Выбрать главу

Маці таксама засмяялася і сказала:

– Харошы фільм. Вы такія здымаеце?

– Усялякія здымаем.

– Ты ўсё там жа? Не павысілі?

Інга з неўразуменнем уставілася на яе. Яна проста забыла, хто яна цяпер. Вылецела з галавы. Ды і сапраўды, якая розніца. Усё адно звальняцца. Не выбера ж яна замест дзіцяці вось гэта.

– Не павысілі. Пакуль усё там.

– Ох, Інга! – сказала маці і, нахіліўшыся, зашаптала горача: – Знайшла б ты палюбоўніка, вось што табе трэба. Але ты ж у нас святая. Маральная. І ў каго ўдалася? Часам мне здаецца, што ты не мая дачка.

Маці як бы пацвельвалаяе. Так было заўсёды, з маленства. Яна нібы здагадвалася пра нешта, але хацела, каб дачка сама расказала. Інгу заўсёды з малых гадоў бянтэжыла гэта… адчуванне, што яна іншая, ніколі не пакідала яе, і з роднымі яна заўсёды адчувала сябе як з чужымі: трэба было падыгрываць, смяяцца, ламаць сябе.

– Нашто ты мне кажаш гэта?

– Бо ты мне ўсё жыццё чытаеш натацыі. Дзеці больш маральныя за бацькоў – калі такое было? – сказала маці і пахвалілася раптам, прашаптала на вуха: – У мяне, у мае гады, і то кавалер аб’явіўся.

Яна пачала расказваць, як выставіла ў фэйсбуку стары здымак, чорна-белы, з іхняга даўняга школьнага паходу; падпісала год, ўказала мясціны…

– …І ўяўляеш, атрымала паведамленне ад нейкага дзівака!

Нібыта ён родам з той самай мясцовасці, быў тады хлопчыкам-падлеткам, помніць той паход, выпадкова перасекся з ім і нібыта пакрыўдзіў дзяўчынку з той вандроўкі, а потым усё жыццё мучыўся, насіў гэта ў сабе, і які шчаслівы цяпер, калі ўбачыў здымак.

– І вось пытае ў мяне, ці памятаю я яго? І ці можа ён, хоць і так запознена, выпрасіць дараванне?

– Кранальная гісторыя, – рассеяна адказала Інга. – Як бачыш, не адна я маралістка.

– Хай бы вы паставілі фільм пра гэта, – прапанавала маці.

– На жаль, я маю справу з такімі людзьмі, якія не будуць замарочвацца, пакрыўдзілі яны каго ці не. І ўжо тым больш не стануць прасіць прабачэння… І што? Ты даравала яму?

Маці сказала з усмешкай, якая павінна была азначаць, што сапраўдная гісторыя толькі пачынаецца:

– Ён памыліўся. То была не я. Я тады нават не хадзіла ў той паход. Захварэла. То была мая блізкая сяброўка і суседка па парце. Мы і праўда былі падобныя. Нас блыталі настаўнікі. Вось, паглядзі.

З выцвілага, вылінялага, з плямамі, зробленага на “мыльніцу” фота пазіралі дзве амаль аднолькавыя бялявыя дзяўчыкі, з чупрынкамі, з каснікамі, у белых гольфіках і карычневых спаднічках і чорных фартушках.

– Гэта я… А вось сяброўка.

– Праўда, падобныя.

– Але толькі знешне, не характарамі. Мяне не так лёгка было пакрыўдзіць, я сама пакрыўдзіла б любога. А вось яе – мог хто хочаш. Такая добрая, безаабаронная, любіла ўвесь свет, кожную мурашку, травінку, я зусім не разумею, як можна не палюбіць яе самую? тым больш пакрыўдзіць? Гэта як на ўсмешку ні з таго ні з сяго адказаць пляўком ці мацерным словам. Цяпер я нават прыпамінаю, што нешта пасля таго паходу яна мне расказвала, пра нейкіх мясцовых хлопчыкаў. Зрэшты, памяць мая падманлівая.

– Пачакай, дык ты не прызналася, што то не ты?

– Я, наадварот, сказала, што то я. Мне ж цікава.

– Ну, не ведаю. Прымаць на сябе адрасаваныя іншаму чужыя прабачэнні… А не прасцей было проста даць каардынаты сяброўкі.

– Яе даўно няма на свеце, – уздыхнула маці. – У яе быў цяжкі лёс. Нешчаслівая была. Ёй усё жыццё не шанцавала. Адразу пасля школы мы рассталіся… шляхі разышліся. Яна паехала некуды, здаецца, на Віцебшчыну, выйшла замуж. Нейкі час перапісваліся. У яе былі праблемы, муж раўнаваў, зводзіў са свету, мучыў, даймаў тым, што, маўляў, не ад яго дзіця. Яна перажывала, хварэла… Што з табой?

Твар у Інгі гарэў.

– Ветрам абнесла.

– Так я і не сказала яму, таму дзіваку. Не адважылася. Пашкадавала яго. Напісала, што так, то была я. Нічога не памятаю, але на ўсялякі выпадак дарую ўсё. Даўно ўсё забыла і даравала яму, ад яе імені.

Пасля кароткай паўзы – своеасаблівай хвіліны маўчання – маці спытала.

– Ну, а ты што?

– Я працую з такой публікай, якая не просіць прабачэння, – паўтарыла Інга, забыўшы, што тое самае казала зусім нядаўна. – Ім і ў галаву такое не прыйдзе.

– Ты ж не таму прыехала, каб мяне слухаць? – і параіла: – Кідай ты ўсё гэта. Занурванні свае. Праблемы так званыя. Дзе, дарэчы, ён?

Бацькам чамусьці не падабаўся зяць, і яны пры кожнай нагодзе не праміналі падкрэсліць гэта. Мо яшчэ таму не было агульнай мовы ў Інгі з імі.

– На курорце, – адказала Інга.

– І ты адна? Паслухай мяне. Табе трэба здрадзіць мужу. А што? З якім маладым…

– Я так і зраблю.