– Дзе табе!
Так Інга нічога не сказала ні маці, ні бацьку, які неўзабаве пад’ехаў, і першае, што спытаў, было: “Калі ўнукаў паняньчым?” – кожны раз ён такое пытаў, як рытуал, і кожны раз Інга адмоўчвалася.
Яна пераначавала і паехала назад. З гэтых адведак яна вынесла толькі тое, як муж не прызнаваў дзіця, даймаў, мучыў рэўнасцю жонку, пакуль не загнаў у магілу.
З яшчэ большым нецярпеннем яна пачала чакаць вяртання Міхалевіча з Лагуном. Абодвух… ці аднаго. Бо ўжо цвёрда ведала: пакуль існуе трохкутнік, нічога не вырашыцца.
30
Трохпавярховы катэдж быў за сто метраў ад мора, і па першым часе шум хваляў перашкаджаў спаць. Дзявочы вінаград абвіваў балкон і зацяняў яго сваім дробным, але густым лісцем ад дзённай спякоты. Начамі часта ішлі моцныя субтрапічныя ліўні з маланкамі і громам, страшныя тут, на Поўдні, – такіх Лагун ніколі не бачыў на радзіме. Грымела ў гарах, распорвалі неба ўздоўж і ўпоперак зігзагі маланак, тады пачынаўся дождж, і да самай раніцы буйныя кроплі гучна пляскалі па плітках дарожкі. Пасля іх храбусцелі пад нагамі, як яечныя шкарлупкі, ракавінкі смаўжоў, ці, як у Лагуна дома казалі, п’явачнікаў.
Лагун з Міхалевічам жылі тут ужо два тыдні. За гэты час крыху прытупілася вастрыня ўспрыняцця, калі ўсё вакол было новым, узбуджальным: мора пад крылом самалёта, серпанцін дарогі ад Сухума да Гаграў, па якім неслася іх таксі, пакуль не атрымала пушчаным з гары каменем у лабавое шкло (як сказаў кіроўца-абхазец, “шыпана мясцовая” забаўляецца, абстрэльваючы турыстаў); санаторый пад назвай “Акцёр”, дзе нельга было сустрэць ніводнага легендарнага ці проста вядомага кінадзеяча, а адпачывалі звычайныя людзі, у тым ліку беларускія чыноўнікі сярэдняй рукі. Спачатку Міхалевіч для экзотыкі хацеў зняць у абхазца сапраўдную саклю і ў ёй жыць. Але Лагуна цягнула да цывілізацыі: ванны, мяккіх шырокіх ложкаў, тэлевізара, камп’ютара, і ён дабіўся-такі свайго: маўляў, ніколі не жыў у гатэлях, а трэба набіраць дэталі побыту для новага сцэнарыя. Засяліліся не ў шматпавярховы галоўны корпус, а ў новы, асобна размешчаны катэдж, у трохмесны нумар з двума балконамі – на горы і на мора. Паблізу раслі пальмы, круглыя, кашлатыя, з вострымі лістамі, і бамбук – як тоўстыя вудзільны трыццаціметровай вышыні. З другогабалкона адкрывалася панарама гор – класічных, з белымі, а вечарамі і раніцамі – пунсовымі шапкамі. Снедалі і абедалі ў галоўным корпусе, у сталоўцы-рэстаране; ежа вострая, многа мяса і на гарнір – бабовыя, фасоля самых розных колераў і памераў; елі шмат, але чамусьці не наядаліся і жылі ўвесь час з адчуваннем лёгкага голаду. Ад гэтага, ды яшчэ ад паўднёвага сонца, узрастала актыўнасць, хацелася рухацца, есці, плаваць, лезці ў горы.
Паміж гарамі і морам вузкай паласой ішла дарога Гагры – Піцунда. Па адзін яе бок было мора, па другі – вялікае прэснае возера, у якім суткамі крумкалі жабы і над высачэзнымі чаратамі віселі хмары камароў. Камары былі паўсюль. Яны кусаліся на пляжы, жылі ў катэджы, на балконе ў лісці вінаграду, ад іх не было ратунку, акрамя абпырсквання сябе аэразолем.
Другім мінусам субтропікаў была вільготнасць.Калі параніць палец ці расчасаць укус камара, не зажывала днямі. Ад вільготнасці не высыхалі плаўкі і шорты, і іх сушылі па-савецку ў ванне на змеевіку. Ноччу было холадна, а ўдзень спякотна. Зверху паліла гарачае да невыноснасці сонца, вада была ледзяная, да сутаргаў, з мора налятаў сухавейны вецер, пляж – дробная, як пясок, чорная галька, гарачая, на якой Лагун у першы ж дзень за гадзіну згарэў да пасінення, да пухіроў, і некалькі дзён пасля не скідаў кашулю і джынсы. Менавіта тады яны наведалі знакамітую скалу. Лагуна трэсла, калі яны падыходзілі: і ад тэмпературы, і ад страху. Скала была не агароджаная. Калі падышлі і сталі на ёй, з бяздоннем унізе, Лагун інстынктыўна падаўся назад, ды так, што ледзь не ўпаў, і больш не падыходзіў блізка. Людзей было многа, экскурсійныя групы змянялі адна адну; мітусня, піск, смех; дзеці і дарослыя фоткаліся, сэлфіліся, стаялі і хадзілі па самым краі правалу. І раптам крык, ад якога ледзяніла душу: “Хадзем адсюль, не трэба!”
Нехта з групы спытаў у экскурсавода-абхазца:
– Няўжо ніхто не падае адсюль?
– Чаму не падаюць? – пакрыўдзіўся абхазец. – Яшчэ як падаюць. Кожны год. Пачытайце ў інтэрнэце, калі не верыце. Надта ж гэта зручна, падаць адсюль. Самы распаўсюджаны выпадак.
– А адгарадзіць не спрабавалі?
– А вы спрабавалі не думаць? Не думайце, тады не ўпадзеце. Бо калі думаеш, можна і з падножкі трамвая зваліцца, і з эскалатара ў метро.
А ўвечары Лагун у другі раз выслухаў трагічна-рамантычную гісторыю пра той даўні няшчасны выпадак на той скале, яксарваўся з яе ў бяздонне і загінуў малады рэжысёр, нібыта каханак Інгі: яна да гэтага часу сумняваецца, ці не Міхалевіч яму памог – спіхнуў.