– Хадзем спаць, – сказаў муж і пазяхнуў. – Пайшлі!
Назаўтра раніцай Інга не паспела набраць чыноўніка, як ён сам пазваніў (і адкуль толькі даведаўся, пра яе згоду?). “Вы перамянілі думку. Дзе мы сустрэнемся? Я сам да вас пад’еду”.
Ён чакаў яе каля ганка кінастудыі. Маладзей за яе, яму 30 яшчэ наўрад ці было, у вузкім касцюме, модна падстрыжаны. Новая генерацыя. Разам зайшлі да яе ў кабінет.
– Як добра, што вы згадзіліся. Бо справы ў нас кепскія.
– Але як гэта будзе выглядаць? Прыйшла на чужое месца…
– Ну што вы. Гэта Камар не на сваім месцы.
Чыноўнік расказаў, што гэты Камар паспеў ужо наламаць дроў. Самавольна ўскрыў сейф, назвальняў і напрымаў кучу людзей, не маючы на тое ніякіх паўнамоцтваў. Перапісаў конкурсны спіс.
– …І прынёс нам. Паглядзіце самі.
Інга ўзяла аркуш паперы, які падаў ёй чыноўнік. Максім Рамонак красаваўся на першым месцы, Лагуна не было нават у дзясятцы, як і Хрушчанкі, дарэчы. Яе хоць і абурыла такая хапатлівая подласць, але ўсё адно шкадаванне жыло ў ёй. Усё ж нядаўні калега і нават сябра.
– Ён і банкет ужо заказаў, – сказала яна.
– Што ж. Давядзецца нечым ахвяраваць. На жаль, гэта непазбежныя выдаткі, – сказаў чыноўнік амаль слова ў слова, як учора муж.
І зноў яна сцялася перад мужчынскаю незразумелай жорсткасцю. Яна адчувала сваё бяссілле перад гэтым.
– І чым я буду адрознівацца ад папярэдніх начальнікаў, ад Хрушчанкі і Камара, – спытала Інга, ці нават канстатавала, без пытальніка ў канцы.
– Ну што вы. Як вы можаце раўняць іх і сябе? Вы такая маральная, чыстая, у вас бездакорная рэпутацыя…
Далей чыноўнік сказаў:
– Я б раіў вам згаджацца хаця б дзеля ўсяго адной добрай справы. Мы ўсё ведаем. Гэта адзіны спосаб памагчы аўтару. Няўжо вам не хочацца ўзнавіць справядлівасць?
– У мяне яшчэ застанецца час на фільм?
– Я вам даю слова. Вы будзеце займацца толькі фільмам і больш нічым. Ніхто не будзе вас тузаць і патрабаваць невядома чаго.
На развітанне Інга, разумеючы, наколькі гэта несалідна, усё ж спытала:
– Можна падумаць?
– Ды што думаць. Вы адступіце ад правіла – думаць, сумнявацца. Што вас стрымлівае?
– Я баюся нарабіць памылак, – прызналася яна.
– Вы думаеце, вам дужа дадуць іх нарабіць? Ваша свабода вельмі ўмоўная. Чым вышэй чалавек на кар’ернай лесвіцы, тым часцей ён патрапляе ў поле зроку, тым больш да яго ўвагі і тым менш ён свабодны, як ні парадаксальна.
– Гэта ў цэлым, а ў дробязях?
– У дробязях, само сабой, вы поўная багіня і царыца. І не забывайце, што гэта ўсё часова. ВА, выконваючы абавязкі.
Больш не было як адмаўляцца. Яна толькі спытала, калі пачынаць. Чыноўнік адказаў, што вось хутка святы, за імі выхадныя, “а там прымайце справы”. Неўзабаве пасля святаў Інга перабралася ў гендырэктарскі кабінет, і амаль адначасова з гэтым муж з Лагуном паехалі на курорт.
25
Інга не прабыла на новай пасадзе і двух дзён, як яе выклікалі ў Міністэрства – на своеасаблівыя агледзіны; абавязковы візіт. Той самы маладжавы чыноўнік па ідэалогіі ўважліва яе выслухаў, пахваліў, адобрыў і папрасіў папку з кінааповесцю, якую яна прадбачліва захапіла з сабой. Сказаў, літаральна на пару дзён, каб прабегчыся па тэксце і, калі ўзнікнуць пытанні і з’явяцца заўвагі, хоць гэта малаверагодна, тады ён мо што “па-дылетанцку” параіць. А Інга пакуль няхай абдумае ўсе этапы-стадыі будучага фільма, пачынаючы ад даздымачнай (прэпрадакшн) і заканчваючы кастынгам, пошукам натуры, выбарам дэкарацый, аж да саўндтрэка.
Чыноўнік стрымаў слова. Умова, якую яна ў час “сватання” выставіла – яна займаецца толькі фільмам, і больш нічым – выконвалася. Больш ён нічога ад яе не патрабаваў.
Сустрэча была раніцай, а пасля абеду яна засталася адна ў сваім новым кабінеце. Май стаяў за вакном. Ніхто яе не чапаў, ні перад кім не трэба было прыкідвацца. Упершыню за апошні час яна нарэшце адчула доўгачаканую, неверагодную палёгку. Можна было хаця трохі папоўніць запас сіл, неабходных для далейшага жыцця.
Па-першае, калі разабрацца, пакуль Лагун маўчыць, яшчэ нічога страшнага. Па-другое, сапраўды пастарацца за лета паставіць пракляты фільм, а там, глядзіш, Лагуна заграбуць у армію, і ўсё неяк само рассмокчацца. Па-трэцяе, прыстаўка “в.а.” – выконваючы абавязкі, сапраўды давала адчуванне часовасці, здымала адказнасць і тым паляпшала яе становішча. Бо калі пачаць ставіцца да гэтак званай кінаіндустрыі (кіно даўно няма, засталася індустрыя) усур’ёз, спрабаваць разбірацца, да прыкладу, прасачыць, куды, як і па якім прынцыпе размяркоўваюцца вылучаныя на праекты грошы, – надоўга цябе не хопіць, з’едзеш з глуздоў; тым больш усё і так, што з Інгай, што без яе, ішло сваім звыклым ходам, рухалася па нададзенай інерцыі: як на канвееры штампаваліся расійскія серыялы і такога ж узроўню “баевікі” – асноўны занятак студыі, а ад гендырэктара, па вялікім рахунку, патрабавалася не перашкаджаць.