Гэта вырашыла ўсё. Падняліся новым ліфтам на сёмы паверх. Увайшлі. І тут рэжысёр, які не спадзяваўся нікога сустрэць, ад нечаканасці застыў у калідорчыку каля вушака. Бо гарэла святло, шумела вада ў ванным пакоі. Малады хлопец, высокі, няўклюдны, з жоўта-саламянай галавой, выскачыў з ванны, выцягнуўшы перад сабой мокрыя рукі, з ручніком на плячы, і хутка прашмыгнуў у пакой.
– А… гэта хто?!
– Кватарант мой, – адказаў Вечка, задаволены эфектам. – Цёзка! – паклікаў. – Ідзі сюды! Пазнаёмся.
Хлопец падышоў, выціраючы адна аб адну рукі, сарамліва, не гледзячы ў вочы, назваўся баском:
– Іван Лагун.
Рэжысёр моўчкі, даволі бесцырымонна ўставіўся ў яго. Гадоў 18-19. Даўгалыгі, па-падлеткаваму нязграбны. Лапавухі – вушы тырчаць, як у маладой рысі, толькі без кутасікаў на канцах. Хвалюецца, і таму сімпатычны гэтай сарамлівасцю, якую цяпер так рэдка пабачыш. Прыгожыя рукі, доўгія пальцы, тонкія рысы твару. Рэжысёр спытаў: адкуль родам? Хлопец адказаў: з Рудабелкі. На тым і адпусцілі яго. А самі пайшлі на кухню.
– Што, спадабаўся? – Вечка расстаўляў талеркі і чаркі. – Гэта ён і ёсць. Той чалавек, пра якога я казаў.
– Ды гэта ясна, – рэжысёр адчуваў расчараванне, лёгкую крыўду і нават зайздрасць. – Колькі ён вам плаціць? – спытаў ён.
– Ніколькі, што ты. Як можна. Лепш скажы, праўда, ёсць у ім нешта? Як ты лічыш?
– Ёсць, ёсць. Сімпатычны хлопчык. Яму б пластыку зрабіць – вушы падрэзаць, і можна ў кіно здымацца. У амплуа беднага сваяка.
– А ён і здымаўся, – сказаў Вечка, прысеўшы на табурэтку. – У масоўцы, падстрыжаны пад чырвонаармейчыка. Да іх у Рудабелку нашыя прыязджалі, кінабрыгада, і ён тры дні акопы капаў.
– Вось як?
Тут рэжысёр замоўк, задумаўся. Позірк яго застыў, як бывала, калі пачынала ў ім пульсаваць фантазія. Тым часам на стале ўзніклі выпіўка і закуска. Галодны рэжысёр пацяплеў і ўзяўся наталяць голад, толькі адскаквалі рыбныя галовы і хвасты. Дзед у гэты час расказаў пра кватаранта шчымлівую калядную гісторыю. Ён, гэты Іван Лагун, сірата. Бацька трагічна загінуў. Ёсць яшчэ маці і дзве малодшыя сястрычкі. Многа, не па-дзіцячы працаваў. Жаданне выбіцца ў людзі. Паступіў у ВНУ. Як часта бывае, пераацаніў сябе, пасля першай сесіі ледзь не вылецеў. Але пашкадавалі, пакінулі да вясны, каб там у армію. Стыпендыі не было. Уладкаваўся ў гіпермаркет – збіраць кошыкі і прадуктовыя вазкі.
– Там я яго і падабраў. Пашкадаваў гаротніка.
– Не ведаў, што такія студэнты яшчэ бываюць, – сказаў рэжысёр, аблізваючы па чарзе пальцы. Выпіўка і закуска рабілі сваю справу, ён заўважна палагоднеў. – Я думаў, яны толькі ў айфонах сядзяць і на прынтарах грошы друкуюць.
– А ён не такі, як усе. Ціхі, сціплы, добры, мяккі. Маўклівы. Несапсаваны зусім.
Парэшткі крыўды і зайздрасці зноў ажылі і заварушыліся. Рэжысёр сказаў грубавата:
– Вы дзеля гэтага мяне запрасілі? Каб расказаць, які ён харошы?
– Я запрасіў цябе, каб ты са сваім талентам, уменнем разбірацца ў людзях вызначыў, што ён за чалавек?
– Чалавек як чалавек.
– Ці падобны ён на цяперашніх аўтараў?
– Падобны, падобны. Толькі сціплы занадта. Не люблю такіх. Глядзіце, абчысціць кватэру, будзе вам.
– Не абчысціць. Хутчэй я яго абчышчу. У духоўным плане.
– Гэта як?
– Я мала ведаю цяперашніх маладых. І раз ужо ён у мяне жыве тут, хачу скарыстацца сітуацыяй, паназіраць за ім. Мо прыдасца.
– А казалі, ваша песенька спета, – нагадаў рэжысёр.
Тут стары раптам зноў, як і ў рэстаране, азірнуўся і перайшоў на шэпт.
– У мяне іншая задумка. Калі пісаць, дык пісаць; разыграць сцэнар не на паперы, не ў кампутары, а непасрэдна ў жыцці. Без кінакамер, акцёраў, аператараў, рэжысёраў, без усіх пасярэднікаў…
– Не разумею.
– Я хачу яму купіць латарэю. Выпісаць пуцёўку ў жыццё, фільм такі быў. А там як атрымаецца.
– Хто б мне выпісаў якую пуцёўку, – уздыхнуў рэжысёр. – Жартую.
– Я адным стрэлам двух, нават трох зайцаў хачу забіць, – горача шаптаў Вечка.
– І не скажаце мне? Не давяраеце.
– А ты будзеш маўчаць?
– Вы ж мяне ведаеце.
– Таму і пытаю, бо ведаю. Ну, добра. Слухай. Памятаеш дзяўчынку, якую я некалі пакрыўдзіў?
– Памятаю.
– Памятаеш, я казаў, што прыкуты да студыі нябачнымі ланцугамі? Дык вось, тая дзяўчынка, цяпер яна, канечне, бабуля, а не дзяўчынка, гэта маці нашай Інгі.
– Памятаю, – па інерцыі кіўнуў рэжысёр, але адразу ж схамянуўся. – Як? Нашай Інгі?! Яравой-Міхалевіч? Каторая галоўны рэдактар?
– Яе. Яны і знешне падобныя. Інга копія яе.
– А-а! – засмяяўся рэжысёр. – Я зразумеў. Вы зноў разыгрываеце мяне. Як з кватарантам разыгралі. Больш не куплюся.