– А гэта так важна? Прыдумаў, не прыдумаў. Якая розніца, каму рабіць дабро: таму, перад кім вінаваты, ці першаму стрэчнаму, любому, хто перад табой.
Рэжысёр азірнуўся, паглядзеў па баках і зразумеў, што гаворка пра яго.
– Цябе, цябе я маю на ўвазе. Я доўга думаў і вырашыў: хопіць табе па чужых кутках туляцца. Жыві ў мяне. Месца поўна.
– А жонка? Дзеці?
– У мяне іх няма і ніколі не было. Прабач. Я падманваў.
– Але чаму?
– Не ведаў цябе. Баяўся. Мала што.
– А цяпер?
– Цяпер ты мне як родны сын.
Тут рэжысёр адчуў тое самае пачуццё, якое было з ім у гэтым рэстаранчыку некалі даўно, яшчэ зімою, – адчуў, як цяплее ўсярэдзіне ці то ад спіртнога, ці ад дзедавых слоў. Яму ўспомнілася Рыта, і што яна казала пра Вечку: стары, нецікавы, нудны, – успомніў і падумаў, якая ж гэта няпраўда, як гэта несправядліва (любімае яго слоўка).
– Вы мне і без таго зрабілі столькі дабра, – сказаў ён.
– Нічога яшчэ не зрабіў.
– Зрабілі, зрабілі. Вы мне замест бацькі. Я то сам свайго бацьку не помню. Сіратою жыў. Ён кінуў нас з маці, калі я быў малы, развёўся. У яго была свая сям’я, дзеці, ён жыў непадалёку, але ніколі мне нават цукеркі не купіў.
– Вось як?
– Ён чамусьці лічыў, што я не яго сын. Я нічога пра гэта не ведаў. Толькі пазней, калі маці не стала, а бацька не забраў мяне і я гадаваўся ў цёткі, аднойчы падслухаў, як яна са шкадаваннем казала суседцы: бедны, нагулялі яго. Мяне, значыць. Я заўсёды быў чужы ўсім.
– Цяпер будзеш сваім. Усё тваё будзе. Жыві спакойна. А не стане мяне – застанешся гаспадаром. Ці, можа, ажаніцца захочаш, дык увогуле было б цудоўна…
Графінчык апусцеў. Замовілі новы. Рэжысёр маўчаў, а Іван Барысавіч, зусім шчаслівы, гаварыў, гаварыў.
– …Мы з табой яшчэ такое напішам! Мой вопыт, твая маладосць. Як ты лічыш?
– …Мы з табой яшчэ машыну купім і паедзем на маю рэчку, уюноў лавіць. Або ракаў. У нас была мясціна, дзе яны вадзіліся. На беразе вольхі, вада абмывае аранжавыя махры карэньчыкаў, а калі прытупнуць па беразе, па зялёным дзёрне, ракі выскокваюць з-пад берага і стаяць у вадзе раскіракамі, з вылупленымі ад страху вачамі, а потым бокам-бокам уцякаюць у свае пячоркі…
– …Калі я стану зусім стары, папрашу цябе завезці на маю рэчку… Я ўжо і нагледзеў месца па гугл-карце. Пах балацяны, вада цёплая, тарфяная, куст лазы, топня, піск уюна… Каб хто лавіў, а я сядзеў бы на беразе, слухаў…
Рэжысёр грэў каньяк у далонях і думаў, што яшчэ гадзіну назад у яго не было нічога, а цяпер ёсць усё – прынамсі, усё, што хацела Рыта: праца, кватэра, машына. Ну, акрамя хіба тэлефона і парасона. Таксама чамусьці ўспомніў ён Лагуна – і падумаў: “Якая ж яна здрадніца!”
– …Я ніколі не бачыў вытоку сваёй рачулкі; не ведаю, адкуль яна пачынаецца, усё жыццё збіраўся знайсці тое месца, ды так і не дайшоў. І гэта мяне больш засмучае, чым тое, што я ні разу не быў у Аўстраліі…
Потым яны выйшлі ў дворык. Дождж прайшоў. Хмара сплыла за горад. У тым баку яшчэ вуркатала сыта і задаволена. Усё было вымыта і свежа. Акурат калі нашы сябры выйшлі, з-пад самай хмары прасачыўся, выбліснуў ружовы зыркі промень, за ім палілося святло, зазіхацелі кроплі на траве, на лісці кустоў і дрэў. Рэжысёр азірнуўся. Прырода нібы стварыла здымачны кінапавільён. Усярэдзіне размяшчалася дэкарацыя: зубцы дрэў, шаты-шары кустоў, арка-ўваход у рэстаранчык, па-над усім – спектральна-яркая, урачыстая вясёлка, якая нацягвалася, выгіналася дугою і ставала на апоры, а пакуль вісела так нізка, што, здавалася, калі падняцца па лесвіцы на дах бліжэйшага дома, дык можна падвесіць на яе званок.
28
Праз тыдзень Інзе патэлефанавалі з Аддзела ідэалогіі і папрасілі зноў наведаць паважаную ўстанову. Інга наведала. Зноў выслухала таго самага маладога ветлівага чыноўніка, які за гэты час азнаёміўся з кінааповесцю і цяпер хацеў падзяліцца заўвагамі. Заўвагі былі такія: фільм у кінатэатры не пойдзе, значыць, не акупіцца, таму варта рабіць з яго тэлефільм, інакш кажучы, мінісерыял, для чаго трэба “разагнаць” тэкст, каб атрымалася 4-5 серый. Фільм, хутчэй за ўсё, будзе экспартным, г.зн. пойдзе ў Расію, таму варта падумаць над адаптацыяй яго да цэнтральна-расійскіх рэаліяй, перарабіць прозвішчы, побыт, геаграфічныя назвы. Па сутнасці, атрымліваўся зусім новы варыянт. Ён у агульных рысах ужо быў прадуманы чыноўнікам.
– Прапаную сучаснасць чаргаваць з вайной. Дзве серыі ваенныя, дзве мірныя. Герой, сівы паважаны ветэран, стаіць пад ветрам, гэткі кароль Лір, і ў раскатах грому, у грукаце навальніцы яму чуюцца разрывы бомбаў, а ў стуку кропляў дажджу па даху – аўтаматныя чэргі…
– І нямецкая гартанная мова?