Выбрать главу

– Не кажы так. Мужчына не павінен быць інфантыльным. А сама горш – сквапным.

– Што гэта ты ўсё пра сквапнасць?

Рыта патрымала ў пальцах цыгарэту і схавала назад у пачак.

– Памятаеш, я расказвала пра паездку на здымкі? Тры гады назад? Жылі ў горадзе, у гатэлі, з Інгай, дарэчы, у адным нумары. Побач з намі жыў сусед. Снедалі разам за адным сталом. Пазнаёміліся, пачалі сустракацца. А вечарамі я яго вадзіла ў рэстаран, а не наадварот.

– Так падабаўся табе?

– Проста сябравала з ім. Ну, не – падабаўся, канечне. Старэйшы за мяне, і намнога, але сімпатычны, прыгожы. Прыехаў з поўдня па справах, купляць зямлю з домам. Хваліўся, што скора стане памешчыкам.

– Як Чычыкаў?

– Прыблізна. І такі ж сквапны. Практычна за мой кошт жыў месяц. Неверагодна скупы. Каб я была яго жонкай, дык, мабыць, лічыў бы, як крот Дзюймовачцы, колькі зярнят у дзень з’ядаю. Усё пра эканоміку гаварыў, пра стабільнасць. А сам на званках тэлефонных эканоміў.

– Не можа быць.

– Неяк папрасіў пазваніць, а мой тэлефон стаяў на зарадцы. А яму прыспічыла. Мы зайшлі ў наш нумар, Інга была ў душы, шумела вада, яе тэлефон ляжаў на століку. “Набяры, калі ласка, – папрасіў ён, – вельмі важны званок”. Я ўзяла тэлефон, ён прадыктаваў нумар… І раптам у тэлефоне, мне падалося, нешта выбухнула, трэснула – я думала, ён узарвецца зараз, і кінула яго на падлогу. Аказваецца, там, куды званілі, была навальніца, і званок супаў з ударам маланкі.

І змоўкла, відаць, успамінаючы.

– Дык чым скончылася?

– Тэлефон цэлы. Каб Інга не бачыла, я выдаліла званок.

– Не, сяброўства вашае чым скончылася?

– Вельмі банальна. У мяне пачалі канчацца грошы, і ён знік, растварыўся, прапаў. Нават змяніў прозвішча, як я пазней даведалася.

– Не бойся. Я не ўцяку і не памяняю прозвішча, – засмяяўся рэжысёр.

Але Рыта нічога не адказала. Дождж нарэшце стаў не такі спорны. Рыта пайшла да метро, а рэжысёр – у зваротным кірунку, у рэстаран, дзе ўжо чакаў яго Іван Барысавіч Вечка.

27

Як і паўгода назад, яны сядзелі ў рэстаране, за тым самым, што і некалі ў канцы зімы, столікам. Нават каньяк перад імі цямнеў у графіне той самай маркі. Толькі замест шакаладу быў парэзаны і пасыпаны цукрам лімон. Іван Барысавіч пасля смерці Хрушчанкі баяўся нават дакранацца да ўсяго, што ўтрымлівае арахіс. Ды яшчэ адзенне на іх памянялася – было лёгкае, амаль летняе. Яны сядзелі, выпівалі і абмяркоўвалі апошнія падзеі. Дождж ціха, манатонна, неяк утульна крапаў за вакном. Іван Барысавіч ужо расказаў рэжысёру, што яны будуць разам працаваць над сцэнарыем, новая гендырэктарка Інга сама прапанавала. А таксама пахваліўся распіскай.

– Во, аддала, – памахаў паперкай, – і нічога за гэта не папрасіла. Я цяпер вольны чалавек.

– Не толькі ж распіска, – сказаў рэжысёр. – Вы многа чаго паспелі. І Лагун уладкаваны, і Інга павышана… Усё атрымалася, як было задумана, і нават яшчэ лепш. Я не чакаў.

– Я сам не чакаў.

– Цяпер разумею пра тры зайцы, – чамусьці перайшоў на шэпт рэжысёр. – А прызнайцеся: вы ўсё ведалі наперад?

– Што ты, сябра!

– Я толькі цяпер пачынаю разумець. Гэта ж і ёсць ваш сцэнарый. Той самы, пра які вы расказвалі, які абяцалі рэалізаваць не на паперы, а ў жыцці!

Рэжысёр стараўся шаптаць, але атрымлівалася так гучна, што лепш бы ён гаварыў уголас.

– У вас атрымаўся добры сцэнарый.

– Ну што ты. Усё само так склалася. Хаця – часта, каб справакаваць лавіну, дастаткова пляснуць у ладкі. Я хацеў усяго толькі забраць распіску і міжволі, сам не жадаючы, прывёў у рух цэлы механізм.

– Усё адно вы з гонарам выйшлі з сітуацыі. Пераможцам!

– Ну што ж. Хоць нешта ў гэтым жыцці ў мяне атрымалася.

Выпілі.

– Але што цяпер? – спытаў рэжысёр.

– Больш я нікому нічога не вінен. Нарэшце змагу пісаць пад сваім іменем. І буду жыць далей.

– Скажыце, а што з дзяўчынкай? Якая нібыта маці Інгі? З-за якой усё пачалося? Вы сказалі ёй?

Іван Барысавіч пахітаў галавой.

– Але чаму? Чаму б вам да яе не з’ездзіць? Не сустрэцца з ёю? Сказаць, што памаглі яе дачцэ стаць…

– Я нават не думаў пра гэта. Дабро павінна быць ананімным. Калі ж яно мае адрас, гэта ўжо не дабро, а самалюбаванне, яно абясцэньваецца, як толькі пачынаеш чакаць адплаты за яго. Наша справа сеяць, а зерне мы не пабачым.

– А Інга хоць ведае?

– Ну што ты, дружа. Не, канечне.

Рэжысёр задумаўся. Потым зноў перайшоў на шэпт.

– Ці вы ўсё ж разыгрываеце мяне? Прызнайцеся! Інга праўда дачка той дзяўчынкі? Ці вы прыдумалі ўсё? Таму і не хочаце з ёю сустракацца, бо яе не існуе?