Выбрать главу

– Чаму нямецкая? – не зразумеў чыноўнік. – Проста чужая мова. А яго ўнук потым заступае на абарону дзяржмяжы – пераемнасць пакаленняў…

І доўга яшчэ расказваў, як, на яго думку, варта паправіць сцэнар, каб ён стаў лепшы. Нарэшце Інга атрымала назад рукапіс, вярнулася на кінастудыю і ў кабінеце больш уважліва прагледзела яго. Усе да адной старонкі былі спісаны заўвагамі. Асабліва ўразіла адна, надта паказальная. Герой кінааповесці ў дзяцінстве любіў залазіць на дрэва і з вышыні аглядаць родныя краявіды. Чыноўнік чамусьці замест дрэва прапаноўваў зямлянку, і гэта мяняла ўсё з дакладнасцю да наадварот: з нябёсаў пад зямлю, з раю ў пекла.

Герой казаў: “Дзеля яе (аднакласніцы) пайду на гэта”. Было папраўлена: “Толькі дзеля сваіх малой і вялікай Радзімаў пайду на гэта”. У кінааповесці фонам ішоў цёплы летні грыбны дожджык. Чыноўнік прапаноўваў сваю версію: над станоўчымі героямі толькі сонца, над адмоўнымі – вецер, дождж з градам, навальніца. У канцы і ў пачатку кожнай серыі павінны былі кружыць буслы. І, само сабой, максімальна абязлічаныя дыялогі:

“Хто, я? Каго, мяне?”

Інга гартала, чытала заўвагі, і ёй уяўлялася, што яна назірае за працэсам стрыжкі, як натуральныя, мяккія, шаўкавістыя, прыемныя на выгляд і на дотык валасы з кожным подступам цырульніка, з кожным чыркам нажніц бязлітасна, крыва-коса абкарноўваюцца, пакуль не застануцца нейкія цыбукі, абшчыпаныя курыныя пёркі. А колькі яшчэ наперадзе цырульнікаў!

І вось тады яна ўсё зразумела. Да яе дайшло, што меў на ўвазе Іван Барысавіч Вечка, калі казаў пра вужыка і вожыка, пра баброў і выдру, пра прарока ў сваёй Айчыне. Ёй стала ясна, што можна прызначыць яшчэ аднаго новага гендырэктара, і яшчэ, і колькі заўгодна памяняць сцэнарыстаў-апрацоўшчыкаў, рэжысёраў, акцёраў, – усё роўна пры такім раскладзе сцэнарый і фільм будуць рухацца непазбежна ў адным напрамку – ад лепшага да горшага.

З чаго пасмяешся, таму паслужыш, як казаў некалі СцяпанАлесевіч. Цяпер Інга ўжо не так асуджала папярэдніх шэфаў-гендырэктраў; нават Камар, не кажучы пра Хрушчанку, не здаваўся ёй такім ужо монстрам, а родная кінастудыя заслугоўвала не столькі пагарды, колькі шкадавання. Што з таго, што Хрушчанка быў тыранам, ад якога ўсе задыхаліся? Толку, што Камар аказаўся яшчэ горшы? А яна, Інга? Толку з новай мятлы, калі яна па-старому мяце. Ужо няма сумненняў, што яна будзе такая самая, як і Хрушчанка, і Камар, як усе кіраўнікі, якія былі да яе і якія будуць пасля, – проста абставіны не дадуць ім стаць іншымі.

Гэта быў фінал яе яшчэ не пачатай кар’еры, канец яе жаданням зрабіць нешта карыснае. Спачатку накаціла на яе крыўда, і яшчэ больш адчула яна гнятлівую адзіноту; уявілася, якая яна ў прынцыпе безаабаронная, разбітая, сумбурная, недалечаная. А затым прыйшла чарга абыякавасці. У думках яна каторы раз падзякавала выпадку і Івану Барысавічу Вечку, якога раней недалюблівала і які так своечасова падвярнуўся і падставіў плячо. Цяпер яна на яго перакіне ўсё. Аддасць гэтыя лісткі з заўвагамі, і хай робіць з імі што хоча. А яна нарэшце зоймецца сабой, сваім здароўем.

Як любы нармальны чалавек, Інга баялася паліклінік. Толькі цягнуць ужо не было як. Яна сабралася з духам і пайшла да доктаркі. Тая выслухала сімптомы: перыядычная санлівасць, слабасць, галавакружэнні, павелічэнне вагі, ацёкі, боль у грудзях то ўзнікае, то праходзіць, – выслухала, насупілася і сказала, што ёй гэта ўсё вельмі не падабаецца, бо можа быць прыкметамі нейкага ўтварэння. Сама ўзялася рабіць ультрагукавую дыягностыку, і ў час гэтага ўсклікнула:

– О-ёй, што гэта?!

Інга была на мяжы непрытомнасці.

– Вашаму «ўтварэнню» ўжо каля 9 тыдняў! – строга, нават чамусьці сярдзіта сказала доктарка.

Інга сядзела з апушчанай галавой, як сядзяць грэшніцы на карцінах эпохі Адраджэння, глядзела ўніз, рукі бязвольна ляжалі на кушэтцы. Апамяталася толькі тады, калі доктарка назвала яе па імені. Доктарка адразу папярэдзіла, што пакуль гармоны не панізяцца да бяспечнага ўзроўню, цяжарнасць пад вялікай рызыкай. Але Інзе было не да таго. Яна выйшла з кабінета, з паліклінікі іншым чалавекам. Усё ранейшае знікала, новае запаўняла яе. Яе самую ўразіла, як імгненна адваліліся ад яе ўсе справы, асабліва кінастудыйныя, і яна пераключылася толькі на асабістае, жыццёва-будзённае, памперсна-паўзунковае, летуценна-бяздумнае калыханне дзіцячай каляскі.

Па вялікім рахунку трэба радавацца. Доўгачаканае дзіця, яно трэба было ёй кроў з носу, хаця б для таго, каб смела пазіраць у вочы залоўцы – аўстралійскай мужавай сястры, якая моцна дапякала Інгу тым, што ў брата няма спадчынніка. Аднак поруч з радасцю ішлі сум, трывога і нават страх. Не сумняваючыся, ад каго цяжарная, Інга абсалютна не ўяўляла, якімі павінны быць яе дзеянні адносна Лагуна. А да мужа? Неяк ці то жартам, ці ўсур’ёз ён сказаў: «Я заўсёды вызначу, калі мне здрадзіць жонка. Цяжарнасць – вось доказ, і не ўскосны, а самы што ні на ёсць прамы».