– …Але следства ўстанавіла ўсё як ёсць. Цяпер разумееш, чаму я не хацеў, каб Інга паехала з намі?
Лагуну, які ўсё сваё невялікае жыццё думаў толькі пра сябе і ніколі пра іншых, ледзь удалося прыхаваць усмешку. Аказваецца, клапатлівы муж не ўзяў жонку, бо бярог яе нервы, не хацеў, каб непажаданыя, гнятлівыя ўспаміны накацілі на яе. Адчуў Лагун і пэўную рэўнасць, бо Інга, ён ужо лічыў, больш належала яму, чым мужу.
Час, пакуль ён быў “згарэлы”, выкарыстоўвалі на экскурсіі, паездкі і вандроўкі. Бачылі знакамітыя рэліктавыя сосны, бачылі, як на беразе мора ў цэнтры Піцунды людзі вешалі бялізну на вяроўкі, працягнутыя паміж гэтых сосен (“Так вечнае суседнічае з часовым, – рэзюмаваў Міхалевіч. – Запамінай!”); на піцундскім базары, дзе мясцовыя нават паміж сабой гаварылі не па-абхазску і не па-грузінску, а па-руску з неверагодным акцэнтам, прыкладна, як у “Каўказскай палонніцы” Гайдая, – елі харчо, лаваш, шашлык, пілі каньяк; ездзілі дарогай-серпанцінам паўз цясніны і славуты вадаспад Слёз на высакагорнае возера Рыца з яго незвычайнай прыгажосці блакітна-зялёнай вадой і на вышыні тысячы метраў над узроўнем мора сядзелі ў саклі-рэстаране перад тымі ж шашлыкамі і каньяком – гэтым заканчвалася любая экскурсія.
Усё было цудоўна, цікава, нова, і разам з тым Лагун ніяк не мог зразумець, што не так. Нарэшце здагадаўся: адзіноты не хапае. Міхалевіч быў з ім паўсюль і заўсёды. Ён, відаць, цвёрда вырашыў, што яго абавязак – зляпіць з маладога сябра сапраўдную творчую натуру. Ён нібы сабраўся перажыць разам з Лагуном і сваю маладосць, хацеў быць не толькі яго вачамі вушамі, але нават і душой. Ён вучыў, як менавіта трэба глядзець і слухаць, успрымаць і фільтраваць, адбіраць з кучы мякіны зерне.
Спачатку было цярпіма. Потым гэтае апякунства пачало прыгнятаць. Голас Міхалевіча пачаў навальвацца, душыць, даганяць, і не было ад яго ратунку. Лагун паспрабаваў пазбягаць Міхалевіча, але гэта аказалася не так лёгка: яны разам жылі, абедалі, а галоўнае, ён надзейна быў прышпілены да Міхалевіча грашамі.
А Міхалевіч усё грузіў яго нуднымі разважаннямі і рознымі падрабязнасцямі.
– …Запамінай! – спатрэбіцца. Творчаму чалавеку ўсё патрэбна.
– …Клімат унікальны: горны, марскі, лясны і лугавы…
– …Туман ружовы з гор, мора зліваецца з небам…
Дайшло да таго, што Лагун пачаў агрызацца:
– Туман як туман. Гара як гара. Што я, мора не бачыў?
На яго шчасце, Міхалевіч неяк хутка стаміўся і астыў да перамяшчэнняў. Як высветлілася, ён цяжка пераносіць акліматызацыю і ўвогуле марудна прывыкае да ўсяго чужога. Яго падтэмпературвала, ён чыхаў, кашляў, прабіваў закладзены нос кроплямі, піў таблеткі. Санаторны доктар забараніў яму купацца і загараць, дазволіў толькі сядзець, што Міхалевіч і рабіў – сядзеў у халадку, трымаючы аэразоль ад камароў у руцэ, і гаварыў. Толькі гэта яму цяпер і заставалася.
У Лагуна тым часам загоіліся плечы і ногі, злезла скура, і таму можна было загараць колькі ўлезе. Нібы назло Міхалевічу і каб не слухаць яго, ён увесь час валяўся на пляжы, упітваў у сябе сонца, разглядваў пляжных дзяўчат або проста драмаў. Твар яго загарэў, уменне чырванець цяпер было яму без патрэбы, але гэта пазбавіла яго абаяльнасці, – нібы з белай скураю ён быў чысцейшы, а цяпер загар накрыў не толькі яго скуру, а і душу. Ён зусім асмялеў і ледзь не паплаціўся за страту пільнасці. Неяк ляжаў на жываце, загараў, як яму на плячо і на спіну ўпалі халодныя кроплі. Лагун адмахнуўся, думаючы, што гэта Міхалевіч.
– Братан, ты ці не ты? Што ты тут робіш? Адпачываеш?
Лагун ускочыў, сеў, працёр вочы. Перад ім стаяў матацыкліст з базара ў Акцябрскім уласнай персонай. Той жа гопніцкі выгляд, тыя ж спартыўныя штаны з лампасамі. Пацерты, няголены, пакамечаны твар. Толькі шлем на руцэ не вісеў.
– Ты някепска ўладкаваўся. Бачу, спрацавала мая навука. Ты здольны вучань. Даў айчым грошай? Дарэчы, паступіў? У тэатральны?
Лагун не ведаў, на якое з пытанняў адказваць, таму не адказваў ні на адно. Ліхаманкава ён прыкідваў, што рабіць, як ад яго пазбавіцца.
– А я патрапіў у гісторыю, – паведаміў матацыкліст. – Прыехаў спаганяць доўг, а ў выніку сам вінен застаўся. Так атрымалася. Матацыкл забралі. Добра, што цябе сустрэў. Я табе памог некалі, цяпер ты мне памагай. Купі паесці для пачатку.
Еў ён прагна, хутка. Кавалачкам лаваша беражліва падбіраў з талеркі кетчуп з цыбуляю. Піва цякло па губах, ён здзьмухваў пену і заадно праганяў асу, якая набівалася ў кампанію. Лагун, гледзячы на яго, сам захацеў есці. Ён саромеўся матацыкліста, пазіраў па баках, ці не бачыць хто са знаёмых.