе хацелася, каб яе распыталі, пашкадавалі, суцешылі. Але гэтая мужава халоднасць не давала ёй дыхнуць. Сэрца сціскалася, і зноў вось-вось гатовы былі пацякчы слёзы.